Пошук

28.02.2020 18:04   Тэкст: Пол Нікалсан SI / Пераклад і адаптацыя: Айцец Віктар Жук SI / Catholic.by
Езус абмывае ногі Пятру. Мастак Форд Мэдакс Браўн / wikipedia.org

Партал Catholic.by разам з сайтам «Прастора малітвы» запрашае на духоўныя практыкаванні, якія падчас Вялікага посту вядзе для нас брытанскі езуіт айцец Пол Нікалсан SI.

Падрыхтоўка да малітвы

Ілюстрацыйнае фота: shutterstock.com

На пачатку кожнага малітоўнага разважання вельмі карысна затрымацца на адну-дзве хвіліны, каб супакоіцца, суцішыцца і ўнутрана сабрацца. Існуе шмат спосабаў зрабіць гэта, і, магчыма, вы ўжо знайшлі той, які адпавядае вам найлепшым чынам. Тым не менш, запрашаем сёння звярнуць увагу на фізічныя адчуванні свайго цела.

Не мае значэння, якую паставу вы выбралі для малітвы: адчуйце спачатку, як абутак дакранаецца да ног, свае ступні на зямлі, а потым рухайцеся паволі ўгору па целе ажно да валасоў на галаве. Коратка адзначайце для сябе, што вы адчуваеце ў асобнай частцы цела, і пераходзьце да іншай.

Ад галавы вярніце ўвагу да ног і прайдзіцеся яшчэ раз знізу ўгору.

У найбольш ціхім і спакойным месцы, якое вы адчуеце ўнутры сябе, затрымайцеся даўжэй.

З гэтага месца спакою вы можаце цяпер паслухаць, як Павел пачынае сваё пасланне да хрысціянаў Рыма.

Чытанне з паслання апостала Паўла да Рымлянаў

Святы Пвел / sgutterstock

Павел, слуга Езуса Хрыста, пакліканы апостал, выбраны дзеля абвяшчэння Евангелля Бога, якое перад гэтым было абяцана праз Яго прарокаў у святых Пісаннях, пра Ягонага Сына, які целам паходзіў з роду Давіда і адкрыўся як Божы Сын у моцы, паводле Духа святасці, праз уваскрасенне з мёртвых, пра Езуса Хрыста, Пана нашага, праз якога мы атрымалі ласку і апостальства, каб у імя Ягонае зрабіць паслухмянымі веры ўсе народы, сярод якіх і вы, пакліканыя Езусам Хрыстом.

Усім, хто знаходзіцца ў Рыме, умілаваным Бога, пакліканым святым: ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста.

(Рым 1, 1–7)

Разважанне

Ілюстрацыйная выява: pinterest.com

Павел успрымае самога сябе як «слугу Езуса Хрыста». Ці такое акрэсленне вы б хацелі прыкласці і да сябе? Калі так, што яно магло б змяніць у жыцці?

Калі не, то паспрабуйце акрэсліць, як бы вы ахарактарызавалі свае адносіны з Езусам. Хто Ён для вас? Сябар або хтосьці неабыякавы, ці насцярожаны назіральнік?

Як сваімі словамі вы можаце апісаць сваё стаўленне да Езуса?

Павел усведамляе сябе тым, каму дадзена заданне, мэта жыцця: ён павінен абвяшчаць Евангелле Езуса Хрыста. Калі Павел пісаў свой ліст, чатыры вядомыя нам Евангеллі — паводле Мацвея, Марка, Лукі і Яна — яшчэ не былі складзеныя. Гаворачы пра абвяшчэнне Добрай Навіны, Павел мае на ўвазе жаданне распавядаць сваім адрасатам пра Езуса, з якім ён сустрэўся ў сваім жыцці.

Калі б вас папрасілі «распаўсюджваць Евангелле» праз лісты, чым у першую чаргу вы хацелі б падзяліцца? Якім ёсць той Езус, якога вы пазналі?

Размова з Панам

Ілюстрацыйная выява: freepngimg.com

Павел піша «ўсім, хто знаходзіцца ў Рыме, умілаваным Богам, пакліканым святым». Замест Рыма (калі вы не з Рыма, канешне), устаўце ў гэтую фразу назву вашага роднага горада.

«Усім умілаваным Бога ў Мінску, Гродне, Магілёве, Віцебску (ці дзе заўгодна), пакліканым быць святымі». Якое ўражанне ствараецца ад такога звароту?

У канцы рамана Грэма Грына «Сіла і слава» ёсць сцэна, дзе святар, які жыў не зусім святым жыццём, неўзабаве будзе расстраляны ворагамі Касцёла. У чаканні смерці ён з тугой разважае, як лёгка было б стаць святым, прыклаўшы крыху больш намаганняў і крыху больш ахвярнасці. Большасць з нас, напэўна, думае пра святасць як пра нешта зусім недасягальнае для «простых смяротных». Тым не менш, святы Павел лічыць усіх тых, да каго піша, пакліканымі быць святымі.

Пагаварыце некалькі хвілін з Езусам, з Богам аб тым, як адгукаецца ў вашым сэрцы гэты заклік.

Напрыканцы засяродзьцеся на адным пункце з сённяшняй малітвы, які вы хочаце ўзяць з сабой: усведамленне, адчуванне ці жаданне нешта зрабіць. Застаньцеся з гэтым на хвіліну, перад тым як завяршыць гэты час малітвы.

Заканчэнне

Ілюстрацыйная выява: pinterest.com

Няхай Бог надзеі напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы ўзбагаціліся надзеяй праз моц Духа Святога. Амэн.

Працяг будзе.

Абноўлена 06.03.2020 18:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця