Сёння мы публікуем другую частку велікапосных анлайн-рэкалекцый «Праз цемру да святла». Разважанні падзелены на сем частак і публікуюцца па панядзелках для духоўных практыкаванняў на працягу тыдня.
Сёлетнія разважанні для анлайн-рэкалекцый на сайце Sacred Space («Прастора малітвы») падрыхтавала вядомая пісьменніца Маргарэт Сілф, якая піша аб ігнацыянскай духоўнасці.
Частка 2. Збалансаванае жыццё
- Уваход у малітву
Пачакайце крыху, не рухайцеся, мы пачынаем малітву.
Звярніце ўвагу на сваё дыханне, не змяняйце яго рытм. Сканцэнтруйцеся на тым, як удыхаеце… І выдыхаеце… Лавіце рытм… Глыбіню…
Адчуйце, як паветра ўваходзіць у вашыя рот ці нос і выходзіць з іх… Зрабіце тры глыбокія ўдыхі і выдыхі…
- Божае слова
Езус сказаў ім у адказ:
«Настала гадзіна, каб быў услаўлены Сын Чалавечы. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён.
Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго, а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця.
Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой. І хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой.
Ян 12, 23–26
- Разважанне
Гэта выказванне Езуса, здаецца, гучыць недарэчна. Яно супярэчыць усім нашым інстынктам, а таксама сучасным псіхалагічным уяўленням: «ненавідзець сваю душу на гэтым свеце», не кажучы ўжо пра абяцанне, што, калі мы дастаткова моцна зненавідзім сваю душу (фактычна, жыццё), зможам захаваць яе назаўсёды.
Аднак гэта дзіўнае папярэджанне ў сённяшнім чытанні насамрэч з’яўляецца магутным ключом да таямніцы таго, што ігнацыянская духоўнасць называе непрывязанасцю.
Слова «непрывязанасць» можа здавацца нам свайго роду адасобленай абыякавасцю да астатняга свету і патрэб іншых людзей. Аднак з пункту гледжання духоўнасці, яно азначае практычна супрацьлеглае. Напэўна, лепш тлумачыць яе як мастацтва быць у раўнавазе з усім тым, што адбываецца навокал, каб не быць збітымі са шляху ні перамогай, ані катастрофай, але быць здольнымі, па словах Рэд’ярда Кіплінга, «ставіцца да гэтых двух самазванцаў аднолькава», не дазваляючы ім захапіць нашу свядомасць.
Калі ёсць штосьці (або хтосьці), што мы альбо празмерна жадаем займець, альбо празмерна жадаем пазбегнуць, то такая прыхільнасць пазбаўляе нас унутранай свабоды, таму мы можам трапіць у няволю. Бог заклікае нас рабіць выбар, які не абумоўлены ні надзеяй на прыбытак, ані страхам страты, а зыходзіць з самай глыбокай часткі нашага сэрца, дзе прабывае Бог.
Сакрэт заключаецца ў тым, каб ставіцца з дастатковай лёгкасцю да ўсіх створаных рэчаў і абставінаў, каб яны не спакушалі нас зрабіць выбар насуперак нашым самым глыбокім каштоўнасцям. Гаворка ідзе пра тое, каб з удзячнасцю атрымліваць асалоду ад гэтых дароў, пакуль яны ў нас ёсць, але не падаць духам, калі мы іх страцім.
Трэба, каб нішто на зямлі не мела сілы падарваць нашу духоўную раўнавагу.
Ініга засвоіў гэты ўрок нялёгкім шляхам, праз горкі вопыт уласнай ранімасці і імпульсіўнасці і часам нават праз адчай. Мы не самотныя, калі ідзем па гэтай скалістай дарозе.
Гэтае чытанне таксама мае вырашальнае значэнне для нашага шляху да перамянення, асабліва прыгажосцю вобразу насення, якое падае ў зямлю і памірае для таго, каб магло з’явіцца новае жыццё, што ў ім хаваецца. Мы ўсе ведаем са свету прыроды, што менавіта так жыццё абнаўляе сябе, але значна цяжэй прыняць тое, што штосьці ў нас саміх, у нашым грамадстве або сусветным парадку таксама павінна памерці, калі мы хочам быць свабоднымі і перайсці да наступнага этапу нашага падарожжа. Каб дазволіць гэтаму працэсу адбыцца, ад нас патрабуецца прыбраць сваю ўласніцкую ўладу над гэтымі рэчамі ў дастатковай ступені, каб дазволіць ім памерці, калі прыйдзе час.
Падчас нашага жыцця нам давядзецца многае страціць, у тым ліку, цалкам магчыма, сродкі да існавання, здароўе, мабільнасць, прафесійныя навыкі, фінансавую бяспеку, незалежнасць і, нарэшце, само біялагічнае жыццё.
Станавіцца непрывязанымі — гэта працэс, пастаянная задача.
Езус папярэджвае нас пра гэта, але таксама вучыць нас прымаць гэты працэс і суправаджае нас праз яго, перажываючы столькі чалавечых страт ва ўласным зямным жыцці.
- Размова з Богам
Паглядзіце на ўласнае жыццё на гэтым тыдні. Ці ёсць што-небудзь, за што вы занадта моцна чапляецеся або адчуваеце, што не маглі б жыць без гэтага? Што-небудзь, чаго вы жадаеце дасягнуць любым коштам? Што-небудзь, з чым вы баіцеся сутыкнуцца настолькі, што робіце ўсё магчымае, каб пазбегнуць гэтага?
Заклік да непрывязанасці запрашае вас расслабіцца і абстрагавацца ад любой зямной мэты, якая хоча ўзяць пад кантроль вашу свядомасць.
Проста атрымлівайце асалоду ад свабоды і рабіце свае жыццёвыя выбары, абапіраючыся на ўнутраную раўнавагу.
Часам добрае можа быць ворагам лепшага. Ці ёсць нейкі аспект вашага жыцця, які, хоць і можа быць прыемным, павінен быць прыбраны з яго, каб адкрыць магчымасць для з’яўлення чагосьці лепшага?
Досвед сусветнага крызісу пазбаўляе ўсіх нас многіх ранейшых даброт. Ці ж гэта не час, калі чалавечае «пшанічнае зерне» падае ў зямлю і памірае? Ці можаце вы паверыць, што гэтая «смерць» з’яўляецца неабходнай перадумовай для з’яўлення новага жыцця? Ці можа тое, што мы разглядаем як пагрозу нашаму дабрабыту, стаць шляхам да нашага лепшага дабрабыту? Якія вашыя ўласныя надзеі на тое, як можа выглядаць паляпшэнне дабрабыту чалавека?
Апошняя частка сённяшняга чытання — гэта вельмі ясная інструкцыя: служыць і наследаваць. Працягваючы падарожжа ў час посту, мы даведаемся больш пра тое, што значыць служыць Богу і адзін аднаму, а таксама ісці за Езусам, каб прайсці шлях любові.
Звярніце ўвагу на тое, што Езус неаднаразова просіць нас ісці за Ім: не пакланяцца, а наследаваць Яго; не проста гаварыць, але ісці па шляху любові.
Што гэты заклік значыць для вас асабіста?
Запішыце ў дзённік ўсё, чаму вы навучыліся падчас малітвы на гэтым тыдні; усё, за што вы можаце трымацца, ці чаго вы баіцеся; усё, што, як вы адчуваеце, стала зернем, якое памерла і трапіла ў зямлю. Мы можам на гэтым тыдні маліцца аб ласцы прызнання нашай уразлівасці, усведамляючы, што зерне нас былых можа трапіць у зямлю і памерці, каб даць пачатак росту нам будучым, пераўтвораным.
Працяг 8 сакавіка