Пошук

13.03.2020 17:17   Тэкст: Тэкст: Пол Нікалсан SI / Пераклад: Дыякан Яўген Амасёнак / Catholic.by
Якуб бораецца з Анёлам (фрагмент). Мастак Гюстаў Дарэ / foma.ru

Партал Catholic.by разам з сайтам «Прастора малітвы» запрашае працягнуць духоўныя практыкаванні, якія падчас Вялікага посту вядзе для нас брытанскі езуіт айцец Пол Нікалсан SI.

Падрыхтоўка да малітвы

На пачатку сённяшняй малітвы звярніце ўвагу на розныя гукі вакол вас. Нават у вельмі ціхім месцы, напэўна, будзе нешта, што можна пачуць. Вакол вас — несупынны шум, гукі штодзённага жыцця. Адзначайце па чарзе, адкуль паходзіць кожны з іх.

Цяпер на некалькі імгненняў сканцэнтруйцеся толькі на гуках у непасрэднай блізкасці да вас, у сваім пакоі. Адпусціце іншыя: яны ўсё адно застануцца фонам малітвы.

Потым пакіньце і бліжэйшыя гукі: няхай яны таксама адступяць на другі план па меры таго, як вы скіруеце ўвагу ўнутр. Знайдзіце ціхае месца ў сабе і хвіліну-другую проста адпачніце там у спакоі свайго сэрца.

Паслухайце ў гэтай цішыні Божае слова, якое прамаўляецца ў той час, калі гучыць фрагмент апостальскага паслання вучням Хрыста ў Рыме.

Чытанне з паслання апостала Паўла да Рымлянаў

Сатана перад Богам. Мастак Карадо Джаквінта / freechristimages.org

Ведаем, што Закон — духоўны, а я — цялесны, падлеглы граху. Я не разумею, што раблю, бо не тое раблю, што хачу, але тое раблю, што ненавіджу. Калі ж я раблю тое, чаго не хачу, то прызнаю, што Закон добры.

Цяпер ужо не я раблю тое, але грэх, які жыве ўва мне. Ведаю, што не жыве ўва мне, гэта значыць, у маім целе, добрае. Бо жаданне ёсць ува мне, але зрабіць добрае не знаходжу як! Дабро, якое хачу, не раблю, а зло, якога не хачу, раблю. Калі ж раблю не тое, што хачу, ужо не я раблю гэта, але грэх, што жыве ўва мне. Тады я заўважаю, што, калі хачу рабіць дабро, ляжыць перада мною зло.

Паводле духоўнага чалавека, знаходжу задавальненне ў Законе Божым, але ў маіх членах бачу іншы закон, што змагаецца з законам майго розуму і робіць мяне нявольнікам закону граху, які ў маіх членах. Няшчасны я чалавек! Хто вызваліць мяне ад гэтага цела смерці?

Дзякую Богу праз Езуса Хрыста, нашага Пана! Значыць я сам розумам служу Закону Божаму, а целам — закону граху.

(Рым 7, 14–25)

Разважанне

Спакуса святога Антонія (фрагмент цэнтральнай часткі трыптыху). Мастак Геранім Босх / arts-dnevnik.ru

У біяграфіях шматлікіх святых можна заўважыць пэўную асаблівасць, якая на першы погляд можа здавацца нам дзіўнай, а менавіта, пастаяннае і вострае пачуццё ўласнай грэшнасці.

Некаторыя са святых сапраўды здзейснілі тое, за што сёння маглі б трапіць у вязніцу. Жыццё іншых святых адрозніваецца такім ашаламляльным кантрастам, што біёграфу вельмі цяжка было стрымаць сваё захапленне той пераменай, якая адбылася ў адносінах гэтых людзей з Богам.

Аднак часта менавіта ўсведамленне бясконцай Божай дабрыні і міласэрнасці прыводзіла іх да зразумення таго, наколькі мізэрны іх жыццёвы адказ на гэтую любоў.

Як сёння гучыць мой адказ на Божую любоў?

Святы Павел добра разумее, што, будучы нявольнікам граху, робіць не тое, што хоча, а тое, што ненавідзіць і лічыць злом. Знаёмая сітуацыя?

Размова з Панам

Апостал Павел. Абраз з парыжскага касцёла святога Севярына / Shutterstock.com

Павел апісвае нястомную барацьбу, якая адбываецца ўнутры яго. Адна частка ў ім сапраўды цягнецца да дабра, хоча служыць Богу і людзям. Другая ж частка ўпіваецца грахоўным эгаістычнам станам, не цікавячыся ані Божай воляй, ані людзьмі побач. Трэцяя ўвогуле бяссільна застаецца ўбаку, пакуль ідзе барацьба.

Гэта, безумоўна, вельмі драматычны стан.

  • Ці я заўважаю ў сабе падобнае ўнутранае раздзяленне?
  • Якія пачуцці яно выклікае?

Святы Павел адчувае сябе абсалютна бездапаможным перад абліччам таго, што адбываецца ў ім. Апостал гадамі спрабаваў пераадолець сваю грахоўную схільнасць раз і назаўсёды, аднак усе высілкі былі марнымі.

  • Магчыма, гэта нагадвае мой унутраны стан?

Павел не ўпадае ў роспач і не здаецца. Урывак заканчваецца воклічам удзячнасці, скіраваным да Таго, хто адзіны можа вызваліць яго, — да Езуса Хрыста. У гэтыя заключныя хвіліны малітвы вы можаце разам з Паўлам усклікнуць з радасцю і ўдзячнасцю да Пана і адкрыта падзяліцца з Ім усімі думкамі і перажываннямі.

Заканчэнне

Ілюстрацыйная выява: pxhere.com

Няхай Бог надзеі напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы праз моц Духа Святога ўзбагаціліся надзеяй. Амэн.

Працяг будзе.

Абноўлена 13.03.2020 17:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця