Пошук

06.03.2020 17:03   Тэкст: Пол Нікалсан SI / Пераклад і адаптацыя: Вадзім Мікуліч / Catholic.by
Абрагам на малітве / christian.by

Партал Catholic.by разам з сайтам «Прастора малітвы» запрашае працягнуць духоўныя практыкаванні, якія падчас Вялікага посту вядзе для нас брытанскі езуіт айцец Пол Нікалсан SI.

Падрыхтоўка да малітвы

Ілюстрацыйная выява / pinterest.com

Сёння, каб знайсці ўнутраны спакой, засяродзімся на дыханні. Нагадаем, што не варта прыкладаць намаганні, каб змяніць глыбіню або рытм дыхання. Усё, што неабходна — звярнуць увагу. Адзначайце, як вы ўдыхаеце і выдыхаеце паветра, як яно ледзь адчувальна напаўняе лёгкія, а затым вяртаецца ў атмасферу. Проста, спакойна і трывала сачыце за звычайным працэсам дыхання адну-дзве хвіліны.

На габрэйскай мове словы «дыханне» і «дух» (Святы Дух таксама) супадаюць па гучанні — руах.

Таму ўявіце сабе, як вы дыхаеце Духам Божым і дазваляеце Яму напаўняць вас сваім цяплом і святлом.

Няхай дыханне ціха працягваецца далей, адыходзячы на задні план, але ўвага няхай застанецца з Духам, які жыве ў вашым сэрцы. Адпачывайце пэўны час у гэтым месцы спакою і цішыні. Цяпер скіруйце ўсю ўвагу на слова Божае, якое прыходзіць да вас праз пасланне апостала Паўла.

Чытанне з паслання апостала Паўла да Рымлянаў

Божае абяцанне Абрагаму / dribbble.com

Ён [Абрагам] насуперак надзеі паверыў з надзеяй, што стане айцом многіх народаў, паводле сказанага: «Такім будзе патомства тваё». І не аслаб у веры, хоць лічыў сваё амаль стогадовае цела ўжо змярцвелым і ўлонне Сары мёртвым.

Не засумняваўся ў абяцанні Божым, але ўмацаваўся ў веры, аддаючы хвалу Богу і будучы цалкам упэўненым, што Бог мае моц выканаць абяцанае.

Таму гэта і залічана яму як справядлівасць.

Не толькі дзеля яго аднаго напісана, што залічана яму, але таксама дзеля нас, бо залічыцца і нам, якія вераць у таго, хто ўваскрасіў з мёртвых Езуса, Пана нашага, які быў выдадзены за правіны нашыя і ўваскрос дзеля нашага апраўдання.

(Рым 4, 18–25)

Разважанне

Абрагам і Сарра / credo.pro

  • У сваім пасланні Касцёлу ў Рыме апостал Павел запрашае нас адказаць, што значыць верыць у Бога. У якасці прыкладу ён прыводзіць Абрагама, патрыярха Старога Запавету.
    У старасці Абрагам быў запрошаны Богам пакінуць свой дом і край і выправіцца ў невядомым кірунку, маючы толькі абяцанне, што ён стане айцом многіх народаў. Але Абрагам, як і яго жонка Сара, былі ўжо занадта старымі, каб нарадзіць дзіця.
    Падумайце, як бы вы паставіліся да такога запрашэння, калі б апынуліся на месцы Абрагама ці Сары?
  • Абрагам, як мы ведаем, усё ж паверыў Богу, што Ён выканае свае абяцанні, якімі б немагчымымі і неверагоднымі яны ні здаваліся.

    Ці можаце ўявіць сабе, што ў вас атрымаецца таксама цалкам давяраць Богу?
    Ці быў у вашым жыцці час, калі вам давялося даверыцца Богу, нягледзячы на тое, што выйсце са складанага становішча здавалася амаль немагчымым?
  • Калі ў вас быў такі час, дайце вашай памяці нанава перажыць яго. Што дапамагло вам? І што дало магчымасць паверыць Богу «насуперак надзеі»?

Размова з Панам

Бог наведвае Абрагама. Мастак Арэнт дэ Гелдэр / statenvertaling.net

  • Апостал Павел параўноўвае веру Абрагама з верай тых, хто давярае Богу ў сваім штодзённым жыцці.
    Здаецца, калі Езуса пакаралі смерцю рымляне і Яго жыццё на зямлі скончылася, Яго вучні павінны былі згубіць усялякую надзею. Тым не менш, Евангелле кажа нам, што, калі Езус паўстаў з мёртвых, Бог даў новае жыццё і нашай надзеі.
  • Як сам факт уваскрасення Хрыста ўплывае на вашую веру ў тое, што Бог можа зрабіць асабіста для вас сёння і ў будучыні?
  • Мы як «пакліканыя святыя» з’яднаныя верай ва ўсё тое, што Бог зрабіў і працягвае рабіць праз жыццё свайго Сына Езуса Хрыста.

    Мы верым, што Пан і цяпер жыве сярод нас і штодня ўплывае на нашае жыццё.
    Прысвяціце некалькі хвілін размове з Езусам і пачуйце, што Ён здзяйсняе менавіта для вас у цяперашні час.
  • Завяршыць сённяшнюю малітву можна сваімі словамі або просьбай вучняў: «Пане, дадай нам веры».

Заканчэнне

Ілюстрацыйная выява / cerkov.ru

Няхай Бог надзеі напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы праз моц Духа Святога ўзбагаціліся надзеяй. Амэн.

Працяг будзе.

Абноўлена 06.03.2020 23:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа