Пошук

02.12.2024 14:09   Тэкст і фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / sdb.by / Catholic.by

24 лістапада ў салезіянскай парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні (Гродзенская дыяцэзія) адбылося благаслаўленне адрамантаванага араторыя імя святога Яна Боско, які дзейнічае пры парафіі, дзе нясуць служэнне салезіяне.

Як паведамляецца на сайце салезіянаў ксяндза Боско ў Беларусі sdb.by, рамонтныя працы ў смаргонскім араторыі распачаліся ў маі бягучага года і былі завершаны ў верасні.

За гэты час удалося аднавіць фасад будынку, умацаваць сцены, а таксама правесці рамонт унутраных памяшканняў, каб араторый і надалей мог функцыянаваць як асяродак чалавечага і хрысціянскага выхавання дзяцей і моладзі.

З гэтай нагоды вернікі парафіі і іх душпастыры-салезіяне сабраліся на святой Імшы падзякі Богу, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Таксама на ўрачыстасць прыбылі рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB і вікарый рэгіянальнага настаяцеля ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Перад пачаткам Эўхарыстыі ганаровых гасцей і ўсіх прысутных прывітаў дырэктар салезіянскай супольнасці ў Смаргоні ксёндз Казімір Мурава SDB. Ксёндз Казімір выказаў вялікую ўдзячнасць кожнаму, хто далучыўся да справы рамонту араторыя.

Падчас гаміліі біскуп Яшэўскі размаўляў з дзеткамі, якіх шмат сабралася на святую Імшу.

Іерарх нагадаў дзецям пра чатыры вымярэнні, якія характарызуюць салезіянскі араторый.

Паводле біскупа, араторый — гэта дом: «не проста будынак, а месца, дзе цябе любяць. Таксама гэта школа, дзе цябе выхоўваюць», — заўважыў пастыр. Ён дадаў, што араторый — гэта і касцёл, або месца малітвы, катэхізацыі, дзе дапамагаюць узрастаць у любові да Бога і бліжняга, а таксама двор, у якім можна гуляць і весела праводзіць час.

«Я хачу пажадаць вам, дарагія дзеці, і вам таксама, бацькі, дарослыя, каб вы палюбілі араторый, які сёння пасля рамонту мы яшчэ раз благаслаўляем, каб вы памяталі, што там заўсёды вас чакаюць ксяндзы салезіяне, сёстры салезіянкі, свецкія вернікі, якія падзяляюць нашую салезіянскую харызму.

Заўсёды памятайце, што араторый для вас — гэта дом і вялікая сям’я; гэта школа, якая выхоўвае да жыцця і, канечне, таксама да жыцця вечнага.

Памятайце, што гэта таксама парафія, Касцёл, які навучыць і маліцца, і жыць з Богам, і, канечне, гэта месца, дзе вы можаце прыгожа, па-Божаму пабавіцца, таму просім, каб Бог благаславіў не проста будынак араторыя, але людзей, моладзь і дзяцей», — адзначыў біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Пасля завяршэння святой Імшы ўсе скіраваліся ў араторый, дзе моладзь пад кіраўніцтвам пробашча парафіі ксяндза Артура Ляшнеўскага SDB і сясцёр салезіянак падрыхтавала святочную праграму з бансамі, спевамі і выступленнем фокусніка.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.