21 красавіка спаўняецца роўна год, як адышоў у вечнасць Папа Францішак. Мімаволі ўспамінаецца яго апошняе благаслаўленне Urbi et Orbi, якое ён удзяліў усім вернікам апошні раз у жыцці на Вялікдзень 2025 года. А ў панядзелак Хрыстус запрасіў яго пасля зямных нягод адпачыць у Ім.
Маліцца за памерлых — гэта хвалебная справа
У архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўвечары цэлебраваў святую Імшу за спачылага Папу Францішка. Сваёй малітвай Мітрапаліт таксама ахінуў усіх спачылых хрысціян, «асабліва тых нашых братоў і сясцёр, якія, згодна з усходняй традыцыяй, перажываюць "Радаўніцу"» — дзень успаміну і малітвы за памерлых.
«Дарагія браты і сёстры, добры вечар!»
У прамоўленай гаміліі іерарх, узгадаў вернікам першыя словы, з якімі новаабраны ў 2013 годзе Папа звярнуўся да ўсяго свету, — «Добры вечар!» прагучала з лоджыі Базылікі Святога Пятра ў Рыме. Гэтым зваротам Папа Францішак хацеў прывітаць усіх братоў і сясцёр, незалежна ад іх веравызнання ці паходжання.
Evangelii Gaudium – Christus vivit!
Прыпамінаючы вучэнне спачылага Папы, арцыбіскуп прывёў тлумачэнне ім урыўка з Евангелля на аўторак ІІІ Велікоднага тыдня: «Я ёсць хлеб жыцця; хто да Мяне прыходзіць, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць» (Ян 6, 35). Затым арцыпастыр працытаваў выказванне Папы Францішка з Апостальскай адгартацыі Christus vivit: «Хрыстус жыве, — пісаў Папа, — і хоча, каб і ты жыў. Кожны, хто дазваляе Хрысту дакрануцца да свайго сэрца, становіцца маладым маладосцю Езуса Хрыста, які з’яўляецца найпрыгажэйшай маладосцю гэтага свету».
«Так мяне вучыла мая бабуля...»
Мітрапаліт успомніў пра яшчэ адзін цікавы момант у навучанні Пантыфіка: «Калі мы слухалі Папу Яна Паўла ІІ ці Бэнэдыкта XVI, то вельмі часта можна было пачуць, як навучаў святы Аўгустын ці святы Амброзій. У Папы Францішка можна было пачуць: "так мяне вучыла мая бабуля, так яна малілася, так выглядала яе жыццё ў Касцёле"». Больш за тое, як зазначыў прамоўца, Папа Францішак меў вельмі добры кантакт з моладдзю. Ён заахвочваў кожнага з іх: «Затрымайся, пасядзі каля бабулі з дзядуляй і слухай аповед пра іх жыццё, каб навучыцца жыць сваім жыццём».
Заўсёды ісці наперад
Напрыканцы святой Імшы, перад благаслаўленнем, Мітрапаліт падзякаваў усім удзельнікам малітвы за памерлага Папу Францішка і ў якасці «бонуса» прыгадаў яго словы аб тым, што «мы пілігрымы, мы ў дарозе». А гэта азначае, што «не заўсёды нам прыпадае добрае надвор’е». Бываюць таксама і «сумныя дні». «Тое ж адбываецца і ў нашым рэлігійным жыцці. Але, нягледзячы на гэта, заўсёды трэба ісці наперад, маючы перад вачыма Хрыста як нашага Спадарожніка і Правадыра», — падсумаваў іерарх.







