Пошук

22.03.2021 16:16   Пераклад і адаптацыя: Ігар Цярэшчанка / Catholic.by
Уваскрашэнне Лазара / Рinterest

Сёння мы публікуем пятую частку велікапосных анлайн-рэкалекцый «Праз цемру да святла». Разважанні падзелены на сем частак і публікуюцца па панядзелках для духоўных практыкаванняў на працягу тыдня.

Сёлетнія разважанні для анлайн-рэкалекцый на сайце Sacred Space («Прастора малітвы») падрыхтавала вядомая пісьменніца Маргарэт Сілф, якая піша аб ігнацыянскай духоўнасці.

Частка 5: Са смерці нараджаецца новаё жыццё

  • Уваход у малітву

Паспрабуйце расслабіцца, прыступаючы да чарговой сесіі рэкалекцый…

Калі вы адзін ці адна і ў вас ёсць магчымасць устаць, давайце паспрабуем зрабіць што-небудзь з целам… Калі знаходзіцеся ў грамадскім месцы або на вуліцы, рабіце прынамсі маленькія рухі ці нават толькі ўявіце, што робіце іх…

Так, уставайце… Няхай ваша спіна выпрастаецца, удыхніце… Дыхайце нармальна…

Якая пастава найлепш выказвае тое, што вы адчуваеце сёння? Прыміце гэтую позу…

Дазвольце Богу глядзець на вас і размаўляць з вамі так, як Ён хоча…

Заставайцеся у такім стане… Як Бог хоча, каб вы рухаліся? Дазвольце гэтаму здарыцца… Няхай Бог яшчэ трохі паглядзіць на вас…

І вярніцеся ў сваё крэсла.

  • Божае слова

Прыйшоўшы, Езус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле. Бэтанія была блізка ад Ерузалема, каля пятнаццаці стадыяў. Многія з юдэяў прыйшлі да Марты і Марыі, каб суцешыць іх у смутку па браце.

Езус жа, зноў глыбока ўзрушаны, ідзе да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй. Сказаў Езус: «Адсуньце камень!» Сястра памерлага, Марта, кажа Яму: «Пане, ужо смярдзіць, бо чацвёрты дзень, як памёр!» Езус сказаў ёй:

«Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?» Тады адсунулі камень.

А Езус узняў вочы ўгару і сказаў: «Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне». І, сказаўшы гэта, крыкнуў моцным голасам: «Лазар, выйдзі вонкі!»

І выйшаў памерлы з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Кажа ім Езус: «Развяжыце яго і дазвольце яму хадзіць».

Ян 11, 17–19. 38–44

  • Разважанне

Падарожнічаючы праз Вялікі Пост, мы набліжаемся да часу мукі і смерці Езуса, які прадвяшчаюць падзеі ў Бэтаніі, апісаныя ў сённяшнім чытанні.

Езус і яго сябры накіроўваліся ў Ерузалем на свята Пасхі, калі іх падарожжа было перапынена ганцом, які прынёс вестку пра тое, што Лазар, дарагі сябар Езуса, цяжка хворы. Звярніце ўвагу на прамежак часу паміж атрыманнем Езусам гэтай весткі і фактычным прыбыццём у Бэтанію: у гэты час Езус загадкава абяцае, што гэта хвароба не скончыцца смерцю, але адкрые вялікую славу Божую. Але, калі ён прыбывае ў Бэтанію, Лазар ужо чатыры дні, як памёр і пахаваны.

Калі вы калісьці пачнеце рабіць ігнацыянскія духоўныя практыкаванні, то Ініга  запросіць вас (праз таго, хто будзе вас суправаджаць) правесці некаторы час «у магіле».

Гэта будзе дзень або некалькі дзён, праведзеных проста ў поўнай пакінутасці перад Богам і ў гатоўнасці чакаць у цемры.

Ініга ведаў гэты досвед пустэчы ва уласным жыцці, а таксама адкрыў для сябе, што новыя рэчы растуць у цемры і што магіла падобная да кукалкі, унутры якой знаходзіцца патэнцыял для пераўтварэння.

Падзеі, якія ідуць далей, перамяжоўваюцца трыма магутнымі загадамі Езуса: першым — сястры Лазара Марце, другім — самому Лазару і трэцім — усім прысутным у натоўпе. Ці з’яўляюцца яны таксама загадамі і для нас?

Спачатку Езус кажа збянтэжанай Марце «адсунуць камень», што адсылае да цудоўнага моманту, калі праз некалькі дзён камень, які закрые яго ўласную магілу, будзе адсунуты. Яна пратэстуе. Гэта здаецца немагчымым, але Езус настойвае.

Якія нерухомыя камяні засланяюць нам шлях у будучыню, якую мы прагнем пабудаваць для сябе, для нашай зямлі і ўсіх яе стварэнняў?

Пасля таго, як камень быў прыбраны, Езус звяртаецца да Лазара з загадам «выйсці».

Можа, Езус кліча нас з уласнай магілы ці палону? Што трымае нас ўнутрана паралізаванымі і перашкаджае нам прыняць паўнату жыцця, якую прапануе Бог?

І, нарэшце, Езус загадвае прысутным «развязаць яго». Лазар шчыльна захінуты ў саван. Пакуль ён не вызваліцца ад гэтага цяжару, ён нікуды не пойдзе. Бог просіць нас дапамагчы «развязаць» адзін аднаго, дапамагчы адзін аднаму ў вызваленні, да якога мы ўсе імкнемся. Ніхто з нас не можа быць вызвалены ўласнымі намаганнямі. Мы маем патрэбу ў Богу і маем патрэбу адно ў адным.

У нямецкай мове слова «развязаць» перадаецца як entbinden, што надае гэтай камандзе дадатковы сэнс. Entbinden па-нямецку пераважна значыць «нараджаць». У родах патрэбныя павітухі. Саван смерці — заслона для новага жыцця.

Можа, нас просяць быць «павітухамі» адзін для аднаго, каб павольна і пакутліва нараджалася тая паўната, для якой мы створаны?

Мы запрошаныя дапамагчы нараджэнню чагосьці лепшага на нашай планеце Зямля.

  • Размова з Богам

Для многіх людзей будучыня заблакавана «нерухомымі камянямі».

Такія «камяні», як беднасць, эксплуатацыя, сучаснае рабства, забабоны, узброеныя канфлікты і ўсе віды несправядлівасці, прыводзяць да маргіналізацыі тых, хто нямоглы і не мае права голасу, каб расказаць іншым пра свой стан.

Гэта вельмі вялікія валуны. Ніхто з нас не можа зрушыць іх з месца сваімі сіламі, але кожны з нас можа дадаць уласную сілу да агульнага высілку. На гэтым тыдні паразважайце над любымі камянямі, якія вы бачыце ў навакольным свеце, і спытайцеся ў сябе, ці можаце штосьці зрабіць разам з іншымі, каб пачаць рухаць іх.

Падумайце пра рознага кшталту «магілы», або зняволенні, у якіх вы самі, магчыма, жывяце. Што перашкаджае вам пакінуць уяўную бяспеку вашай «магілы» і рызыкнуць выйсці да яркага світання — новага пачатку? Што можа азначаць асабіста для вас загад Езуса «выйсці»?

Паўсюль вакол вас новае жыццё імкнецца нарадзіцца, але для яго патрэбна павітуха, каб развязаць саван, які скоўвае рух. Ці ёсць хтосьці, каму патрэбна ваша дапамога, каб вызваліцца? Можа, хтосьці, каго трэба вызваліць ад паралізуючых страхаў? Чалавек, голас якога трэба пачуць, бо ён занадта доўга маўчаў і больш не хоча гаварыць? Што значыць для вас загад Езуса «развязаць»?

Запішыце ў дзённіку ўласны досвед «прабывання ў магіле»; пра камяні, якія, магчыма, ўтрымліваюць вас у магіле; напішыце адказ на заклік «выйсці». Паспрабуйце выказаць словамі або малюнкамі тое, што «звязвае».

На гэтым тыдні духоўных практыкаванняў Ініга запрашае нас прайсці разам з Езусам праз пакуты і смерць.

Гісторыя Лазара прымушае нас усвядоміць, чаго патрабуе ад нас любоў, калі мы разам падарожнічаем скрозь цемру. Хвароба Лазара не заканчваецца смерцю. Гэта прадвеснік новага жыцця.

Няхай на гэтым тыдні ў нас будзе ласка даверыцца гэтаму абяцанню і атрымаць мужнасць здзейсніць гэтае падарожжа разам з Езусам і адно з адным.

Працяг 29 сакавіка

Абноўлена 29.03.2021 16:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця