Пошук

26.02.2020 11:11   Тэкст: Пол Нікалсан SI / Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by
Святы Павел прапаведуе ў Афінах. Мастак Рафаэль / wikipedia.org

Сёння, 26 лютага, распачынаецца Вялікі пост, і партал Catholic.by разам з сайтам «Прастора малітвы» запрашае на духоўныя практыкаванні, якія падчас сёлетняга перыяду пакаяння і навяртання правядзе для нас брытанскі езуіт айцец Пол Нікалсан SI.

Уводзіны

Вітаем на велікапосных рэкалекцыях, якія запрашаюць нас пакінуць на некаторы час вір падзей, паглядзець на сваё жыццё з пэўнай дыстанцыі, падвесці вынікі і паразважаць, што можна палепшыць.

Пол Нікалсан SI / jesuit.org.uk

Бог заўсёды працуе ў нас, далікатна кліча да размовы, і наша задача — прысвяціць Яму час і ўвагу, услухацца ў Яго пасланне.

У малітве мы стаім перад Богам такімі, якія ёсць, і прыносім Яму нашае жыццё ва ўсім яго бязладдзі, з усімі радасцямі і цярпеннямі.

Святы Ігнацый Лаёла нагадвае нам, што Бог прысутны ў нашых найглыбейшых жаданнях. Каб іх пачуць, нам неабходна стварыць умовы для ўнутранай цішыні, адступіць прынамсі «на крок» ад штодзённай мітусні і прыслухацца больш уважліва.

Можна параўнаць гэта з басейнам. Калі вада ў ім узбаламучаная, скрозь яе не відаць дна. Калі ж яна супакоіцца, стане больш-менш нерухомай, можна зазірнуць у глыбіню. Так і нам патрэбная цішыня, спакойнае месца і час.

Ілюстрацыйная выява: pinterest.com

Сёлетнія велікапосныя рэкалекцыі засяродзяць нашую ўвагу на Пасланні апостала Паўла да Рымлянаў.

У пэўны момант, прыкладна праз 25 гадоў пасля смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста, Павел вырашыў скіравацца ў Рым. Ён лічыў неабходным зрабіць гэты горад своеасаблівай «базай» для каардынавання дзейнасці ў заходнім Міжземнамор’і — новай тэрыторыі для яго — а потым, магчыма, нават дасягнуць Іспаніі, якая знаходзілася на самым краі вядомага на той час свету. Перад тым як выправіцца, ён напісаў ліст тым хрысціянам, якія ўжо былі ў Рыме. Ён хацеў прадставіць самога сябе і даць ім уяўленне аб сваім спосабе абвяшчэння Евангелля. Над гэтым пасланнем мы і будзем разважаць.

Галоўная тэма рэкалекцый, вынесеная ў назву, адпавядае звароту апостала Паўла да хрысціянаў, якім ён піша, называючы іх «пакліканымі святымі».

Павел не з’яўляецца летуценным аптымістам, які бачыць рэчаіснасць скрозь ружовыя акуляры. Менавіта праз сваё пасланне ён намагаецца выправіць тое, што лічыць наступствамі недахопу разумення і памылковымі практыкамі першых касцёльных супольнасцяў у Рыме. Тым не менш, ён дае іх унутраным вачам сузіраць высокі ідэал. Яны ўжо цяпер — «пакліканыя святыя»: пакліканыя Богам, чыю Добрую Навіну Павел абвяшчае. І калі Бог паклікаў іх да гэтага, то Ён таксама павінен даць усё патрэбнае для адказу на Яго заклік.

Апостал Павел. Малюнак Арцёма Бязменава / foma.ru

Павел параўноўвае веру Абрагама з верай тых, хто давярае Богу ў Хрысце і праз Хрыста. Па праўдзе, жыццё Езуса на зямлі скончылася раптоўнай смерцю ад рук рымлянаў. Сітуацыя з Яго вучнямі выглядала зусім безнадзейнай на той час. І ўсё ж Евангелле кажа нам, што, уваскрасіўшы Езуса з мёртвых, Бог уносіць новае жыццё ў гэтую немагчымую сітуацыю.

А як уплывае факт Хрыстовага ўваскрасення на вашую веру ў тое, што Бог можа ўчыніць для вас?

Мы, «пакліканыя святыя», з’яднаныя верай ва ўсё, што Бог зрабіў і працягвае рабіць праз жыццё Свайго Сына.

Мы верым, што Езус жыве сярод нас і суправаджае штодня, фармуючы нашае жыццё. Гаварыце з Ім, слухайце, стараючыся заўважаць Яго прысутнасць ва ўсім, што адбываецца. Калі вы палічыце гэта адпаведным для сябе, можаце завяршыць сваю малітву паўтарэннем слоў, з якімі некаторыя людзі звярталіся да Езуса ў Евангеллі: «Пане, дадай нам веры».

Хрыстус і багаты юнак. Мастак Андрэй Міронаў / artnow.ru

Прапануем вам таксама пару пытанняў, над якімі варта падумаць на парозе рэкалекцый.

  • Па-першае, узгадайце найлепшых людзей, якія былі або ёсць у вашым жыцці. Чаму вы лічыце іх такімі? Якое дабро ў іх заўважаеце? Ці бачыце на іх прыкладзе, што азначае быць «пакліканымі святымі», як піша святы Павел?
  • Па-другое, падумайце і пра сябе. Вылучыце адзін аспект жыцця, сваёй асабовасці, дзе вы б хацелі стаць лепшым. Якой дапамогі вы патрабуеце ад Бога, каб пачаць рух у гэтым кірунку?

Малітва аб патрэбнай ласцы — выдатны спосаб распачаць нашае духоўнае падарожжа са святым Паўлам.

Ілюстрацыйная выява: iStockphoto

Працяг будзе.

Абноўлена 26.02.2020 12:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.