Пошук

04.04.2020 10:08   Тэкст: А. Пол Нікалсан SI / Пераклад: Вераніка Грушэўская / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: Вlogspot.com

Партал Catholic.by разам з сайтам «Прастора малітвы» запрашае працягнуць духоўныя практыкаванні, якія падчас Вялікага посту вядзе для нас брытанскі езуіт айцец Пол Нікалсан SI.

Падрыхтоўка да малітвы

«Вячэра ў Эмаўсе». Мастак Герыт ван Хонтхорст / Pictorem.com

Удзел у гэтых анлайн-рэкалекцыях дае магчымасць паспрабаваць розныя спосабы пошуку ўнутранай цішыні і засяроджанасці. Праз уважлівасць да свайго дыхання або цялесных адчуванняў, праз спакойнае назіранне за плынню думак і пачуццяў, праз канцэнтрацыю на фізічным аб’екце або на навакольных гуках можна адкрыць унутры сябе глыбіню цішыні.

  • Узгадайце цяпер некаторыя з гэтых метадаў і скарыстайцеся тым, які быў для вас найбольш карысны.
  • Прысвяціце некалькі хвілін выбранаму спосабу.

Цалкам магчыма, што вам сёння захочацца проста спакойна пасядзець і падрыхтавацца да таго, каб пачуць, як святы Павел заканчвае сваё пасланне.

Чытанне Паслання апостала Паўла да Рымлянаў

Ілюстрацыйная выява: Рinterest.com

Таму прымайце адзін аднаго, як і Хрыстус прыняў вас дзеля хвалы Божай. Бо кажу, што Хрыстус стаўся слугою абразання дзеля праўды Божай, каб пацвердзіць абяцанні, дадзеныя айцам, каб язычнікі маглі праслаўляць Бога за міласэрнасць, як напісана: «За гэта буду славіць Цябе сярод язычнікаў і спяваць імені Твайму».

I яшчэ кажа: «Узвесяліцеся, язычнікі, з народам Яго». А таксама: «Хваліце Пана, усе язычнікі, і слаўце Яго, усе народы». Ісая таксама кажа: «З’явіцца корань Есэя і ўстане, каб валадарыць над народамі; на Яго будуць спадзявацца язычнікі».

Бог жа надзеі няхай напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы праз моц Духа Святога ўзбагаціліся надзеяй.

(Рым 15, 7–13)

Разважанне

Ілюстрацыйнае фота: Нealthychristianhome.com

Супольнасць у Рыме, да якой звяртаўся Павел, складалася з хрысціянаў, якія мелі рознае паходжанне.

Некаторыя з іх навярнулiся з юдаізму. Яны прытрымліваліся практык абразання, пастоў, спосабаў малітвы, якімi карысталiся яшчэ да таго, як сталі паслядоўнікамі Хрыста. Іншыя, называныя язычнікамі, раней не былі юдэямі. Яны не бачылі сэнсу ва ўсіх гэтых рэлігійных практыках.

На думку Паўла, абедзве пазіцыі дазваляюць адказаць на пакліканне да святасцi. Аднак у супольнасці важна захаваць адзінства.

  • Падумайце, з якiмi групамi або асобамi вам хацелася б быць у адзiнстве, нягледзячы на тое, што iх рэлігійная ці культурная практыка здаецца вам дзіўнай.

Спачатку для Паўла як юдэя было нечакана ўбачыць рашучае дзеянне Бога сярод язычнікаў. Яму спатрэбілася нямала часу, каб зразумець, што Бог робіць.

  • Цяпер зноў жа: узгадайце групы або асобаў, гледзячы на якіх вам цяжка паверыць у дзеянне Бога ў іх жыцці.

Размова з Панам

Ілюстрацыйная выява: Вlogspot.com

Павел праслаўляе Бога, калi бачыць Божую прысутнасць у значна больш шырокім коле людзей і абставін, чым ён першапачаткова мог сабе ўявiць. Чытаючы Святое Пісанне ў такім святле, ён распазнае вялікую колькасць Божых абяцанняў, спаўненне якіх пацвярджае, што Бог сапраўды дзейнічае такім чынам. Сённяшняе чытанне ў значнай меры пераклікаецца з гэтымі абяцаннямі.

  • Што або каго б вы прыгадалi, праслаўляючы Бога за вялікія справы, якія Ён здзейсніў у жыццi людзей, у дачыненнi да якiх вы гэтага не чакалi?

Праслаўленне і радасць натуральным чынам дапаўняюць адно аднаго.

Святы Павел, як i Ігнацый Лаёла, бачыць у святасцi заклік да радасцi. Магчыма, пачуўшы гэты заклік упершыню і зразумеўшы, што Бог хоча бачыць вас сярод святых, вы маглi адчуць страх.

Але Павел заканчвае пасланне зусім не на ноце боязі ці бездапаможнасці, а на ноце надзеі: «Каб вы праз моц Духа Святога ўзбагаціліся надзеяй». Таму што менавіта Дух, у рэшце рэшт, прывядзе вас да святасцi, якой Бог для вас жадае.

  • Напрыканцы малiтвы папрасіце ў Бога аб гэтай надзеі; папрасіце Бога дазволіць Святому Духу фармаваць вашае жыццё.

Заканчэнне

Ілюстрацыйная выява: orthedu.ru

Няхай Бог надзеі напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб праз моц Святога Духа вашае сэрца было напоўнена надзеяй. Амэн.

Працяг будзе.

Абноўлена 08.04.2020 08:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.