Пошук

27.11.2024 14:06   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

Увечары 23 лістапада ў гродзенскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі адбылася малітоўная сустрэча моладзі.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, сустрэча была прымеркавана да 39-а Сусветнага дня моладзі, які адзначаецца на дыяцэзіяльным узроўні ў нядзелю Хрыста Валадара Сусвету, і праходзіла пад дэвізам «Хто сябе даверыць Пану, пабягуць нястомна!». Паколькі набліжаецца Юбілей 2025 года, дэвіз якога — «Пілігрымы надзеі», на сустрэчы ўдзельнікі маглі даведацца, як быць у сённяшнім свеце пілігрымамі надзеі, што такое надзея, якая паходзіць ад Бога i ніколі не падмане, а таксама як ісці па жыцці з такой надзеяй у сэрцы.

На сустрэчы сабраліся маладыя людзі з Гродна і наваколля са сваімі душпастырамі і катэхетамі.

У межах сустрэчы вікарый гродзенскай катэдральнай парафіі святога Францішка Ксавэрыя ксёндз Яўген Амасёнак выступіў з канферэнцыяй на тэму даверу Богу. Ён падкрэсліў, што кожны чалавек створаны Богам для таго, каб быць унікальным, і важна памятаць, што «ў кожным з нас ёсць жыццё Бога», што «Бог задумаў цябе індывідуальным, а не копіяй». Святар назваў ворагам маладога чалавека страх перад тым, што пра яго думаюць іншыя. «Мы апранаемся „як усе“, сядзім у сацсетках „як усе“: мы аднолькавыя», — з жалем адзначыў душпастыр і заахвоціў «не баяцца таго, што падумаюць людзі». Акрамя таго, у сувязі з набліжэннем Адвэнту ксёндз Яўген заклікаў моладзь цікавіцца Богам, знаёміцца з Ім — «Адзіным, хто заўсёды цябе прыме, зразумее і любіць больш за ўсіх».

Цэлебрацыю святой Імшы ў межах сустрэчы ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

Іерарх цэлебраваў яе ў інтэнцыі маладога Касцёла на Гродзеншчыне.

Па словах біскупа, пры позірку на столькіх маладых людзей сэрца радуецца з таго, што дыяцэзія мае такі вялікі патэнцыял і такую будучыню. Кожнага з гэтых маладых людзей, як дадаў ён, датычыць заклік апостала Паўла з Паслання да Рымлянаў: «Радуйцеся надзеяй». Прапанаваўшы паразважаць над гэтым заклікам, біскуп звярнуў увагу на тое, што такое надзея ў Хрысце.

Гэтая надзея, як адзначыў іерарх, не з’яўляецца чымсьці павярхоўным, не расчароўвае, бо грунтуецца на любові Хрыста і абяцанні, што Ён заўсёды будзе з намі; гэтая надзея прыносіць сапраўдную радасць, пераўзыходзіць рэальнасць, не залежачы толькі ад чалавечых сіл, планаў і памкненняў. Яна «вядзе да мэт, вышэйшых за тое, што нас акружае, да вечнага жыцця, да Божага Валадарства». Гэтая надзея — «настрой сэрца, якое можа бачыць водбліск вечнасці ў штодзённым жыцці».

Па словах біскупа, гэтая надзея — «не адмаўленне ад цяжкасцяў, а адкрыццё таго, што, нягледзячы на гэтыя цяжкасці, ёсць нешта, што застаецца ў нас, што дае сілы жыць — гэта прысутнасць Бога, якая ніколі не пакідае нас».

Акрамя таго, такая надзея «павінна ператварыцца ў гатоўнасць служыць іншым»: «у духу надзеі мы жывем не толькі для сябе — у ёй мы бачым патрэбы іншых», «можам стаць прыладамі Божай ласкі».

Іерарх нагадаў, што Юбілейны 2025 год, дэвіз якога — «Пілігрымы надзеі», дапаможа паглыбіць веру, нанава адкрыць глыбіню Божай Міласэрнасці і надзеі. Ён адзначыў, што пілігрым «ідзе з верай і надзеяй, ведаючы, што кожная цяжкасць і выпрабаванне, з якімі ён сутыкаецца на шляху, маюць сэнс і могуць прывесці да больш глыбокага ўзаемадзеяння з Богам».

Біскуп параўнаў маладых людзей з пілігрымамі, паколькі іх жыццёвае падарожжа прынясе ім велізарную надзею, калі яны зразумеюць, што іх жыццё мае сэнс і мэту, што Бог з імі.

«Для таго, каб стаць сапраўдным сведкам, трэба перш за ўсё адкрыць для сябе самую вялікую праўду: ты дарагі ў вачах Бога, — патлумачыў пастыр Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі. — А калі мы ўсвядомілі, што Бог нас любіць, мы не можам проста ўтрымліваць гэтую надзею ў сабе. Мы павінны падзяліцца ёй з іншымі».

Такім чынам, заклік апостала Паўла «радавацца надзеяй» з’яўляецца, па словах біскупа, «запрашэннем глядзець у будучыню з верай, нават у цяжкія часы, і верыць, што Бог мае для нас план, поўны супакою і шчасця».

Пасля Імшы адбылася Эўхарыстычная адарацыя, на якой адказны за душпастырства моладзі ў Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Антоні Грэмза і гурт Open прапанавалі моладзі прыгледзецца да свайго жыцця і пастарацца зрабіць усё для таго, каб яно стала больш прыгожым і плённым.

Сустрэча завяршылася пачастункам і падрыхтаванымі вікарыем катэдральнай парафіі ксяндзом Андрэем Струкелем супольнымі забавамі.

 

Абноўлена 27.11.2024 14:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа