Пошук

06.04.2021 10:10   Пераклад і адаптацыя: Ігар Цярэшчанка / Catholic.by
З’яўленне Уваскрослага на беразе Тыберыядскага возера. Мастак Джэймс Цісо / pravmir.ru

Сёння мы публікуем заключную частку велікапосных анлайн-рэкалекцый «Праз цемру да святла». Разважанні падзелены на сем частак і публікаваліся па панядзелках для духоўных практыкаванняў на працягу тыдня.

Сёлетнія разважанні для анлайн-рэкалекцый на сайце Sacred Space («Прастора малітвы») падрыхтавала вядомая пісьменніца Маргарэт Сілф, якая піша аб ігнацыянскай духоўнасці.

Частка 7: Світае новы дзень

  • Уваход у малітву

У пачатку малітвы спыніцеся на некалькі хвілін, засяродзьце сваю ўвагу на дыханні. Адчуйце яго рытм.

Удыхаючы, дазвольце слову «любоў» прайці рэхам па целе, усведамляючы, што Бог такім чынам удыхае любоў у вашае існаванне. Выдыхаючы, адчуйце рэха слова «дзякуй».

Затрымайце дыханне на некалькі кароткіх імгненняў, дайце словам «любоў» і «дзякуй» напоўніць вас і рэхам адбіцца ў розуме і сэрцы.

  • Божае слова

Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус.

Сказаў ім Езус: «Дзеці, ці маеце што з’есці?» Яны адказалі Яму: «Не».

А Ён сказаў ім: «Закіньце сетку з правага боку чоўна і знойдзеце». Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы.

Тады вучань, якога любіў Езус, сказаў Пятру:

«Гэта Пан!» Калі Сымон Пётр пачуў, што гэта Пан, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора. А іншыя вучні прыплылі на чоўне, бо недалёка былі ад берага, локцяў каля двухсот, цягнучы сетку з рыбай. Калі ж выйшлі на бераг, убачылі распаленае вогнішча, а на ім пакладзеную рыбу і хлеб.

Езус сказаў ім: «Прынясіце рыбы, што цяпер налавілі». Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто пяцьдзясят тры. І хоць іх было столькі, сетка не парвалася.

Сказаў ім Езус: «Хадзіце ж, снедайце». Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Пан.

Ян 21, 4–12

  • Разважанне

Вучні адчуваюць вялікі боль. Сябра, які павінен быў уратаваць свет, жорстка пакараны смерцю, а яны самі — вядомыя многім Яго паплечнікі. У адчаі яны вярнуліся туды, дзе ўсё пачалося, вярнуліся да лоўлі рыбы, аднак нічога не злавілі. Нават возера адлюстроўвае хворую пустку іх сэрцаў.

Аднак цемра Вялікай пятніцы і магільная пустка вось-вось саступяць месца новаму світанню і нечаканай паўнаце. Яны заўважаюць незнаёмага чалавека на беразе.

Такая дзіўная асаблівасць амаль усіх аб’яўленняў Уваскрослага: людзі не пазнаюць Яго.

У рыбацкім чоўне той смутнай раніцай толькі адзін чалавек пазнае Езуса — вучань, «якога любіў Езус». Гэта сведчыць аб тым, што мы распазнаем прысутнасць Уваскрослага вачыма любові, і, расплюшчыўшы гэтыя ўнутраныя вочы, мы знойдзем прыкметы ўваскрасення вакол нас.

Ініга вядзе нас да цуду ўваскрасення на апошнім этапе сваіх Духоўных практыкаванняў. Ён запрашае нас малітоўна прысутнічаць у аб’яўленнях Уваскрослага Хрыста і разважаць аб значэнні ўваскрасення для нашай штодзённасці.

Зноў наш практычны спадарожнік імкнецца, каб мы ўбачылі ўваскрасенне не проста як гістарычную падзею, у якую мы верым, але як пастаянную дынамічную рэальнасць, якая кліча нас і дазваляе нам жыць напоўніцу і на самай справе адраджацца пасля траўмы мінулага.

Раней у нашым велікапосным падарожжы «човен» нашага жыцця быў спушчаны на ваду, калі Езус увайшоў у яго і папрасіў адплысці на глыбіню. Цяпер, калі мы набліжаемся да канца гэтага падарожжа, Ён выказвае яшчэ адно нечаканае запрашэнне — закінуць сетку на другі бок чоўна. З пункту гледжання чалавечай логікі ў гэтым мала сэнсу. Калі на адным баку няма рыбы, адкуль яна возьмецца на другім баку ды яшчэ ў такой вялізнай колькасці? Але вучні робяць так, як Ён прапануе.

Магчыма, гэты заклік Езуса, над якім мы разважаем у нашай сённяшняй малітве, запрашае нас зірнуць на жыццё з кардынальна іншай перспектывы. Магчыма, тое, што мы лічым каменем перашкоды, насамрэч з’яўляецца прыступкай. Магчыма, асоба, якая дастаўляе нам найбольш клопатаў, — гэта пясчынка у нашай ракавінцы, якая можа стаць пярлінай. Магчыма, гэта заахвочванне штосьці змяніць у духоўным жыцці, выйсці па-за абмежаванні сваёй звыклай малітвы?

Сённяшняе чытанне абяцае, што час расчаравання і безвыходнасці амаль скончыўся.

Пераўтварэнне, якое адбылося ў магіле, выпраменьвае новую энергію, здольную перамяніць наш свет. Таксама гэта абяцанне таго, што перамена можа адбыцца ў нашым перажыванні цемры, расчаравання і смерці нашых мараў, але ў той жа час нам трэба змяніць спосаб бачання і закінуць сеткі з іншага боку чоўна. За апошні год мы прыстасаваліся да пэўнага ўспрымання рэчаіснасці. Цяпер Бог просіць нас змяніць таксама і нашыя сэрцы, стварыць іншае заўтра, паўстаць лепшымі пасля ўсяго таго, чаму нас навучыла пандэмія.

Вось Незнаёмец, якога мы ўжо ведаем, але якога няпроста пазнаць, смажыць рыбу і хлеб на беразе. Ці мы гатовыя пайсці да Яго на снеданнне?

  • Размова з Богам

Вакол нас мноства знакаў уваскрасення — у дабрыні незнаёмых людзей, у вернасці тых, хто клапоціцца пра хворых і самотных, у харчовай дапамозе бедным і самаадданасці валанцёраў, у цярплівасці настаўнікаў, у простай і шчырай радасці дзіцяці, у ціхай мудрасці састарэлага сябра, у змене пор года, праз якія наша параненая зямля працягвае даваць нам усё, што нам неабходна… Усімі гэтымі і многімі іншымі спосабамі мы сустракаем сілу ўваскрасення і дух Уваскрослага Хрыста.

Дзе вы сустрэлі «Незнаёмца на беразе» на гэтым тыдні?

Што для вас значыць «закінуць сетку з іншага боку чоўна»? Ці ёсць у вашым жыцці якія-небудзь праблемы, сітуацыі альбо адносіны, якія, на вашу думку, Бог просіць вас убачыць з іншага пункту гледжання? Паспрабуйце паднесці люстэрка малітвы да гэтага пытання і паглядзець, як яно можа выглядаць з іншага боку вашага сэрца.

Час паміж Вялікай пятніцай і Велікоднай нядзеляй можа здавацца пустым, але менавіта ў гэтай пустой прасторы адбываецца цуд пераўтварэння і вызваляецца новая энергія, падобная на матылька з кукалкі. Паспрабуйце свядома вынесці кожную пустку вашага жыцця на святло Святога Духа.

Гэтыя месцы — гэта вашы ўласныя Вялікія суботы, дзе пачынаецца пераўтварэнне.

Запішыце ў сваім дзённіку любыя моманты гэтага тыдня, калі вы ўбачылі сілу ўваскрасення. Углядаючыся ў люстэрка малітвы, паспрабуйце выказаць тое, што бачыце, словамі альбо вобразамі, малюнкамі. Асабліва звярніце ўвагу на ўсё, што вас здзівіць альбо не будзе адпавядаць вашым чаканням.

На гэтым тыдні мы можам папрасіць аб ласцы ўбачыць нашы абставіны вачыма любові, распазнаць святло ўваскрасення, якое ўжо зараджаецца ў нашым жыцці і нашым свеце, набрацца мужнасці перайсці на другі бок чоўна і быць адкрытымі для Божых сюрпрызаў там, дзе мы іх менш за ўсё чакаем.

Заканчэнне 11 красавіка.

Абноўлена 10.04.2021 23:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа