Арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч як духоўны напамін кіруе вернікам сваё слова на Адвэнт, які распачынецца сёлета 1 снежня.
«Чувайце, бо не ведаеце ні дня, ані гадзіны» (Мц 25, 13)
Дарагія браты і сёстры!
З новым годам! І гэта не памылка, бо сёння, у Першую нядзелю Адвэнту, мы распачынаем новы літургічны год. Калі каляндарны год распачынаецца 1 студзеня, то літургічны сёлета — 1 снежня.
Слова Адвэнт мае лацінскае паходжанне і азначае прыйсце, у нашым выпадку — прыйсце Хрыста. Пры гэтым трэба заўважыць, што мова ідзе не выключна пра нараджэнне Збаўцы 2000 гадоў таму ў Бэтлееме, але пра тры Ягонах прыйсці. Першае — гэта прыйсце Сына Божага ў наш свет у чалавечым целе. Другое — напрыканцы часоў. Трэцяе — у Божым слове і сакрамэнтах.
Такім чынам, Адвэнт ахоплівае мінулае, сучаснасць і будучыню.
На парозе Адвэнту да нас звяртаецца прарок Ерамія, які распавядае пра часы, калі вялікае і магутнае каралеўства Давіда было падзелена на каралеўствы Ізраэля і Юды. Людзей вывозілі ў Бабілён і канфіскоўвалі іх маёмасць. Таму яны адчувалі, што Бог пакінуў свой народ (пар. Ер 31–32).
Прычына гэтай катастрофы была ў нявернасці габрэяў Запавету з Богам. Бог жа, між тым, заўсёды застаецца верным сваім абяцанням. Менавіта таму Ерамія гаворыць пра надзею. Бог, які вызваліў Давіда і зрабіў яго вялікім каралём, паставіць новага караля з яго роду. Дрэва, якое з’яўляецца домам Давіда, было ссечана, але з яго каранёў з’явіцца новы парастак. Словы прарока Ераміі: «У тыя дні і ў той час я ўзгадую для Давіда Парастак Справядлівасці, і будзе ён чыніць правасуддзе і справядлівасць на зямлі» (Ер 33, 15) адносяцца да першага прыйсця Езуса як нашага Збаўцы.
Апостал Павел у Першым Пасланні да Тэсаланікійцаў заклікае да прыняцця Езуса ў нашым жыцці праз вывучэнне Святога Пісання і ўдзел у сакрамэнтах (пар. 1 Тэс 3, 12 — 4, 2).
Евангелле нагадвае пра апакаліптычныя падзеі перад другім прыйсцем Хрыста: «Будуць знакі на сонцы і месяцы, і зорках, а на зямлі — спалох народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання. Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо захістаюцца моцы нябесныя. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і вялікай славаю» (Лк 21, 25–27). Езус драматычна нагадвае пра апакаліпсіс і касмічную катастрофу, што будзе знакам Яго прыйсця з моцаю ў славе.
Апісанне гэтых апакаліптычных падзей не трэба разумець літаральна: хутчэй, мы павінны глядзець на іх духоўны сэнс. Незвычайныя касмічныя з’явы сонца, месяца і зорак — гэта традыцыйныя спосабы апісання Божага суду над Ізраэлем.
У старажытнасці людзі верылі, што нябесныя целы прадстаўляюць боствы, якія кантралююць сусветныя справы, аднак Бог можа змяніць іх траекторыі. Гэта азначае, што яны становяцца бездапаможнымі перад боскай уладай.
Такім чынам, Божае слова на пачатку Адвэнта нагадвае нам аб першым прыйсці Езуса ў Бэтлееме дваццаць стагоддзяў таму, аб неабходнасці падрыхтоўкі да другога ў невядомай для нас будучыні, і аб тым, што праз слуханне Божага слова і ўдзел у сакрамэнтах мы прымаем удзел у трэцім.
Першыя хрысціяне верылі, што другое прыйсце Хрыста адбудзецца хутка і таму з нецярплівасцю яго чакалі, нярэдка нават грэбуючы сваімі абавязкамі. Таму апостал Павел вучыць іх таму, як жыць і паводзіць сябе ў існуючым свеце. Ён заклікае клапаціцца адзін пра аднаго, шчыра маліццца, дагаджаць Богу сваімі штодзённымі паводзінамі і быць гатовымі, калі дзень Пана прыйдзе ў таямніцы смерці (пар. 1 Тэс 3, 12–42).
Гэты заклік святога апостала Паўла мы павінны аднесці да сябе, бо як бы мы сябе паводзілі, калі б ведалі, што надыходзіць наш апошні дзень? Што было б нашым прыярытэтам? Стараліся б быць сапраўднымі хрысціянамі ці «штучнымі», якіх з Касцёлам аб’ядноўвае толькі пасведчанне хросту, а не згоднае з Евангеллем жыццё?
Адна гісторыя распавядае пра тое, як маракі вярталіся дадому пасля доўгага часу прабывання ў адкрытым моры. Калі карабель уваходзіў у порт, то там іх чакалі родныя і блізкія, якіх яны хацелі як мага хутчэй убачыць і абняць.
Усе маракі радаваліся сустрэчы з роднымі і блізкімі, акрамя аднаго, бо яго ніхто не сустракаў. Занепакоены, ён паспяшаўся ў свой дом. Калі увайшоў, то, ўбачыўшы жонку, адчуў палёгку. А яна сказала: «Даражэнькі, я цябе так чакала!» Аднак у яго адказе прагучала нотка расчаравання: «Родныя і блізкія іншых маракоў не толькі чакалі іх, але і сустракалі, а цябе ў порце не было». Розніца паміж чаканнем і сустрэчаю відавочная.
Божае слова вучыць нас таму, што мы павінны не проста пасіўна чакаць прыйсця Езуса, але імкнуцца своечасова Яго сустрэць.
Самая вялікая трагедыя адбываецца тады, калі чалавек не пазнае праходзячага побач Езуса і размінаецца з Ім. Тыя, хто рыхтуецца Яго сустрэць, пільна захоўваюць Божы закон. Тыя ж, хто проста чакае, могуць заняцца грэшнымі, не звязанымі з духоўным жыццём справамі і вызначыць нязгодныя з Божым законам прыярытэты.
На жаль, мы часта проста губляем час, пасіўна чакаючы вяртання Езуса, як быццам добрага надвор’я з мора. Ці час нашага чакання плённы і ці вядзе да сустрэчы з Ім?
Мы павінны чытаць знакі часу і імкнуцца адразу ж адказваць на іх. Езус заклікае нас: «чувайце і маліцеся ўвесь час, каб вы маглі пазбегнуць усяго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым» (Лк 21, 30). Нам неабходна быць вартавымі, якія ўвесь час знаходзяцца напагатове. Мы павінны пастаянна несці вахту, падобна маракам на мастку карабля. Настаў час выйсці з летаргічнага сну нядбаласці і абыякавасці ў духоўных справах, бо злы дух ніколі не спіць і заўсёды дзейнічае.
Суд Божы адбудзецца падчас другога прыйсця Хрыста. Таму мы павінны быць падрыхтаванымі да моманту, калі станем перад Сынам Чалавечым як суддзёй. Безумоўна, мы не хочам, каб падчас суду Ён дакараў нас словамі: «Я быў галодны, а ты купіў дарагі аўтамабіль. Я адчуваў смагу, а ты падняў свой чарговы бакал віна. Я быў голы, а ты бясконца мяняў брэндавае адзенне. Я быў жабраком, а ты прайшоў міма. Я быў зняволены, а ты не знайшоў часу Мяне наведаць. Я быў хворы, а ты быў занадта заняты сваімі справам, каб пацікавіцца Маім здароўем і дапамагчы».
Неўзабаве, а менавіта 24 снежня, распачнецца Юбілейны 2025 год, дэвіз якога: «Пілігрымы надзеі».
Сёння, калі распачынаем Адвэнт, які ўводзіць нас у Юбілейны Год, Хрыстус заклікае кожнага з нас быць чуйным, пільным, гатовым і падрыхтаваным да Яго прыйсця пілігрымам надзеі. Не проста працягваць пасіўна чакаць Збаўцу, але не прапусціць Яго прыйсця і сустрэцца з Ім.
Папа Францішак у сваёй апошняй энцыкліцы Dilext nos — «Палюбіў нас» — моцна падкрэслівае значэнне сустрэчы з Хрыстом у перспектыве быцця хрысціянінам. Нам, дзецям грэчаскага і дахрысціянскага рацыяналізму, постхрысціянскага ідэалізму, матэрыялізму і сучаснай культуры індывідуалізму, цяжка зразумець, што хрысціянства не зводзіцца да тэорыі, філасофіі, набору маральных нормаў і сентыментальных эмоцый, але з’яўляецца сустрэчай з Хрыстом. Таму нашыя адносіны з Ім не могуць вырадзіцца ў механічную традыцыю, знешні звычай або руціну. Мы не можам быць падобнымі да даглядальнікаў музея рэлігійных традыцый, але павінны дазволіць Богу дзейнічаць у нашым жыцці.
Нездарма Папа Францішак на заканчэнне Сіноду біскупаў пра сінадальнасць сказаў, што сучаснаму свету патрэбны не статычны, але дынамічны і місійны Касцёл, які крочыць за Хрыстом па дарогах свету.
Няхай Марыя — непераўзыдзены прыклад адвэнтавага чування — выпрасіць нам у свайго Сына ласку плённага перажывання Адвэнту, каб ён стаў часам разважання пра першае гістарычнае прыйсце Збаўцы ў Бэтлееме, сучаснае — у Божым слове і сакрамэтах, і будучае ў славе.
Няхай гэты час стане для нас часам навяртання і духоўнай падрыхтоўкі да сустрэчы з прыходзячым Збаўцам, каб мы былі сапраўднымі хрысціянамі, якія жывуць згодна з духам Евангелля.
На гэты шлях ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога.
✠ Тадэвуш Кандрусевіч
Арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі