Пошук

29.10.2015 00:00  

Тэма насілля — адна з самых непапулярных у нашым грамадстве. Зразумела, ніхто не сцвярджае, што такіх фактаў не існуе, але «бывае гэта надзвычай рэдка» і «наогул не ў нашым коле». Ды, вядома ж, «не ў хрысціянскіх сем’ях». Мы не любім гаварыць і нават думаць пра гэта, але ці вынікае адсюль, што не існуе самой з’явы насілля?

Дарослыя і дзеці пазбягаюць тэмы насілля і сямейнай агрэсіі па розных прычынах. Дарослыя ўсведамляюць, што перыядычна злоўжываюць сваёю сілаю, і саромеюцца сваіх успышак гневу ў сям’і. А дзеці баяцца скампраметаваць бацькоў і стаць здраднікамі ў сям’і, саромеюцца, што не могуць абараніць сябе, або проста баяцца пакарання. Такім чынам, маўчаць адны і другія, і менавіта ў выніку гэтага маўчання нараджаюцца сямейныя сакрэты.

Дарэчы, агульныя тайны ёсць у кожнай сям’і, але ці задумваліся вы калі-небудзь над тым, што менавіта людзі захоўваюць з такой стараннасцю і адданасцю, жорстка караючы здраднікаў пагардаю і адпрэчваннем? На жаль, гэта не прыемныя ўспаміны пра шчаслівыя вечары, праведзеныя разам, не прыгожыя добрыя традыцыі, не выдатныя дасягненні — усё гэта якраз не хаваецца ад чужых вачэй і не набывае таемнага і высокага статусу сямейнага сакрэту.

Тайнамі, якія шэптам перадаюцца з пакалення ў пакаленне, становяцца гісторыі збіванняў, гвалту, самагубстваў і забойстваў, вялікай ганьбы, адпрэчвання якога-небудзь члена сям’і, нянавісці, здрадаў, алкагалізму, вар’яцтва і, зразумела, выпадкі жорсткага абыходжання з дзецьмі. Вось што амаль усе мы захоўваем у самых глыбокіх сямейных склепах, у самых трывалых скрынях пад самымі надзейнымі замкамі. А можа, варта аднойчы праветрыць гэтыя склепы і навесці парадак у сваім мінулым, сваім цяперашнім жыцці, у сваёй сям’і — словам, у сваёй схованцы?

Насілле і жорсткасць, як правіла, пакідаюць самыя глыбокія шнары ў душы чалавека і адбіваюцца на жыцці яшчэ многіх пакаленняў.

У псіхалагічным сэнсе насілле падзяляюць на тры тыпы: фізічнае, эмацыйнае і сексуальнае. Да фізічнага насілля адносяцца дзеянні, свядома скіраваныя на тое, каб прынесці пакуты, абразіць (шлёпанне, тумакі, падпатыльнікі, удушэнне, атручванне). Як правіла, фізічнае насілле абапіраецца на перавагу ў сіле. Толькі той, хто адчувае сваю беспакаранасць і ўпэўнены ў тым, што не атрымае раўназначнага адказу, прымяняе фізічнае насілле ў сям’і. І тады становіцца зразумелым, чаму аб’ектамі агрэсіі ў сем’ях часцей за ўсё з’яўляюцца дзеці.

Калі дарослы чалавек у нейкі момант перапоўнены гневам, ён можа паводзіць сябе адным з трох спосабаў. Па-першае, можа праявіць свой гнеў у той жа момант, але для гэтага неабходна валодаць спосабамі адэкватнага, сацыяльна прымальнага выяўлення пачуццяў, інакш можна сутыкнуцца з сустрэчнай агрэсіяй. Па-другое, чалавек можа ўтаймаваць свой гнеў, стрымаць яго. Але стрыманы і накоплены гнеў абавязкова выльецца ў іншым месцы, дзе гэта не будзе небяспечным. Па-трэцяе, з-за немагчымасці наогул праяўляць гнеў, што бывае ад перапоўненасці страхам і пачуццём віны, людзі скіроўваюць гнеў на сябе, пакутуючы ад самакатавання, сораму і нянавісці да сябе.

