Пошук

06.04.2015 08:48  

З бояззю і вялікай радасцю разам з жанчынамі бяжым абвясціць усяму свету, што магіла пустая. Сёння на нашай дарозе сведчання становіцца сам Хрыстус Уваскрослы і абвяшчае нам велікоднае пасланне: «Не бойцеся. Ідзіце і скажыце Маім братам: няхай ідуць у Галілею, там Мяне ўбачаць».

Галілея – наш дом. Гэта месца першай сустрэчы, паклікання, дом навіны даверу і любові да Езуса. Дзе мая Галілея? Велікодныя святы вельмі выразна паказваюць, што гэта мой хрост. Тут праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце здзейснілася маё ўваскрасенне да жыцця ў ласцы, у Касцёле, у небе. Жыццё хрысціяніна — сведкі Уваскрасення — гэта пастаяннае імкненне да сваёй Галілеі.

Для чаго я павінен туды вяртацца? Для чаго Хрыстус Уваскрослы наказвае сёння вучням вяртацца ў Галілею? Бо тут усё пачалося і тут усё спаўняецца. Святы хрост надае майму жыццю новы кшталт, сэнс. Бог паказаў сцежку жыцця, поўную радасці, якая вядзе да вечнага шчасця праваруч Бога. Менавіта адсюль я магу чэрпаць надзею, што Хрыстус не пакіне мяне ў краіне памерлых, а разам з сабой павядзе з магілы да новага жыцця. Таксама і Пётр выходзіць з Галілеі напоўнены Духам, з адвагай і моцай сваім словам, а найперш жыццём, сцвярджаючы: я сведак Уваскрасення Хрыста. Гэтае ўваскрасенне здзейснілася і працягвае здзяйсняцца ўва мне праз ласку святога хросту.

У хрысціянскім жыцці часам здараецца так, што Галілея знікае з жыццёвай перспектывы як мэта маіх імкненняў і прагненняў. Тады я пачынаю высвятляць і вырашаць асабліва цяжкія справы сваімі чалавечымі сіламі. Гэта найбольшы велікодны грэх: жыць так, быццам Бога няма, быццам Хрыстус не ўваскрос. Куды прывядзе такое жыццё?

 

Таму Хрыстус Уваскрослы вельмі выразна паказвае нам кірунак мыслення і дзеяння. Заўсёды стаў Бога перад сваімі вачыма, Ён будзе з табой, таму не ўпадзеш у адчай у час цяжкасцяў. Вер у тое, што дойдзеш гэтым шляхам да спаўнення Божых абяцанняў, якія былі дадзены падчас святога хросту. Будзеш з Богам у небе! Аллелюя!

Кс. д-р Андрэй Лысы SChr

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа