У нядзелю 15 верасня ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч.
Гэтая нядзельная Эўхарыстыя, якую арцыбіскуп з Харватыі, што амаль чатыры гады быў прадстаўніком Папы Францішка ў нашай краіне, цэлебраваў для беларускіх вернікаў, стала развітальнай.
На гэтым тыдні нунцый Ёзіч пакіне Беларусь выедзе на новае месца служэння ў прадстаўніцтве Святога Пасаду ў Грузіі і Арменіі.
У цэлебрацыі бралі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Мінску ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока, які да прызначэння новага нунцыя будзе выконваць абавязкі Часовага паверанага ў справах Святога Пасаду ў Беларусі, святары лацінскага і візантыйскага абрадаў, кансэкраваныя асобы, шматлікія вернікі.
У прамоўленай гаміліі напачатку нунцый Ёзіч заўважыў, што ў гэты дзень, калі ён рыхтуецца пакінуць краіну пасля амаль чатырох поўных гадоў дыпламатычнага служэння беларускай дзяржаве і касцёльнага служэння каталіцкай супольнасці ў Беларусі, адзначаецца ўспамін Маці Божай Балеснай.
«Падчас нашых пераездаў заўсёды цяжка, калі мы павінны развітвацца пасля некалькіх гадоў працы і супрацоўніцтва, сяброўства з людзьмі і ўстановамі, з якімі ў нас было шмат агульнага і з якімі мы мелі шмат шчаслівых і таксама складаных момантаў», — адзначыў ватыканскі іерарх.
Каментуючы прачытаны ўрывак з Евангелля, арцыбіскуп Ёзіч заўважыў, што і цяпер мы задаем сабе пытанне: як мы можам сёння ісці за Езусам у нашай сям’і і ў нашым грамадстве?
«З Езусам няма кампрамісаў, але толькі радыкальнае навяртанне», — падкрэсліў іерарх.
«Сёння мы молімся за Святога Айца, Папу Францішка, які з’яўляецца сённяшнім Пятром і Папам перыферый, які толькі што прыбыў з доўгага падарожжа на Усход, каб кіраваў Касцёлам Хрыстовым у цяжкі перыяд, калі мы сутыкаемся са шматлікімі цяжкасцямі веры і калі кампрамісы становяцца „лепшымі рашэннямі“ для сучаснасці, каб пазбегнуць крыжа Хрыста, пакут і ў канчатковым выніку збаўлення. Езус не прымае ніякіх кампрамісаў, якія супярэчаць Яго збаўчаму плану адносна чалавека, і паказвае Пятру шлях, па якім трэба ісці», — сцвердзіў Апостальскі нунцый.
Прадстаўнік Папы Францішка скарыстаўся нагодай, каб павіншаваць арцыбіскупа Мітрапаліта Юзафа Станеўскага ў трэцюю гадавіну яго прызначэння на Мінска-Магілёўскую катэдру, што адбылося ў свята Узвышэння Крыжа ў 2021 годзе
«Я дзякую яму і ўсім беларускім біскупам, святарам, манахам і манахіням за ваша супрацоўніцтва ў гэтыя чатыры гады майго пастырскага служэння ў гэтай краіне. У гэтым служэнні я заўсёды імкнуўся наблізіць Святога Айца, сучаснага Пятра, да кожнага з вас і ўмацаваць сувязь з Апостальскай Сталіцай», — сказаў нунцый Ёзіч.
«Дарагія браты і сёстры, дарагія беларусы і ўсе прысутныя, дзякую вам за вашу веру і хрысціянскае сведчанне, якімі я заўсёды захапляўся і якія давалі мне адвагу ў штодзённай працы. З гэтай верай ваш народ заўсёды будзе мець лепшую будучыню, якую кожны з вас адчуе ў сваім жыцці і якую ніхто не зможа адабраць у вас. Таму, нават калі я крыху засмучаны развітаннем з вамі і ад’ездам з Беларусі пасля чатырох гадоў вельмі інтэнсіўнай працы ў розных сферах: касцёльнай, экуменічнай, дзяржаўнай, культурнай і гэтак далей, абяцаю вам, што заўсёды буду побач з вамі, звязаны з вамі духоўнымі сувязямі, асабліва малітвай і сяброўствам», — скаазаў на заканчэнне гаміліі нунцый Антэ Ёзіч.