Першы спосаб фізічнага насілля вельмі складаны і патрабуе працяглай працы над сабою, трэці занадта непрыемны і балючы, таму мы часцей за ўсё выкарыстоўваем другі, а гэта значыць, што менавіта з утаймаванага, стрыманага гневу нараджаецца насілле. І тады ўсю нашу незадаволенасць ад стасункаў па-за домам, ад цяжкасцяў на працы, ад немагчымасці з кімсьці дамовіцца, зарабіць шмат грошай, вечнага прыбірання і стаяння каля пліты, чарговага рамонту машыны, пагрозы грыпу і нават ад кепскага надвор’я мы выплёскваем на дзіця або на іншых членаў сям’і, якіх не баімся, а яны ў сваю чаргу, прамаўчаўшы ў адказ, прычэпяцца зноў жа да дзіцяці. І хай толькі яно паспрабуе пярэчыць! У кожным выпадку ланцужок агрэсіі замкнецца на ім, бо яно самае слабое...

Гэтым жа законам падпарадкуецца эмацыйнае насілле: пакаранне за дробныя правіны, якое праяўляецца ў крытыцы, высмейванні, прыніжэнні, запалохванні і пагрозах, што нараджае ў дзіцяці няўпэўненасць у сабе, сорам, сумненні і страх. Гэты від насілля ўключае таксама холад да дзіцяці ў моманты праяўлення ім пяшчоты і прывязанасці, выключэнне яго з жыцця сям’і, перашкоды ў стасунках з аднагодкамі; запалохванне хітрымі людзьмі, супрацьлеглым полам, а таксама прывучванне да алкаголю, наркотыкаў, змушэнне да крадзяжу, прастытуцыі і г. д. Выкарыстанне ўсіх гэтых маніпуляцый дае даросламу чалавеку адчуванне кантролю над сітуацыяй, гэта значыць, над дзіцём («я ведаю, дзе яно і што ў яго ў галаве»), робіць дзіця паслухмяным (яно робіць усё, чаго жадае дарослы) і вучыць яго не турбаваць бацькоў «пасля цяжкага працоўнага дня». Але самае галоўнае, усё гэта дае даросламу адчуванне ўлады: у сям’і выконваецца ўсё, што я пажадаю, тут я ніколі не пачую «не», тут я адчуваю сваю сілу і вольны ад вечнай няўпэўненасці і страху...

Cексуальнае насілле праяўляецца ў выкарыстанні дзіцяці для цялеснага задавальнення: гэта можа быць разглядванне, дотык, прамы палавы акт, а таксама дэманстрацыя дарослымі ўласнага цела (у тым ліку хаджэнне па дому ў сподняй бялізне) або палавога акту (у адным пакоі са «спячым» дзіцём), прымушэнне або спакушэнне да прагляду ўзбуджальных відэа- і фотасцэнаў.

Аднак самай распаўсюджанай праявай сексуальнага насілля ў сям’і з’яўляецца славеснае насілле. Да яго адносяцца жарты, якія выклікаюць у дзіцяці няёмкасць, сексуальныя абразы і абвінавачванні, нават у форме намёкаў, а таксама расказванне падрабязнасцяў з дарослага сексуальнага жыцця. У кожным выпадку псіхічны апарат дзіцяці яшчэ вельмі нетрывалы для таго, каб справіцца з такімі моцнымі перажываннямі, і яго псіхіка траўміруецца нават з-за адзінкавага выпадку.

Вось тры асноўныя спосабы насілля, якое зазнаюць дзеці ў сваіх родных сем’ях. І сем’і веруючых, на жаль, не з’яўляюцца выключэннем, у іх толькі яшчэ больш строга прынята захоўваць сямейныя сакрэты.

А цяпер два пытанні. Першае: што вы робіце, калі вашае дзіця або ўнук адмаўляецца ісці ў касцёл або маліцца? І другое: ці лічыце вы грахамі, з якіх трэба спавядацца, усе акты насілля, што адбываюцца ў вашай сям’і?

Наталля Пан, псіхолаг

Ave Maria №1-2 (178-179) 2010

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця