Пошук

27.11.2024 09:38   Vatican News BY
Фота з асабістага архіву кс. Р. Сушы

Ксёндз Раман Суша з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі стаў лаўрэатам прэстыжнай узнагароды Фонда Centesimus Annus – Pro Pontifice за даследаванне міфадызайну ў лічбавую эпоху.

Як паведаміла 26 лістапада Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, узнагарода будзе ўручана ў Рыме.

Сёлета камісія Міжнароднай прэміі «Эканоміка і грамадства» пад кіраўніцтвам кардынала Райнхарда Маркса адзначыла, сярод іншых, працу беларускага святара «Міфадызайн у лічбавую эпоху: этычнае і псіхасацыяльнае даследаванне палітычных тэхналогій».

Даследаванне ксяндза Сушы прысвечана аналізу феномена міфадызайну як стратэгіі канструявання калектыўных уяўленняў. Аўтар прапануе разглядаць міф не як недасягальную ідэалізацыю легенд, але як інструмент сацыяльнага і культурнага праектавання. Гэтая канцэпцыя блізкая да разумення тэхналогіі ў філасофіі Хайдэгера, дзе яна становіцца сродкам надзеі і пераўтварэння свету.

Асаблівая ўвага ў даследаванні беларускага святара надаецца этычнаму аспекту міфадызайну, які разглядаецца праз прызму сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла. Аналіз міфадызайну дазваляе лепш зразумець, як міфічныя наратывы фармуюць калектыўныя ўяўленні, што спрыяе больш інфармаваным і крытычным дыскусіям.

Праект рэалізуецца ў межах доктарскай праграмы ў Папскім універсітэце святога Тамаша Аквінскага (Анджэлікум) пад кіраўніцтвам прафесара Джыроламо Россі.

Міжнародная прэмія «Эканоміка і грамадства» мае на мэце ўганараванне даследчыкаў, чые працы вылучаюцца арыгінальнасцю і высокай якасцю ў вывучэнні і прымяненні сацыяльнага вучэння Касцёла.

Камісія Фонду штогод узнагароджвае маладых навукоўцаў, падтрымліваючы іх у распрацоўцы новых мадэляў сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Сёлета разам з ксяндзом Сушам лаўрэатам прэміі стаў таксама Энрыко Фрозіа з даследаваннем пра парадыгму бэнэдыктынскай меліярацыі ў інтэгральным развіцці чалавечай асобы. Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца ў Рыме 27 лютага 2025 года, у межах штогадовай канферэнцыі Фонду Centesimus Annus – Pro Pontifice.

Ксёндз Раман Суша нарадзіўся ў 1990 годзе ў Кіеве ў беларускай каталіцкай сям’і. Дзяцінства правёў у Каўнасе, а пазней жыў у Вілейцы, на радзіме бацькоў. У Пінску скончыў Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю і абараніў магістарскую дысертацыю ў Люблінскім каталіцкім універсітэце Яна Паўла ІІ. Пасля пасвячэння нёс душпастырскае служэнне вікарыя ў парафіі святых Сымона і Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл). Праходзіў навучанне па духоўнасці і місіялогіі ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце, дзе абараніў дактарат па тэалогіі ў 2023 годзе. У Папскім універсітэце святога Тамаша Аквінскага спецыялізаваўся ў сацыяльных навуках, а на Папскім факультэце святога Бонавэнтуры, дзе цяпер з’яўляецца выкладчыкам, вывучаў дагматычную тэалогію.

Абноўлена 27.11.2024 12:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця