Пошук

21.03.2020 11:41   Тэкст: А. Пол Нікалсан SI / Пераклад і адаптацыя: Ганна Ліцкевіч / Catholic.by
«Калі Сымон Пётр пачуў, што гэта Пан, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора» (Ян 21, 7). Выява: verapravoslavnaya.ru

Партал Catholic.by разам з сайтам «Прастора малітвы» запрашае працягнуць духоўныя практыкаванні, якія падчас Вялікага посту вядзе для нас брытанскі езуіт айцец Пол Нікалсан SI.

Падрыхтоўка да малітвы

На Тыберыядскім (Генісарэцкім) возеры. Мастак Васіль Паленаў / wikipedia.org

Распачнём сённяшняе разважанне з фізічнага супакойвання.

Выбірайце любую зручную паставу цела: можаце стаяць, сядзець, ляжаць ніцма або крыжам: галоўнае, каб вы маглі прабываць у ёй некалькі хвілін, не адчуваючы дыскамфорту, адначасова спакойна і засяроджана.

Нашая мэта — увайсці ў малітву. Спачатку проста затрымайцеся ў выбранай паставе.

Потым звярніце ўвагу на тое, што адбываецца ўнутры вас: на свае думкі і пачуцці.

  • Чым заняты розум?
  • Што турбуе сэрца?

Адзначце цяпер, калі спрабуеце супакоіць увесь гэты шум, як вы сябе адчуваеце, апынуўшыся сярод яго бязладдзя?

Рэч у тым, што, калі вы паназіраеце за сваімі думкамі і пачуццямі пэўны час, то заўважыце, як яны ўзнікаюць і адыходзяць, віруючы, нібы хвалі на паверхні ракі. Некаторыя, магчыма, здаюцца больш важнымі і працяглымі. Іншыя — нетрывалыя ўражанні — мінаюць хутка. Адну-дзве хвіліны проста працягвайце глядзець унутраным позіркам, як думкі і пачуцці праходзяць скрозь вас.

З гэтай перспектывы паспрабуйце ўсвядоміць, што вы назіраеце за ракой думак і пачуццяў: вы самі — не рака, а назіральнік. Як той, хто глядзіць, вы можаце спакойна назіраць за ўсім, што адбываецца, без неабходнасці неадкладна ўмешвацца.

Няхай рака думак і пачуццяў плыве далей. А вы ў гэтым зацішным месцы каля патока слухайце наступны фрагмент паслання, якое святы Павел піша ў Рым «умілаваным Бога, пакліканым святым».

Чытанне з паслання апостала Паўла да Рымлянаў

«Quo vadis? Domine? — Пане, куды ідзеш?» Фрагмент. Мастак Анібале Караччы / pinterest.cl

Што ж скажам на гэта? Калі Бог за нас, хто супраць нас? Той, які не пашкадаваў свайго Сына, але аддаў Яго за ўсіх нас, як жа не дасць нам разам з Ім таксама ўсяго?

Хто будзе абвiнавачваць выбраных Богам? Ці ж Бог, які апраўдвае?

Хто будзе асуджаць іх? Ці ж Хрыстус, які памёр, а нават больш за тое, уваскрос, знаходзіцца праваруч Бога і заступаецца за нас?

Хто адлучыць нас ад любові Хрыста? Няшчасце ці прыгнёт, пераслед ці голад, галеча ці небяспека, ці меч? Як напісана: «За цябе забіваюць нас увесь дзень, лічаць нас авечкамі, прызначанымі на зарэз».

Але над усім гэтым мы атрымліваем поўную перамогу праз таго, хто палюбіў нас.

Бо я перакананы, што ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашняе, ні будучае, ні сілы, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе, Пану нашым.

(Рым 8, 31–39)

Разважанне

«Выйдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны». Пакліканне Пятра і Андрэя. Абраз. Мастак Ларэнцо Венецыяна / wikipedia.org

Кожны, хто чуе заклік да святасці, хутчэй за ўсё, адчувае сябе нявартым. Чытанне мінулага тыдня было сканцэнтравана на гэтым. Але Павел не пакідае вас у гэтай нявартасці; ён нават не запрашае рабіць сябе годным Божай любові. Замест гэтага піша: «Бог апраўдвае». Калі я толькі дазволю, Бог паклапоціцца пра ўсё, што не так у маім жыцці.

У рэшце рэшт Бог не дазволіць, каб мае ўласныя недахопы і няўдачы заміналі мне.

  • Які мой першы адказ на гэтыя словы?

Павел разважае над пэўнымі складанасцямі, з якімі ён сам сутыкнуўся ў спробах стаць верным вучнем Хрыста і дасягнуць святасці. Ён зведаў нягоды, голад, пераслед і пагрозы смерці, яго білі не раз, яго каменавалі… Аднак гэты спіс Паўла не абавязкова супадае з маім.

  • Чаго мне каштуе быць хрысціянінам?
  • Што ў маім жыцці стаіць паміж мною і Хрыстом?

Размова з Панам

«Якуб і Ян». Мастак Васіль Паленаў / bigartshop.ru

Адным з цяжкіх выпрабаванняў, якія давялося спазнаць святому Паўлу, было асуджэнне іншых людзей. Некаторыя з самых блізкіх яму асобаў не разумелі абранага ім шляху.

Сутыкненне з гэтым можа быць такім жа складаным, як і барацьба з фізічнымі праблемамі, пра якія ён згадвае.

  • Ці ёсць сярод вашых блізкіх тыя, каму цяжка зразумець вашую веру і прыняць яе?

Знайдзіце хвіліну, каб пагаварыць з Богам пра іх.

Разважанні пра праблемы, з якімі ён сутыкаўся ў мінулым, і спосабы, якімі Бог дапамагаў пераадолець іх, напаўняюць Паўла ўпэўненасцю. Калі нічога ў жыцці так і не змагло аддзяліць яго ад Хрыста, то і ў будучыні ўжо нічога не зможа.

Калі вы падзяляеце перакананасць Паўла, то, магчыма, захочаце завяршыць гэтую малітву падзякай Богу за тое, чым Ён адарыў вас. Калі ж адчуваеце сябе не вельмі ўпэўнена, то папрасіце Бога аб ласцы даверу да любячага клопату, якім Ён ахінае вас.

Заканчэнне

З’яўленне Уваскрослага на беразе Тыберыядскага возера. Мастак Джэймс Цісо / pravmir.ru

Няхай Бог надзеі напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы праз моц Духа Святога ўзбагаціліся надзеяй. Амэн.

Працяг будзе.

Абноўлена 22.03.2020 13:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.