Пошук

15.03.2021 16:16   Пераклад і адаптацыя: Ігар Цярэшчанка / Catholic.by
Езус аздараўляе сляпога / Рinterest

Сёння мы публікуем чацвертую частку велікапосных анлайн-рэкалекцый «Праз цемру да святла». Разважанні падзелены на сем частак і публікуюцца па панядзелках для духоўных практыкаванняў на працягу тыдня.

Сёлетнія разважанні для анлайн-рэкалекцый на сайце Sacred Space («Прастора малітвы») падрыхтавала вядомая пісьменніца Маргарэт Сілф, якая піша аб ігнацыянскай духоўнасці.

Частка 4: Вочы, каб убачыць; вушы, каб пачуць

  • Уваход у малітву

Прысвяціце крыху часу таму, каб супакоіцца, каб падрыхтавацца да чарговага этапу нашых рэкалекцый.

Ці вы сядзіце, ці займаеце іншую позу, давайце зробім сканаванне цела… Звярніце ўвагу на вашыя ступні на падлозе; на тое, што яны адчуваюць… На ногі, да якіх дакранаецца адзенне… І на крэсла, якое вас падтрымлівае… Ваша ніжняя частка спіны… Верхняя частка спіны… Плечы…

Пакуль вы гэта робіце, звярніце ўвагу на напружанне, якое вы несяце, і паспрабуйце хоць крыху яго скінуць…

Ваша шыя… Галава… Твар… Мы часта носім напружанне на твары, таму паспрабуйце расслабіцца, калі яно ёсць… Лоб… Зона вакол вачэй… Сківіца… Рот…

Не думайце зашмат пра тое, каб расслабіцца, бо не зможаце гэтага зрабіць!

Зрэшты, пачынаем у такім стане, у якім вы ёсць цяпер…

  • Божае слова

І, падышоўшы, вучні сказалі Яму: «Навошта Ты гаворыш ім у прыпавесцях?»

А Ён адказаў ім: «Таму што вам дадзена пазнаць таямніцы Валадарства Нябеснага, а ім не дадзена. Бо хто мае, таму дадзена будзе, і атрымае ўдосталь, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае. Таму Я гавару ім у прыпавесцях, бо яны глядзяць, а не бачаць, слухаюць, а не чуюць і не разумеюць.

На іх спаўняецца прароцтва Ісаі, якое кажа:

„Слухаць будзеце, і не зразумееце,
і вачыма глядзець будзеце, і не ўбачыце.


Бо абрасло тукам сэрца народа гэтага,
і вушамі з цяжкасцю чуюць,
і вочы свае заплюшчылі,
каб не ўбачыць вачыма,
і не пачуць вушамі,
і не зразумець сэрцам, і не навярнуцца,
каб Я вылечыў іх“».

Мц 13, 10–15

  • Разважанне

Мы жывем у век інфармацыйнай перагрузкі. Адным з сумных пабочных эфектаў гэтага з’яўляецца тое, што мы павінны быць вельмі свядомымі ў тым, на што звяртаем увагу. Асабліва гэта датычыцца бамбавання паведамленнямі, якія пастаянна патрабуюць нашай увагі. Папрок Езуса, безумоўна, можа адносіцца і да нас у гэты час.

Тым не менш, сённяшняе чытанне таксама абяцае: «Я вылечу іх».

У сучасным свеце сапраўды неабходна «выключацца» ад многага, што транслюецца ў сродках масавай інфармацыі, сацыяльных сетках і нават у некаторых асабістых узаемадзеяннях. Шмат што з таго, што круціцца вакол каналаў камунікацыі, у лепшым выпадку не мае дачынення да справы ці носіць негатыўны характар, а ў горшым — зусім не адпавядае рэчаіснасці або напоўнена нянавісцю. Мы павінны адфільтраваць яе, інакш яна можа затапіць нашу свядомасць і паўплываць на выбар у дзеяннях. У выніку, цалкам магчыма, што нашыя сэрцы сталі цвёрдымі, вочы — невідушчымі, а вушы — глухімі.

Аднак наш спадарожнік Ініга — вельмі практычны паломнік, які заўсёды здольны звязаць духоўнае бачанне з паўсядзённымі праблемамі. Ён мае духоўны інструментарый, які змяшчае ў сабе неацэнную дапамогу для шліфавання нашага ўспрымання, факусавання ўнутранага бачання, вызвалення ўнутраных вушэй і адкрыцця сэрцаў на тое, што сапраўды важна.

Гэты інструмент — духоўнае распазнаванне, ключавы элемент ігнацыянскай духоўнасці.

Выкарыстанне гэтай прылады патрабуе практыкі (прычым, у ідэале, штодзённай) і малітвы з аглядам дня, каб заўважыць, што мы насамрэч бачым, чуем і перажываем у нашым паўсядзённым жыцці, як мы рэагуем на гэта.

Практыка распазнавання прымушае нас бачыць тое, што часта ўтоена, і чуць тое, што не сказана ўслых, што хаваецца ў струмені інфармацыі, які пагражае нам перапаўненнем. Сакрэт наладжвання на гэта больш глыбокае слуханне і больш ясны зрок заключаецца ў тым, каб выпрацаваць звычку на некаторы час кожны дзень знаходзіцца ў цішыні, просячы аб ласцы мець вушы, якія па-сапраўднаму слухаюць, і вочы, якія бачаць свет скрозь «прызму» сэрца.

Як бы вы маглі падсілкоўваць звычку да бязмоўя і рэфлексійных разважанняў на гэтым тыдні?

У мастацтве распазнавання вельмі важна тое, на чым засяроджана наша ўвага.

Тое, на чым мы факусуемся, сілкуючы яго сваёй энергіяй і ўвагай, будзе расці. Тое, што мы адмаўляемся падсілкоўваць, забіраючы ў яго энергію і ўвагу, будзе памяншацца. Таму ўзнікае простае пытанне: «Якія аспекты нашага жыцця і нашага свету мы хочам гадаваць і ўмацоўваць?»

Мы можам дапамагчы гэтаму, сілкуючы іх сваёй сфакусаванай увагай. Якія аспекты нас саміх і нашага свету мы хацелі б паменшыць? Мы робім гэта, пазбаўляючы іх нашай энергіі і ўвагі. Можна сказаць, што мы «даем кісларод» пэўным пытанням або людзям. Калі мы даем кісларод таму, што дае жыццё, яно расце і квітнее. Калі мы даем кісларод таму, што з’яўляецца негатыўным і разбуральным, гэта падсілкоўвае полымя падзелу і нянавісці, як лясны пажар.

  • Размова з Богам

Валадарства Нябеснае ў чалавечым жыцці крыху падобнае да расліны: калі хочам, каб яно вырасла ў «штосьці лепшае», да чаго мы імкнемся, павінны карміць яго і з любоўю ўсведамляць, у чым яно мае патрэбу.

Або яно падобнае да дзіцяці. Каб развіць ягоны патэнцыял у поўнай меры, мы павінны карміць яго ўнутраную сутнасць, прыслухоўваючыся да таго, што для яго важна, і сілкуючы яго любоўю і ўвагай. Мы не кормім нашыя хатнія расліны таксічнымі адкідамі, ані нашых дзяцей — нянавісцю і плёткамі. Мы дапамагаем ім расці, клапоцячыся пра іх і з кожным днём усё больш наладжваючыся на тое, што ім сапраўды трэба.

Як вы будзеце падсілкоўваць Валадарства Нябеснае на гэтым тыдні? Як вы дапаможаце яму расці? Як вы будзеце пазбягаць рабіць ці казаць штосьці, што можа яму нашкодзіць або яго паменшыць?

Што асабліва прыцягнула вашу ўвагу і энергію на гэтым тыдні? Адкрыла вам вочы на нешта важнае? Магчыма, самотнасць ці душэўны боль суседа; надзённыя патрэбы чалавека, чыя сродкі на існаванне былі знішчаныя пандэміяй; ціхая мудрасць старых, да якой вы раней не паспелі прыслухацца?

Што вы чулі на гэтым тыдні на фоне мітусні і гоману супярэчлівых навін? Ці чулі ціхі крык бяздомных, якія жывуць на нашых вуліцах, або напоўненыя пакутамі ўздыхі знясіленых медыцынскіх работнікаў, або маўклівы адчай тых, хто жыве ў галечы ці страху — адчай, які часта выяўляецца мовай гневу і лютасці?

Запішыце ў дзённік ўсё, пра што даведаліся на гэтым тыдні, каб гэта дапамагло вам зрабіць больш мудры выбар і зрабіць свой унёсак у здзяйсненне Божай мары для чалавецтва.

Бог жадае вылечыць нас ад унутранай слепаты і глухаты.

Ці адважваемся мы прасіць аб ласцы на гэты тыдзень, каб Бог адкрыў нашыя вочы, нашыя вушы і нашыя сэрцы, каб мы маглі ўбачыць і пачуць? Каб мы маглі зрабіць асабісты выбар, які дапаможа Валадарству расці, а чалавецтву стаць найлепшым, якім яно толькі можа быць?

Працяг 22 сакавіка

Абноўлена 23.03.2021 07:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа