Пошук

12.11.2015 13:06  

Хрысціянскае мастацтва было сімвалічным першапачаткова. У жорсткія часы ганенняў маўклівасць сімвала рабіла мастацтва таемным скарбам. Нярэдка першыя хрысціяне даведваліся адзін пра аднаго па таемных знаках. Таямніца сімвала з'яўляецца адначасова змаўчаннем і раскрыццём яго глыбокага сэнсу, нябачнага для недасведчаных, які адкрываецца толькі верным.

Разгадаць таямніцу сімвала – значыць дакрануцца да вялікага адкрыцця, даведацца, што існуе іншая рэальнасць, акрамя той, у якой звычайна жыве чалавек. Ніжэй распавядаецца пра значэнні першахрысціянскіх сімвалаў, якія найбольш часта сустракаюцца сёння.

к Рыба

Гэта адзін з хрысціянскіх сімвалаў, якія найчасцей сустракаюцца. Ён азначае самога Хрыста.

У старажытнай частцы катакомбаў Каллікста даследчыкі выявілі выразны малюнак рыбы, на спіне ў якой быў кошык з хлебам і посуд з віном – эўхарыстычныя сімвалы, што азначаюць Хрыста, які прыносіць людзям ежу Збаўлення і новае жыццё. У іншых катакомбах і на надмагільных помніках малюнак рыбы таксама часта сустракаецца – у спалучэнні з іншымі сімваламі.

Можна дадаць, што знак рыбы – гэта зашыфраваны сімвал веры хрысціян, іх вызнанння: грэчаскае слова «рыба»- Ίχθύς – уяўляе сабой абрэвіятуру пачатковых літар у наступнай фразе: «Езус Хрыстус Божы Сын Збаўца», а гэта і ёсць тое, у што вераць хрысціяне, за што аддавалі сваё жыццё першахрысціянскія мучанікі. Дарэчы, хрысціяне таксама сімвалічна маляваліся ў выглядзе рыбак.

к Ягня

Ягня – яшчэ адзін сімвал Хрыста, вядомы ў часы Старога Запавету. Абрад іўдзейскай Пасхі уключаў заколванне пасхальнага ягняці (маладога першароднага ягняці без плямы і без заганы). Так было наказана самім Богам габрэям напярэдадні іх Зыходу з егіпецкага палону, а потым гэта ўвайшло ў святкаванне Пасхі як успаміны пра Зыход. Паводле падання, адзін з двух ягнятаў, прынесеных падчас Зыходу Ааронам у ахвяру, быў упрыгожаны цярновым вянком.

Пасля прарокі называлі Ягнём чаканага Ізраэлем Месію. Паступова ягня стала сімвалам адкуплення, пакоры, лагоднасці і паслушэнства Хрыста.

Прапаведуючы адкупленчую ахвяру Хрыста, Ян Хрысціцель каля Ярдана сказаў, паказваючы на Езуса: «Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грэх свету» (Ян 1, 29).

У раннехрысціянскіх помніках, а затым у мазаіках першых хрысціянскіх храмаў можна часта ўбачыць выявы Хрыста ў выглядзе ягняці. І хоць у VII стагоддзі было пастаноўлена «замест састарэлага ягняці пісаць Хрыста ў чалавечым вобразе», такія выявы ў заходнехрысціянскім мастацтве захаваліся да гэтага часу.

к Голуб

Вобраз голуба таксама прыйшоў у хрысціянскае мастацтва са Старога Запавету.

У Кнізе Быцця распавядаецца, як голуб прынёс Ною зялёную галіну і гэтым абвясціў яму пра заканчэнне патопу і пра тое, што Божы гнеў змяніўся на міласць. З тых часоў голуб з аліўкавай галіной у дзюбе стаў сімвалам міру.

У катакомбах таксама нярэдка сустракаецца выява голуба з галінкай – гэта сімвал новага жыцця, душы, якая спазнала Хрыста.

У Святым Пісанні неаднаразова згадваецца голуб як сімвал лагоднасці, чысціні, даверу. Езус наказаў Сваім вучням: «Будзьце разважлівыя, як змеі, і простыя, як галубы» (Мц 10, 16).

У Новым Запавеце голуб сімвалізуе Святога Духа, таму ў некаторых малюнках голуб увасабляе сабой Божую прысутнасць і Божае благаслаўленне.

к Паўлін

Малюнак гэтай птушкі сустракаецца найбольш часта на надмагільных помніках – плітах і саркафагах, таму што паўлін – сімвал неўміручасці.

Паводле легенд, ягонае цела пасля смерці не падлягае тленню.

Стаўленне першых хрысціянаў да смерці было светлым і радасным, таму што яго асвячала вера ва ўваскрасенне Хрыста і ўпэўненасць, што яны таксама ўваскрэснуць разам з Ім. У эпоху Сярэднявечча паўлін таксама лічыўся сімвалам гонару.

к Лілея

Кветка, на якую паказваў Езус, кажучы пра Царства Нябеснае: «Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць: ні працуюць, ні прадуць. Кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх» (Мц 6, 28-29).

Белая лілея – сімвал нявіннасці і чысціні, сімвал душы, якая любіць Бога. Пра гэта напісана ў Песні Песняў. Згодна са Святым Пісаннем, храм Саламона быў упрыгожаны лілеямі.

Яшчэ раней Майсей загадаў упрыгожыць сямісвечнік выявай лілеі, а таксама вырабіць купель для абмывання, учыненага першасвятаром, у форме яе кветкі.

Існуе паданне, што арханёл Габрыэль прыйшоў да Дзевы Марыі з белай лілеяй, якая з тых часоў стала сімвалам Багародзіцы, Яе чысціні, нявіннасці і адданасці Богу.

У першых хрысціян лілея ўвасабляла пакутнікаў, якія засталіся чыстыя і верныя Хрысту, нягледзячы на жорсткія ганенні. Вось чаму на магілах пакутнікаў бачны выявы лілей: напрыклад, лілеямі прыбрана грабніца святой пакутніцы Цэцыліі.

З гэтай жа кветкай у Сярэднявеччы малявалі святых, праслаўленых чысцінёй свайго жыцця: св. Юзафа, св. Яна, св. Францішка, св. Антонія, св. Гертруда і г.д.

к Пелікан

Вобраз пелікана таксама прыйшоў з антычных легенд. У працах рымскага вучонага-энцыклапедыста і пісьменніка Плінія Старэйшага пелікан ратуе сваіх птушанят ад смерці, корміць іх уласнай крывёю і целам.

Ужо ў III стагоддзі вобраз пелікана ўваходзіць у хрысціянскае мастацтва і становіцца ўстойлівым сімвалам Хрыста, які аддаў сваё Цела і Кроў для выратавання людзей.

Да таго ж малюнак пелікана, які сядзіць на гняздзе, пакрываючы крыламі сваіх птушанят, нагадваў першым хрысціянам словы Збаўцы: «Ерузалем, Ерузалем (...) колькі разоў Я хацеў сабраць дзяцей тваіх, як птушка збірае пад крыламі птушанят сваіх...» (Мц 23, 37 ).

к Вінаградная лаза

Эўхарыстычны сімвал, а таксама знак боскага абранніцтва. Вінаграднік у Святым Пісанні з'яўляецца сімвалам Зямлі Абяцанай, якую даў Бог свайму абранаму народу ў надзел, а таму вінаграднік – гэта і сімвал самога народа Божага. У апошняй размове з вучнямі Езус Хрыстус сказаў: «Я – сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой – вінаградар. Я – вінаградная лаза, вы – галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён» (Ян 15, 1.5).

Вінаграднае віно на Апошняй Вячэры становіцца Крывёю Хрыста, якую Ён аддае за жыццё свету, за адкупленне грахоў. Малюнак вінаграднай лазы ці гронак вінаграду нярэдка злучаўся з выявай пшаніцы або збажыны, якія таксама з'яўляюцца эўхарыстычнымі сімваламі.

к Фенікс

Фенікс – птушка чароўная, якая прыйшла са старажытных егіпецкіх міфаў. Паводле легенды, пераказанай Герадотам, яна памірае раз у 500 гадоў, спальваючы сябе на ахвярным агні, і кожны раз зноў адраджаецца з попелу. Для хрысціян гэты міф сімвалізаваў уваскрасенне Хрыста. Раннехрысціянскі пісьменнік Лактанцый, які жыў пры імператары Дыяклетыяне (III ст.), напісаў паэму «Птушка Фенікс», у якой параўноўваў гэтую птушку з Езусам Хрыстом, які вытрываў укрыжаванне і смерць і ўваскрос.

к Якар

З раннехрысціянскіх часоў якар – гэта знак надзеі і збаўлення. Захаваліся друкі першых хрысціян з выявай якара, манаграмы Хрыста і рыбкамі. Сустракаюцца малюнкі, на якіх разам з якарам бачна вялікая рыба; так злучаюцца знакі Хрыста і выратавання, Ім прынесенага.

Выява якара сустракаецца таксама на шлюбных кольцах хрысціян, дзе праз гэты знак паказваецца хрысціянская вернасць мужа і жонкі і сэнс сакрамэнту шлюбу. У хрысціянскай сімволіцы нярэдка злучаецца малюнак крыжа і якара, тады ўтвараецца крыж з паўмесяцам. Такія крыжы можна бачыць і на рускіх праваслаўных храмах.

к Карабель

Карабель – старажытны сімвал Касцёла, правобразам якога з'яўляецца старазапаветны Ноеў Каўчэг.

У Новым Запавеце сустракаецца вобраз лодкі: напрыклад, лодка апостала Пятра, у якой нярэдка даводзілася Хрысту з вучнямі плыць праз Галілейскае мора. З гэтай жа лодкі Хрыстус прапаведаваў прысутным на беразе людзям.

Вобраз лодкі Пятра – гэта сімвал апостальскай супольнасці, якая стала затым Касцёлам, вялікім караблём. Выява карабля часта сустракаецца на сценах катакомбаў.

Раннехрысціянскія пісьменнікі і Айцы Касцёла часта параўноўвалі Касцёл з караблём, які плыве па хвалях жыццёвага мора, а Хрыста называлі капітанам гэтага карабля.

к Добры пастыр

Добры пастыр – так называлі выявы Хрыста з авечкай на плячах. Сустракаецца яна і на сценах рымскіх катакомбаў, і на рэльефах саркафагаў, і нават у круглых скульптурах раннехрысціянскага мастацтва.

Гэта евангельскі вобраз. Сам Езус Хрыстус параўноўвае Сябе з пастырам – пастухом, які аддае жыццё сваё за авечак (пар. Ян 10, 14).

к Паводле Grodnensis.by (MV), (AG)

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця