Пошук

14.03.2024 10:06   Паводле: КАІ / Catholic.by
Біскуп Анджэй Чая. Фота: Episkopat Flickr

Пад дэвізам «Пілігрымы надзеі» будзе праходзіць наступны душпастырскі год у Касцёле ў Польшчы (2024/2025), які распачнецца з пачаткам Адвэнту 1 снежня бягучага года.

Тэма «Пілігрымы надзеі» — тая самая, якую Папа Францішак выбраў у якасці дэвізу Святога Года 2025. 13 сакавіка, у першы дзень 397-а пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Епіскапату Польшчы (КЕП), галоўныя пункты душпастырскай праграмы прадставіў біскуп Анджэй Чая, старшыня Камісіі па душпастырстве пры КЕП.

Іерарх, між іншым, адзначыў, што «ў дэвізе Святога Года „Пілігрымы надзеі“ ёсць выразная падказка, яснае ўказанне на тое, кім павінны быць вызнаўцы Хрыста ў цяперашніх умовах Касцёла і свету: людзьмі, моцнымі надзеяй і будаўнікамі надзеі».

Біскуп растлумачыў, што гэтыя словы сугучныя з дэвізам Юбілейнага года і раскрываюць тое, «што мае на ўвазе Папа Францішак, калі кажа пра вучняў-місіянераў Хрыста, і як ён бачыць місію Касцёла ў сённяшнім свеце: абуджаць надзею ў нас і паміж намі, запальваць яе ў свеце». Старшыня камісіі па душпастырстве польскага епіскапату падкрэсліў, што заклік несці надзею сённяшняму свету мае выразную місійную скіраванасць, бо гэты свет мае патрэбу ў сведчанні надзеі больш, чым калі-небудзь раней.

«Як вучні Езуса мы не можам ухіліцца ад задання паказываць і несці параненаму чалавецтву любоў і чуласць Бога», — сцвердзіў біскуп Чая. Паводле яго, дзякуючы місійнай скіраванасці падрыхтаваная душпастырская праграма стане непасрэдным працягам трохгадовага Сіноду на тэму «На карысць Касцёла сінадальнага: камунія, удзел і місія».

«Такім чынам мы ў цэлым застаемся ў тэме аднаўлення Касцёла на шляху сінадальнасці, засяроджваючы ўвагу на missio. Мы хочам развіваць дух місійнага ўдзелу ў кожным верніку і ва ўсёй супольнасці, разам з Папам заклікаючы ўсіх быць у свеце пілігрымамі надзеі, разам ісці з надзеяй і сеючы надзею, усё больш становячыся соллю і святлом гэтага свету», — зазначыў польскі іерарх.

Ён паінфармаваў удзельнікаў пасяджэння епіскапату, што душпастырская праграма будзе суадносіцца з дзевяцігадовай навэннай падрыхтоўкі да 2000-гадовага Юбілею Адкуплення 2033 года, якая распачынаецца ўжо сёлета. Між іншым, у межах падрыхтоўкі да Юбілею 2033 года будзе рэалізоўвацца ініцыятыва «Мужчынскі Ружанец», скіраваная на правядзенне набажэнства перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі ў першыя суботы кожнага месяца.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа