Пошук

08.04.2020 10:01   Тэкст: А. Пол Нікалсан SI / Пераклад: Ганна Шакель / Catholic.by
Хрыстус і святы Міна — «Абраз сяброўства». Копцкая ікона VI–VII ст. / Рinterest.com

Сёння партал Catholic.by разам з сайтам «Прастора малітвы» запрашае завяршыць духоўныя практыкаванні, якія падчас Вялікага посту правёў для нас брытанскі езуіт айцец Пол Нікалсан SI.

Падрыхтоўка да малітвы

Абраз Езуса Хрыста з манастыра святой Кацярыны на гары Сінай — адна з найстаражытнейшых выяваў Збаўцы (VI–VII ст.) / Аleteia.org

У сваёй кнізе «Духоўныя практыкаванні» святы Ігнацый Лаёла дае нямала падказак, як лепш распачынаць час малітвы. Сярод іншага ён раіць адну даволі простую рэч: «Паразважай над тым, як Бог наш Пан глядзіць на цябе».

  • Якая вашая першая рэакцыя на гэтую прапанову?

У Евангеллі ёсць шэраг месцаў, дзе гаворыцца аб тым, што Езус важка глядзеў на людзей, нібы выпрабоўваў іх. Але Ягоны позірк заўсёды поўны спачування, а не суровага асуджэння.

Гэта і меў на ўвазе святы Ігнацый, калі запрашаў уявіць сябе ў вачах Бога.

Паспрабуйце так зрабіць. Прынамсі на кароткі момант, тут і цяпер, усвядомце, што Бог глядзіць на вас.

Чытанне з Паслання апостала Паўла да Рымлянаў

Хрост Пана. Мазаіка купала т.зв. «Арыянскага баптыстэрыя» ў Равэне. Канец V ст. / Wikipedia.org

Ці ж не ведаеце, што ўсе мы, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную ахрысціліся? Дык вось, праз хрост мы пахаваныя разам з Ім у смерць, каб, як Хрыстус уваскрос дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці. Бо калі мы паяднаныя з Ім падабенствам смерці Ягонай, то павінны быць паяднаныя і падабенствам уваскрасення, ведаючы, што былы наш чалавек укрыжаваны з Ім для таго, каб было знішчана грэшнае цела, каб нам не быць ужо нявольнікамі граху; бо той, хто памёр, вызваліўся ад граху.

Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім, ведаючы, што Хрыстус, які ўваскрос, ужо не памірае, смерць ужо не мае над Ім улады.

Бо тое, што Ён памёр, дык памёр раз і назаўсёды для граху, а што жыве, дык жыве для Бога. Так і вы лічыце сябе мёртвымі для граху, а жывымі для Бога ў Хрысце Езусе.

(Рым 6, 3–11)

Разважанне

Сцэна хросту. Вітраж з капэлы Сэнт-Шапэль у Парыжы, ХІІ ст. / Wikipedia.org

Рэкалекцыі падыходзяць да свайго завяршэння, і мы рухаемся праз Вялікі тыдзень да Вялікадня. Традыцыйна ў гэты час хрысцілі навернутых дарослых.

Дзейства было хвалюючым. Навернутых распраналі, зануралі ў ваду з галавой і, калі яны выходзілі, надзявалі на іх белы строй, які сімвалізаваў новае жыццё, якое яны цяпер падзялялі з Хрыстом.

Ніхто з прысутных ніколі не забудзе падабенства хросту з апусканнем у магілу разам з памерлым Хрыстом і паўстаннем з Ім да новага жыцця.

  • Што азначае асабіста для вас «новае жыццё», атрыманае падчас вашага хросту?

Павел кажа, што мы «паміраем для граху». Гэта нядрэнны вобраз для «пакліканых святых». Але, як мы памятаем, раней у Пасланні ён шчыра прызнаўся, што мае некаторыя грахі.

  • Як вы разумееце сябе «памерлым для граху»?

Размова з Панам

Езус Добры Пастыр. Мазаіка з маўзалея Галы Плацыдыі ў Равэне, V ст. / Wikipedia.org

Найважнейшае, што Павел называе нас «жывымі для Бога ў Езусе Хрысце». Вось дзе цяпер знаходзіцца цэнтр нашага жыцця. Калісьці грэх меў апошняе слова і здаваўся непазбежным. Цяпер вы свабодныя і можаце засяродзіць сваё жыццё на Богу і на ўсіх добрых рэчах, якіх Ён хоча для вас — цяпер і навекі.

  • Як вы адчуваеце гэтую свабоду?
  • Як хацелі б яе выкарыстаць?

Увесь Велікодны перыяд запрашае святкаваць гэтую свабоду, якую Бог падараваў нам у Хрысце.

Вялікі хрысціянскі пісьменнік Клайв Стэйплз Льюіс параўноўвае яе з вырашальнай перамогай вызваленчых сіл у акупаванай краіне. Яшчэ ёсць сутычкі і зоны супраціву ворага, але Божая перамога бясспрэчная, і гэта толькі пытанне часу, калі яна будзе прызнаная ўсімі.

А пакуль што мы — тыя, хто на баку Вызваліцеля, — можам дапамагчы іншым ацаніць новаатрыманую свабоду.

  • Паразважайце над гэтым пэўны час, каб вобраз вызвалення закрануў ваш розум і сэрца.

На завяршэнне рэкалекцый

Укрыжаванне. Мініяцюра з сірыйскага «Евангелля Рабулы», VI ст. / Wikipedia.org

Напрыканцы добра азірнуцца на пройдзены шлях і адзначыць, што з гэтых рэкалекцый засталося з намі, што было карысным і над чым варта задумацца ў будучыні.

  • Напачатку падбярыце тры словы, якімі б вы ахарактарызавалі для сябе сёлетнія рэкалекцыі.
  • Вылучыце з усіх сямі разважанняў словы ці вобразы, якія найбольш закранулі вас.

Шмат духоўнай карысці можа прынесці вяртанне менавіта ў такія асабістыя моманты, каб перажыць іх яшчэ раз і глыбей, адзначаючы тое новае, што Святы Дух жадае адкрыць вам.

Позірк у будучыню

Фрагмент абраза Збаўцы. Мастак Феафан Грэк, XV ст. / Рereprava.org

Дзякуючы ўдзелу ў рэкалекцыях штосьці ў вашай душы пачало змяняцца, хоць вы можаце не адчуваць гэтага. Бог ідзе насустрач вашым інтэнцыям і часта дае нават больш, чым чалавек спадзяецца атрымаць.

  • Адзначце як мага больш Яго дароў і знакаў Яго прысутнасці падчас гэтага Вялікага посту і падзякуйце Яму.
  • Цяпер паглядзіце наперад на некалькі дзён, тыдняў, месяцаў.

Магчыма, рэкалекцыі падказалі вам некаторыя справы, якія варта зрабіць, сферы жыцця, якія патрабуюць не толькі Божай дапамогі, але і вашага дзейснага і неадкладнага ўдзелу?

Пагаварыце з Богам аб усім, што вам адкрываецца.

Заканчэнне

Уваскрасенне (фрагмент). Мастак П’еро дэлла Франчэска, XV ст. / Рinterest.com

Пасланне, якое апостал Павел напісаў тым, каго спадзяваўся ўбачыць сваімі сябрамі, калі наведае Рым, заканчваецца даксалогіяй — кароткай малітвай хвалы і падзякі.

Давайце на заканчэнне рэкалекцый прыслухаемся да яе і на працягу некалькіх наступных хвілін паразважаем у цішыні, каб словы Апостала народаў сталі таксама і нашай малітвай:

Таму, хто можа ўмацаваць вас паводле майго дабравесця і прапаведавання Езуса Хрыста, паводле аб’яўлення таямніцы, якую замоўчвалі вякамі, але якая выявілася цяпер праз прароцкія пісанні паводле наказу адвечнага Бога, якая абвешчана ўсім народам дзеля паслухмянасці веры, адзінаму мудраму Богу, праз Езуса Хрыста, хвала навекі. Амэн.

(Рым 16, 25–27)

Абноўлена 08.04.2020 11:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.