Пошук

05.04.2015 00:27  

Велікодная раніца правакуе нас да разважання на тэму таго, што сталася з Езусам з Назарэта. У пошуку адказу на гэтае пытанне, у першы дзень пасля шабату, Касцёл запрашае кожнага з нас стаць на сцежку, што вядзе да пустой магілы.

А затым разам з Марыяй Магдаленай, Пятром і Янам выйсці з цеснаты свайго сэрца і розуму і бегчы да месца, дзе камень быў адвалены ад магілы.

Што так прыцягвае да гэтага месца? Цікавасць, звычай? Для чаго кожны чарговы раз святкаваць Уваскрасенне? Любоў да Пана Езуса, да Таго, які мяне першым палюбіў бязмежнай любоўю і за мяне аддаў жыццё на крыжы. Толькі такая матывацыя і адказ вядуць да сутнасці святкавання Вялікадня. Гэтая любоў не дае спакою, штурхае да межаў шаленства, да таго, каб увайсці ў пустую магілу...

«Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег першы да магілы, і ўбачыў, і паверыў» (Ян 20, 8). I гэта сутнасць велікодных святаў — увайсці ў пустую магілу Езуса Хрыста. Спаткацца асабіста з адзіным нямым сведкам таго, што сталася з Панам. Гэтая пустата напоўнена найвялікшай таямніцай нашай хрысціянскай веры. У пустаце мы чуем заклік: памёр, каб жыць і любіць, каб жыць...

Менавіта тады мы пачынаем разумець словы св. Паўла: «Вы памерлі, і жыццё вашае схавана з Хрыстом у Богу» (Кал 3, 3). Пустая магіла — месца смерці — стала домам жыцця, жыцця Бога, з Богам і для Бога. Гэта дом маёй веры, нашай хрысціянскай веры ва Уваскрасенне Хрыста Пана.

Але гэта яшчэ не канец, я не магу заставацца тут доўга. З магілы трэба выйсці і вяртацца дадому, каб абвяшчаць іншым людзям, што сталася, і даваць сведчанне сваёй веры. Сведчанне жыццём, канкрэтнымі ўчынкамі і выбарам, паказваючы, што шукаю таго, што вышэйшае, дзе прабывае Хрыстус, што зрушыла старую закваску граху і стала новым хлебам чысціні і праўды.

Тады пустая магіла ўжо не прыгнятае маўчаннем, бо я сам станаўлюся сведкам Хрыста Уваскрослага, уваскрасення, якое здзяйсняецца ўва мне і якое споўніцца ў нябеснай хвале.

Хрыстус уваскрос, Аллелюя! Сапраўды ўваскрос, Аллелюя!

Кс. д-р Андрэй Лысы SChr


Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.