У галоўным алтары пачынала пагрукваць, і паволі абраз з выяваю Святой Тройцы апускаўся ўніз, а за ім адкрывалася фігура Маці Божай. Гэту фігуру сузіраць не даводзілася доўга, толькі пакуль не скончыцца Ларэтанская літанія, якую ў касцёле звычайна спявалі. Пасля Маці Божая зноў закрывалася абразом, а Яся, пяцігадовая дзяўчынка, думала: «А як яна там адна будзе? Аж да наступнага вечара, зусім адна?»
Перад тым, як пайсці на «маёвыя» - так прабабуля Ясі называла гэту малітву, падчас якой спяваліся прыгожыя імёны Марыі, - прабабуля Антунінка казала: «А сёння пойдзем выбіраць самыя прыгожыя кветкі для Маці Божай! Я пайду прынясу некалькі нарцысаў». Аднойчы прабабуля Ясі сказала, што нават пазычыць кветкі ў добрай суседкі. І пайшла, і пазычыла. Праз увесь горад Яся ішла з маленькім букецікам самых прыгожых кветак для Маці Божай, якія ставіла ў касцёле перад абразом у каплічцы разам з іншымі кветкамі.
Калі Яся з прабабуляй ішлі ў касцёл на маёвыя, якраз усе мамы і таты вярталіся з працы, хтосьці вяртаўся разам з Ясінымі аднагодкамі з дзіцячых садкоў. Толькі Яся ішла ў адваротны бок дома. Па дарозе яна таксама сустракала сваю маці, якая вярталася з працы, весела падбягала да яе, абдымала, паказвала свой прыгожы букет для Марыі. А яе мама ўсміхалася і папраўляла Ясі валасы, якія ўвесь час дрэнна складваліся ў акуратныя прычоскі.
Яся праходзіла краму, школу, куды яна ў будучыні павінна была хадзіць, возера, маленькую рачулку, на мосце праз якую не магла не затрымацца хоць на хвілінку і палічыць, колькі рыб плавае менавіта сёння. Прабабуля Ясі хоць і мела ўжо за 80 гадоў, але хадзіла вельмі хутка і ўнучку прыспешвала, але палюбавацца рыбамі ці малымі шыцікамі заўсёды дазваляла.
Абмінаючы музычную школу, якая знаходзілася зусім блізка каля касцёла, Яся думала: «Вось, ужо і прыйшлі!» І вельмі радавалася, што хутка будзе ўзбягаць па бакавых прыступках у касцёл.
Узбягала, паволі заходзіла ў прахалодную святыню і ішла класці кветкі Маці Божай. Халодная плітка касцёльнай падлогі, кленчнікі з шарсцянымі падкаленнікамі, маленькі ружанец, з ружовымі ці з блакітнымі бусінкамі, які бабуля давала ёй для малітвы пачаргова... Пах кветак, пах свежых нарцысаў, цюльпанаў... Потым Імша, якую Яся не разумела адразу, а да значэння і таямніцы слоў прыходзіла вельмі паволі, дзень за днём...
І самы чаканы момант, калі схаваная Маці Божая глядзела на яе, дзяўчынку, якая стаяла на каленях перад прэзбітэрыумам, глядзела на іншых дзяцей, якія стаялі побач. Глядзела на законніцу, толькі прыгожыя, складзеныя ў малітве рукі якой памятала Яся.
Вось гэты чаканы момант, які здаваўся досыць кароткім, можа быць таму, што быў чаканым...
І так кожны дзень Яся з прабабуляй хадзілі на маёвыя. Па дарозе шмат размаўляючы, бо прабабуля была жанчынкаю цярплівай і кемлівай, якая падрабязна адказвала на пытанні малой праўнучкі. І пра Маці Божую, і пра Езуса, і пра таямнічае «Мудльсень», якое спявалася напрыканцы кожнага прыгожага імені Марыі, а што азначала, тое дзяўчынка не ведала. Найбольш яна схілялася да версіі, што гэты нейкі «Мудльсень» быў невядомым стварэннем, які ўсё даганяў людзей, якія моляцца. «Бабуля, а хто такі «Мудльсень», ды чаму ён бяжыць за намі?» — пыталася малая Яся.
А бабуля ўсміхалася і распавядала малой пра таямніцы моваў, якія Бог даў кожнаму народу.
«"Каралева Польшчы" спяваюць, бабуля, а каралева Беларусі ёсць?» — не ўтаймоўвалася Яся.
«Ёсць, Яся, Каралева Беларусі, маліся за нас», — дадавала прабабуля.
Аксана Ючкавіч