Пошук

27.03.2020 17:17   Тэкст: А. Пол Нікалсан SI / Пераклад: Ганна Ліцкевіч / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: Wordpress.com

Партал Catholic.by разам з сайтам «Прастора малітвы» запрашае працягнуць духоўныя практыкаванні, якія падчас Вялікага посту вядзе для нас брытанскі езуіт айцец Пол Нікалсан SI.

Падрыхтоўка да малітвы

Выява з адкрытых крыніц.

Уступ да кожнай чарговай часткі сёлетніх рэкалекцый запрашае адкрыць іншы спосаб унутранага спакою і засяроджанасці, каб уважліва слухаць Божае слова.

Сёння прапануем вам выбраць любы невялікі фізічны аб’ект, які вам будзе зручна трымаць.

Гэта можа быць кубак, кавалак садавіны, птушынае пяро ці гладкі каменьчык. Калі нават нічога няма пад рукой, можна выбраць штосьці на ўласнай вопратцы, каб засяродзіць сваю ўвагу. Некалькі імгненняў проста спакойна пасядзіце з тым, што маеце.

Цяпер пакруціце прадмет у руках. Паглядзіце зблізку, адзначаючы, які ён на дотык, якую мае вагу, шурпаты ці гладкі, цвёрды ці мяккі. Няхай вашая ўвага поўнасцю сфакусуецца на тым, што вы трымаеце перад сабой.

Паспрабуйце змяніць ракурс, убачыць штосьці такое, чаго не заўважылі, калі разглядалі свой прадмет першы раз.

  • Што робіць яго ўнікальным, непаўторным?

Нават калі ён з’яўляецца прадуктам масавай вытворчасці, у ім павінна знайсціся нешта адметнае.

Прысвяціце адну-дзве хвіліны ўдзячнасці за абраную матэрыяльную рэч, частку створанага Богам свету. Цяпер паслухайце словы, якія Стварыцель прамаўляе праз святога Паўла.

Чытанне з паслання апостала Паўла да Рымлянаў

Спасланне Духа Святога (фрагмент). Мастак Эль Грэка / Wikimedia.org

Дзякуючы дадзенай мне ласцы, я кажу кожнаму, хто ёсць сярод вас, каб не думалі пра сябе лепш, чым трэба думаць, але ацэньвалі сябе цвяроза, паводле веры, удзеленай кожнаму Богам.

Бо як у адным целе маем шмат членаў, і не ўсе яны выконваюць тыя самыя функцыі, так і мы, многія, складаем адно цела ў Хрысце, а паасобку адзін для аднаго — члены.

Паводле дадзенай ласкі мы маем розныя дары. Калі дар прароцтва, павінны прарочыць згодна з вераю. Калі служэнне — служыць; калі настаўніцтва — навучаць; калі заахвочванне — заахвочваць; калі размеркаванне — раздаваць у прастаце; калі кіраванне — кіраваць старанна; калі міласэрнасць, то павінны чыніць гэта з радасцю.

Любоў няхай будзе некрывадушнай. Майце агіду да зла, гарніцеся да дабра; любіце адзін аднаго братняю любоўю, апярэджвайце адзін аднаго ў ветлівасці, у руплівасці будзьце нястомныя, духам палымнейце, служыце Пану. Цешцеся надзеяй, ва ўціску будзьце цярплівыя, у малітве — трывалыя; падтрымлівайце святых; дбайце пра гасціннасць.

Рым 12, 3–13

Разважанне

Святы Павел настаўляе. Мазаіка. Фота з адкрытых крыніц.

Пасланне святога Паўла, якое мы разглядаем на гэтым тыдні, не асабістае: яно адрасавана хрысціянскай супольнасці ў Рыме.

Менавіта як супольнасць, а не паасобку, мы пакліканы да святасці.

Папа Францішак нагадвае нам, што, калі Бог кліча людзей, Ён запрашае іх стаць народам, супольнасцю.

  • Ці можаце ўзгадаць, якія групы людзей маюць значэнне для вас на шляху наследавання Хрыста?

Часта адзначаецца, што сёння людзі сталі больш адчужанымі адно да аднаго, чым гэта было раней. Сем’і раскіданыя па свеце. Праца часовая. Мы не вельмі добра або зусім не ведаем суседзяў — людзей, побач з якімі жывем.

  • Якую ролю на самай справе адыгрывае супольнасць у вашым жыцці?
  • Аб якой ролі для яе вы марыце?

Размова з Панам

Роспіс купала ў баптыстэрыі ў Падуі (фрагмент). Мастак Джусто дэ Манабуоі / Рenitentiary.va

Людзі, якіх кліча Бог, унікальныя, як і той аб’ект, на якім мы засяроджвалі сваю ўвагу падчас падрыхтоўкі. У кожным з нас — сумесь моцных і слабых бакоў, талентаў і недахопаў.

Супольнасць ствараецца праз моцныя бакі і таленты. Гэта павінна падтрымліваць кожнага з нас у нашых слабасцях і недахопах.

Павел мяркуе, што лепшым спосабам такой падтрымкі з’яўляецца рэальнае бачанне сябе, каб самахвальна не пераацэньваць тое, што вы можаце прапанаваць, але таксама каб не ўтойваць і не прыніжаць сарамліва свае здольнасці.

Падумайце разважліва і шчыра, што вы можаце ўнесці ў сваю супольнасць.

  • Ці сустракаліся вам супольнасці, якія падтрымлівалі вас у змаганні з недахопамі?
  • Якое асяроддзе вы лічыце выклікам для «слабых месцаў» вашай асобы?

Павел завяршае ўрывак пералікам таго, як кожны з нас можа дзейнічаць і рабіць свае супольнасці месцамі сапраўднай падтрымкі. Гэта ягоны спіс.

  • Што б вы параілі ад сябе, калі б хтосьці спытаўся, як можна ўдзельнічаць у жыцці сваёй супольнасці?

Завяршыце гэты час малітвы падзякай Богу за групы людзей, якія ёсць у вас цяпер, альбо папрасіце Яго накіраваць вас у супольнасць, якая зможа падтрымліваць вас так, як апісвае Павел.

Заканчэнне

Зыход. Мастак Марк Шагал / Рinterest.de

Бог жа надзеі няхай напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы праз моц Духа Святога ўзбагаціліся надзеяй. Амэн.

Працяг будзе.

Абноўлена 27.03.2020 17:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа