Пошук

29.03.2021 17:17   Пераклад і адаптацыя: Ігар Цярэшчанка / Catholic.by
«Укрыжуй Яго!» Мастак Іван Глазуноў / gallerix.ru

Сёння мы публікуем шостую частку велікапосных анлайн-рэкалекцый «Праз цемру да святла». Разважанні падзелены на сем частак і публікуюцца па панядзелках для духоўных практыкаванняў на працягу тыдня.

Сёлетнія разважанні для анлайн-рэкалекцый на сайце Sacred Space («Прастора малітвы») падрыхтавала вядомая пісьменніца Маргарэт Сілф, якая піша аб ігнацыянскай духоўнасці.

Частка 6: Падарожжа праз цемру

  • Уваход у малітву

Паспрабуйце знайсці супакой, прыступаючы да чарговой сесіі нашых рэкалекцый…

Перш, чым пачаць малітву, звярніце ўвагу на свае думкі… Няхай кожная прыходзячая думка пройдзе міма… Сканцэнтруйцеся на тым, што адчуваеце ў гэты момант…

Ці можаце назваць гэтыя адчуванні? Ці можаце вызначыць, дзе ў целе яны знаходзяцца? Звярніце ўвагу, як адчуваеце сябе сёння… У расслабленым ці ў напружаным стане? Вам халодна ці цёпла? Стаміліся або бадзёрыя? Як сябе адчувае ваша цела?

Як бы там ні было, няхай Бог глядзіць на вас з любоўю і прысутнічае побач…

  • Божае слова

На свята намеснік меў звычай адпускаць паводле жадання натоўпу аднаго вязня. Быў тады ў іх адзін вязень, званы Бараба. І вось, калі яны сабраліся, сказаў ім Пілат: «Каго хочаце, каб я выпусціў вам, Барабу ці Езуса, званага Хрыстом?» Ён ведаў, што ад зайздрасці выдалі Яго.

А калі ён сядзеў на судовым месцы, жонка ягоная паслала сказаць яму: «Не рабі нічога гэтаму Справядліваму, бо я сёння ў сне шмат цярпела за Яго». Але першасвятары і старэйшыны падбухторылі натоўп, каб прасілі за Барабу, а Езуса аддалі на смерць.

Адказваючы, намеснік сказаў ім: «Каго з гэтых двух хочаце, каб я адпусціў вам?» Яны сказалі: «Барабу!» Пілат сказаў ім: «А што мне рабіць з Езусам, якога завуць Хрыстом?» Усе закрычэлі:

«Няхай будзе ўкрыжаваны!»

Ён жа сказаў: «Што дрэннага зрабіў Ён?» Але яны яшчэ мацней крычалі: «Няхай будзе ўкрыжаваны!» Пілат, убачыўшы, што нічога не дапамагае, а абурэнне ўзрастае, узяў ваду і абмыў рукі перад натоўпам, кажучы: «Невінаваты я ў гэтай крыві. Глядзіце самі!» І ўвесь народ адказаў: «Кроў Яго на нас і на дзецях нашых».

Тады адпусціў ім Барабу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне.

Мц 27, 15–25

  • Разважанне

Калі праходзім побач з Езусам праз падзеі Вялікага Тыдня, можам прыйсці да самых розных адкрыццяў пра сябе, удзельнікаў гэтай касмічнай драмы. Ініга запрашае нас з малітвай ўваходзіць у гэтыя падзеі на гэтым этапе духоўных практыкаванняў, заўважаючы, якія аспекты закранаюць штосьці ў нашым уласным жыцці і сэрцы, і прасіць аб дары ўмення пачуць тое, што Бог кажа нам асабіста.

Іронія гісторыі заключаецца ў тым, што зыход гэтага знамянальнага тыдня, відаць, знаходзіцца ў руках баязлівага і нерашучага чалавека, які, тым не менш, валодае велізарнай свецкай уладай.

Калі справа даходзіць да лёсавызначальнага рашэння аб тым, што рабіць з Езусам, выбар належыць Пілату як намесніку правінцыі. Мы бачым, як ён змагаецца са сваім сумленнем. Ён ведае, што Езус невінаваты. Ён ведае, што патрабаванне забіць Езуса прадыктавана зайздрасцю і ўяўнай пагрозай, якую Ён нібыта прадстаўляе для афіцыйнай улады. І, што самае важнае, Пілат быў папярэджаны сваёй жонкай не мець нічога агульнага з гэтым амаральным учынкам, а яна, у сваю чаргу, атрымала такое папярэджанне ў сне.

Усе мы сутыкаемся ў жыцці з маральнымі дылемамі. Часам выбар, які мы робім, можа пашкодзіць дабрабыту іншага чалавека ці нават яго жыццю, паўплываць на будучыню цэлай супольнасці. У глыбіні душы мы таксама можам ведаць, які шлях правільны, але ёсць шмат рэчаў, якія могуць прымусіць нас адмовіцца ад маральнай адказнасці.

Пілат баіцца справакаваць бунт і абрынуць на насельніцтва ўсю моц Рыма. Магчыма, нам не пагражае бунт, затое мы можам пазбягаць засмучэння нашых сяброў або сям’і, суседзяў або калег па працы.

У многіх з нас можа быць страх канфрантацыі і схільнасць у любой канфліктнай сітуацыі ісці па лініі найменшага супраціву.

Але ў Пілата ёсць і іншая крыніца для выбару дзеянняў — сон яго жонкі. Што гэты сон можа расказаць нам сёння?

Магчыма, вы захочаце ўключыць гэта ў малітву і папрасіць аб ласцы распазнання тых больш глыбокіх патокаў, якія падштурхоўвалі б ваша сэрца дзейнічаць справядліва.

Гаворка неабавязкова ідзе пры сны.

Гаворка ідзе пра тое, каб заўважаць тыя моманты, якія накіроўваюць нас да крыніцы праўды ў цэнтры нашага быцця, але гэтыя падказкі вельмі лёгка ігнараваць, калі мы сутыкаемся з шумным натоўпам страхаў і няўпэўненасці, выкліканых ціскам непасрэдных абставін.

Мы памятаем, як Пілат спытаўся ў Езуса: «Што такое праўда?» Цяпер ён павінен вырашыць, што з’яўляецца праўдай: падказкі з глыбокага сну ці патрабаванні натоўпу. Ён ведае, што Езус невінаваты. Аднак натоўп, даведзены да шаленства, пераканаў сябе, што віна Езуса — гэта праўда. «Альтэрнатыўныя факты», відаць, былі настолькі ж жывымі і дзейснымі дзве тысячы гадоў таму, як і ў наш час, прычым падсілкоўваліся тымі ж самымі нізкімі матывамі страху і зайздрасці, якімі свядома маніпулявалі першасвятары і старэйшыны.

Хто гэтыя «першасвятары і старэйшыны» ў наш час? Хто фармуе меркаванні? Як яны маніпулююць нашым выбарам? Ці мы будзем выбіраць наш будучы курс (як асабіста, так і калектыўна) пад уздзеяннем таемных прапагандыстаў і троляў з сацыяльных сетак, ці пад кіраўніцтвам Святога Духа?

Нарэшце, Пілат умывае рукі. Ён адмаўляецца ад сваёй адказнасці. Ён кідае праўду на вецер, і яна выносіцца прэч з трагічнымі наступствамі.

Ці мы таксама адчуваем спакусу адмовіцца ад сваёй асабістай адказнасці за тое, у якім кірунку пойдзе свет у будучыні? Ці думаем, што ўсё роўна нічога не можам змяніць?

Езус ніколі не быў так відавочна бездапаможны, як у падзеях Вялікага тыдня, стоячы безабаронным супраць сіл зла — і ў той жа час гэта быў момант Яго найбольшай моцы!

  • Размова з Богам

Прыўнясіце ў малітву любыя канкрэтныя маральныя дылемы, з якімі вы сутыкаецеся. Ці ведаеце вы ў глыбіні душы, які курс лепш за ўсё адлюстроўвае праўду, якую вы ўжо ведаеце ў сваім сэрцы? Ці ёсць штосьці, што перашкаджае праўдзе і спакушае вас выбраць лінію найменшага супраціву?

Часам мы ўсведамляем, што голас «натоўпу» — натоўпу нашых страхаў і няўпэўненасці або, напрыклад, натоўпу ціску з боку аднагодкаў — значна гучней і мацней, чым ціхі голас праўды ў нашых сэрцах.

Якога голасу вы сапраўды хочаце прытрымлівацца? Ці можаце прасіць ласкі мець мужнасць ісці за сваімі глыбокімі перакананнямі ў выбары, які стаіць перад вамі?

Наколькі вы ўсведамляеце спосаб дзеяння падступных зламысных пераканальнікаў нашага часу, якія наўмысна маніпулююць нашым выбарам як чалавечай сям’і для сваіх уласных мэтаў і для ўмацавання сваёй уласнай улады? Гэтыя агенты ўплыву пераследуюць мэту падарваць нашыя пошукі і наша пакліканне развівацца ў кірунку таго лепшага, чым мы можам быць, гэтак жа, як яны спрабавалі падарваць місію любові і адкуплення Езуса.

Ці жадаеце прасіць ласкі распазнання гэтых агентаў, каб супрацьстаяць ім?

Запішыце ў дзённіку, якім чынам вы пазнаеце сябе ў рэакцыі Пілата або ў любой іншай частцы апавядання аб Вялікім тыдні. Як вы думаеце, чаму вас гэта вучыць?

Будзем усе разам прасіць ласкі распазнання Божага голасу праўды і супрацьстаяння ўсім злосным фэйкам, якія штодня атачаюць нас.

Працяг 6 красавіка.

Абноўлена 06.04.2021 14:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа