Пошук

30.07.2024 15:15   Паводле: Glas Koncila / Catholic.by
Фота Віктара Ведзеня

Апостальскі нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч, які знаходзіцца на адпачынку ў родным Трылі ў Харватыі, даў інтэрв’ю харвацкаму каталіцкаму выданню Glas Koncila («Голас Сабору»), у якім распавёў пра сваё працяглае служэнне ў Беларусі і пра тое, як ён успрымае сваё новае прызначэнне.

Месяц таму Папа Францішак прызначыў Апостальскага нунцыя арцыбіскупа Антэ Ёзіча сваім прадстаўніком у Арменіі і Грузіі, краінах з багатай хрысціянскай традыцыяй. Да гэтага іерарх чатыры гады быў Апостальскім нунцыем у Беларусі.

Інтэрв’ю з арцыбіскупам Ёзічам было апублікавана 29 ліпеня на сайце glas-koncila.hr.

— Ваша новая праца пераносіць Вас на Паўднёвы Каўказ. Як вы ўспрынялі вестку аб вашым прызначэнні апостальскім нунцыем у Грузіі і Арменіі?

— Новае прызначэнне нунцыем у Грузіі і Арменіі заспела мяне ў Мінску, у Беларусі, пасля святкавання Дня Папы, які мы адзначаем штогод з нагоды ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла. Кожны Папа з’яўляецца наступнікам апостала Пятра, якому было даручана кіраваць Касцёлам Хрыстовым на зямлі. З гэтай нагоды мы маліліся за Папу Францішка і арганізавалі прыём для дыпламатычнага корпусу, біскупаў, святароў, прадстаўнікоў іншых канфесій і іншых людзей добрай волі.

Прызнаюся, што апошнія некалькі месяцаў я чакаў пераводу, таму што маладых нунцыяў звычайна пераводзяць пасля трох гадоў, а я служу ў Беларусі ўжо чацвёрты год.

Як і першае прызначэнне, я прыняў гэта спакойна і з перакананнем, што Святы Айцец пасылае мяне не проста туды, дзе нунцыятура вакантная, але дзе я магу лепш выкарыстоўваць дары, якія даў мне Бог, і зрабіць большы ўнёсак у развіццё нашага Каталіцкага Касцёл у гэтых краінах.

— На новым месцы, куды Вы скіраваныя, католікі з’яўляюцца меншасцю і складаюць толькі адзін працэнт насельніцтва. Раней як нунцый і дарадца ў нунцыятурах Вы працавалі ў краінах, дзе хрысціянства з’яўляецца пераважна меншасцю. Наколькі такая сітуацыя палягчае ці ўскладняе Вам як нунцыю Вашу працу?

— З пачатку маёй дыпламатычнай службы ў 1999 годзе я быў і служыў у вялікіх краінах: альбо па колькасці насельніцтва, альбо па тэрыторыі, такіх як Індыя, Расійская Федэрацыя і Кітай, дзе Каталіцкі Касцёл знаходзіцца ў меншасці, складаючы каля 1,5 працэнта ці менш. У Беларусі, якая налічвае каля 9,4 мільёна жыхароў, паводле статыстыкі наш Касцёл знаходзіцца на другім месцы, саступаючы Беларускай Праваслаўнай Царкве. Каталіцкіх вернікаў каля 17-і працэнтаў. Вядома, нашмат прасцей служыць у краіне, дзе больш католікаў і дзе ў грамадстве распаўсюджана хрысціянская ментальнасць.

Ёсць шмат фактараў, якія ўскладняюць нам дзейнасць у той ці іншай краіне, і яны не звязаныя з колькасцю католікаў. Гэта перш за ўсё палітычная нестабільнасць, унутраныя канфлікты, войны, ідэалагічныя пазіцыі, розныя праблемы ўнутры Касцёла, фінансавыя абмежаванні і гэтак далей.

— Каталіцкі Касцёл у Грузіі і Арменіі складаецца з дзвюх частак — лацінскага і армянскага абраду. Адным з важных заданняў тамтэйшага Касцёла з’яўляецца развіццё экуменічных адносін. У гэтым кантэксце, як Ваша служэнне можа спрыяць паляпшэнню сітуацыі?

— Я звычайна не выказваюся пра краіны, дзе я яшчэ не служыў, таму што гэта было б не з першых вуснаў. Агульнавядома, што хрысціянства прыйшло ў гэтыя рэгіёны Каўказу падчас пропаведзі саміх апосталаў Хрыста і што на пачатку іх дзейнасці там былі заснаваныя першыя хрысціянскія супольнасці. Гэтыя дзве краіны меншыя — такія, як Харватыя, — і паводле перапісу, у Грузіі пражывае 3,7 мільёна чалавек, з якіх 20 працэнтаў не грузінскага паходжання.

Арменія, з яе 2,7 мільёнамі жыхароў, мае самую вялікую дыяспару, і таму яе шматлікія царкоўныя супольнасці існуюць па ўсім свеце. З некаторымі супольнасцямі я пазнаёміўся падчас служэння ў Расіі і Беларусі. Ва ўсіх гэтых краінах экуменічны аспект нашага Касцёла мае вялікае значэнне, якому трэба будзе надаваць вялікую ўвагу і ўдзел з боку нашага Касцёла. Падобнае было і на маёй папярэдняй службе ў Расіі і Беларусі. Я буду працягваць перадаваць вопыт, які я атрымаў у гэтых краінах, у новыя краіны, якія маюць вельмі багатую царкоўную традыцыю і абрады.

У Мінску вы былі сведкам пасвячэння касцёла, узначальвалі цэлебрацыі ў пілігрымках у беларускія марыйныя санктуарыі. Не маглі б Вы коратка прадставіць харвацкай грамадскасці жыццё Касцёла ў Беларусі?

— Я мог бы падсумаваць сваю працу і служэнне ў Беларусі за гэтыя чатыры гады ў некалькіх вельмі пазітыўных сказах.

Гэта было для мяне вялікім інтэлектуальным і духоўным узбагачэннем. Я сустрэў вельмі актыўную касцёльную супольнасць, якая заўважная ў грамадстве і свабодна вызнае і сведчыць сваю веру ў гэты сучасны перыяд, поўны выклікаў.

Асабліва заўважная і паспяховая праца з дзецьмі і моладдзю. Высокай ацэнкі заслугоўвае сацыяльная дзейнасць Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, асабліва дапамога і падтрымка бедных, пакінутых, інвалідаў і іншых людзей у патрэбе.

Духоўнае жыццё беларускіх вернікаў здаровае і вельмі актыўнае. Католікі наведваюць касцёлы і актыўна ўдзельнічаюць у Імшах. Яны рэгулярна спавядаюцца, многія праводзяць духоўныя практыкаванні або «сустрэчы з Богам». У кожнай дыяцэзіі ёсць санктуарыі, да якіх многія вернікі ідуць па некалькі дзён, таксама і ў непагадзь.

І што для мяне галоўнае, беларуская сям’я — гэта здаровая хрысціянская сям’я з некалькімі дзецьмі, якія выхоўваюцца ў веры і працягваюць традыцыі бацькоў. Такая практыка прысутнічае і ў міжканфесійных сем’ях.

— Вы працавалі ў гады, калі многія заходнія краіны ўвялі эканамічныя санкцыі супраць Беларусі, але Святы Пасад падтрымлівае з Беларуссю дыпламатычныя адносіны. Наколькі такая пазіцыя Святога Пасаду спрыяе пошуку рашэння?

— Нават у гэтыя крызісныя моманты Святы Пасад падтрымлівае дыпламатычныя адносіны з Беларуссю, бо лічыць, што рашэнні палітычнага характару неабходна шукаць толькі шляхам перамоваў, заснаваных на пашане да ўсіх удзельнікаў і строгім захаванні да міжнароднага права. Святы Пасад не падтрымлівае эканамічныя санкцыі, таму што яны аднолькава закранаюць усіх і таму што найбольш пакутуюць тыя, хто найбольш слабы і патрабуе дапамогі.

Маленькая Беларусь шукае сваю ідэнтычнасць на карце буйных сусветных гульцоў. На чый бок яна стане, залежыць і ад таго, як да яе паставяцца тыя ці іншыя.

Падчас майго служэння ў Беларусі я ініцыяваў розныя праекты, некаторыя з якіх мне ўдалося ажыццявіць, як, напрыклад, першы пераклад Кодэкса Кананічнага Права на беларускую мову разам з некаторымі іншымі дакументамі нашага паўсюднага Касцёла. Усё гэта дапамагае вернікам лепш ведаць касцёльнае вучэнне і паважаць касцёльныя нормы і дысцыпліну.

Пераклад Кодэкса важны таксама для дзяржаўных уладаў, якія могуць такім чынам пазнаёміцца з арганізацыяй Каталіцкага Касцёла і ў сваіх рашэннях улічваць кананічныя нормы, якіх прытрымліваюцца католікі. Я рады, што ўлады падтрымалі пераклад Кодэкса кананічнага права на беларускую мову і арганізавалі прэзентацыю друкаванага выдання Кодэкса ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску, скіраваўшы на яе намесніка міністра замежных спраў, які звярнуўся удзельнікаў свята са словам. Упэўнены, што ўсё гэта будзе спрыяць усталяванню даверу як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні і імкненню Беларусі быць суверэннай і незалежнай дзяржавай, якая паважае правы і годнасць кожнага чалавека.

— Падчас свайго служэння ў Беларусі Вы ўпершыню былі галоўным пасвячаючым біскупам пры біскупскім пасвячэнні, а таксама ўдзялялі сакрамэнт канфірмацыі моладзі ў Лідзе. Колькі месца застаецца для душпастырскай ролі біскупа ў служэнні нунцыя, задачай якога з’яўляецца вырашэнне далікатных сітуацый?

— Душпастырская роля нунцыяў вельмі важная ў кожнай дзяржаве. Акрамя службовай працы, важная таксама душпастырская дзейнасць і ўдзел у значных урачыстасцях дыяцэзій ці парафій. На пачатку майго служэння ў Беларусі я не мог шмат падарожнічаць і наведваць парафіі з-за каранавірусу, але ў апошнія два гады рэгулярна адгукаюся на запрашэнні біскупаў і святароў узначаліць касцёльныя цэлебрацыі.

Наведваючы святыні і парафіі, нунцый знаёміцца з верай і пабожнасцю людзей, з іх мясцовымі звычаямі і культурай. Гэтая душпастырская праца таксама ўзбагачае служэнне кожнага нунцыя і дае яму асабісты вопыт, які немагчыма вычытаць у кнігах. Ён становіцца сведкам многіх падзей і інфармуе пра гэта Святы Пасад. Дзякуючы душпастырскай працы нунцый мае магчымасць рэальна ацэньваць касцёльную сітуацыю ў той ці іншай краіне і ўплываць на пазітыўнае вырашэнне многіх спраў у Касцёле, якія інакш не маглі б быць лёгка вырашаны.

Абноўлена 30.07.2024 15:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.