Пошук

22.03.2015 00:00  

У перыяд Вялікага посту, які з’яўляецца часам пакаяння і навяртання, каля канфесіяналаў выстройваюцца доўгія чэргі ў чаканні сакрамэнту Божай Міласэрнасці. Пасля сваіх грэшных учынкаў вернікі прагнуць ізноў вярнуцца да еднасці з Хрыстом і напоўніцу ўдзельнічаць у жыцці вялікай сям’і дзяцей Божых, альбо Касцёла.

Аднак ёсць людзі, якія ўжо на працягу многіх гадоў упарта трымаюцца ў палоне сваіх грахоў, заганаў i не хочуць з іх вызваліцца. Вось чаму, прагнучы апраўдацца перад іншымі і адначасова «заспакоіць» сваё сумленне, яны часта паўтараюць беспадстаўныя, шаблонныя сцвярджэнні: «Навошта хадзіць да споведзі? Мне ж гэта нічым не дапаможа»; «Споведзь прыніжае чалавечую годнасць, яна пярэчыць прыродзе чалавека»; «Споведзь — ксяндзоўская прыдумка»; «Паспавядаюся непасрэдна самому Богу»; «Даўно не быў (не была) ужо ў споведзі і не буду спавядацца, бо ў мяне няма аніводнага граху».

Гэта вельмі няправільныя і небяспечныя погляды. Яны сведчаць пра вялікую рэлігійную індыферэнтнасць і часта становяцца вынікам адсутнасці або недахопу духоўнага жыцця ў чалавека, які беспадстаўна іх выказвае. Вучэнне Хрыста зусім іншае. Неабходна ўважліва прааналізаваць яго.

Хрыстус распачынае сваю збаўчую місію з закліку ўсіх да навяртання: «Кайцеся і верце ў Евангелле» (Mк 1, 15). Адначасова Ён паказвае сябе як таго, хто мае ўладу судзіць і адпускаць грахі, але пры гэтым падкрэслівае, што Ён прыйшоў не для таго, каб асудзіць, а каб прабачыць і збавіць (пар. Ян 3, 17; Мц 9, 6). Езус шматразова пацвярджае гэта ў канкрэтных падзеях. Да паралізаванага Ён звяртаецца з такімі словамі: «Будзь адважным, сыне, адпускаюцца твае грахі». (...) Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу адпушчэння грахоў, — гаворыць тады паралізаванаму: «Устань, вазьмі ложа сваё і ідзі дадому» (пар. Mц 9, 2–6).

 

У доме фарысея Сымона Езус гаворыць пра грэшную жанчыну: «Даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла. (...) А ёй сказаў: «Адпускаюцца табе грахі твае» (пар. Лк 7, 47–49). Акрамя таго, Езус прабачыў таксама грахі жанчыне, якую злавілі на чужаложстве, дараваў грэх адрачэння Пятру, а таксама злачынцу, укрыжаванаму побач з Ім.

Карыстацца гэтай уладай Езус дазваляе абраным людзям, у першую чаргу апосталам, а пазней — іх паслядоўнікам, хоць яны і самі часам трапляюць у пасткі грахоў: «Сапраўды кажу вам: што вы звяжаце на зямлі, тое будзе звязана ў небе, і што развяжаце на зямлі, тое будзе развязана ў небе» (Mц 18, 18).

Асаблівым чынам Ён звяртаецца да Сымона Пятра: «Я дам табе ключы Валадарства Нябеснага; і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе» (Mц 16, 19). У дзень Уваскрасення Езус прыходзіць да сваіх вучняў і звяртаецца да іх з такімі словамі: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца» (Ян 20, 21–23).

Гэтымі словамі Езус устанавіў сакрамэнт пакаяння і паяднання, а таксама даручыў уладу здзяйсняць яго апосталам і іх паслядоўнікам. Касцёл няспынна выконвае гэтую місію аж да сённяшняга дня, хоць сам спосаб змяняўся на працягу стагоддзяў.

Такім чынам, Святое Пісанне сведчыць пра тое, што споведзь устанавілі не святары — яе ўстанавіў Езус Хрыстус. Гэты сакрамэнт з’яўляецца плёнам Яго мукі і ўваскрасення. Ён з’яўляецца справаю Бога, які яднае людзей і з сабою, і адно з адным.

Адпушчэнне грахоў — гэта дар міласэрнага Айца. Гэта таксама дзеянне Касцёла, бо яно адбываецца ў Касцёле як сродак аднаўлення адзінства з Богам і з супольнасцю Касцёла.

Святар ад імя Касцёла як асоба, якая мае ўладу адпушчэння грахоў, дадзеную Хрыстом, выконвае ролю суддзі, лекара і настаўніка, а таму павінен у першую чаргу даведацца пра стан сумлення таго, хто спавядаецца. Вось чаму пакаянне грэшніка павінна быць дапоўнена шчырым прызнаннем у грахах перад святаром. Тады праз пасрэдніцтва святара сам Хрыстус адпускае грахі чалавеку і сваёю ласкаю аднаўляе яго еднасць з Касцёлам або паглыбляе гэтую еднасць.

Сакрамэнт пакаяння і паяднання з’яўляецца таксама дапаўненнем і працягам першай сустрэчы чалавека з Хрыстом, якая адбылася падчас святога хросту.

Зрэшты, кожная споведзь — гэта таямніца сустрэчы таго, хто спавядаецца, з Уваскрослым Хрыстом, у якой Хрыстус адорвае чалавека супакоем і духоўна адраджае яго. У сакрамэнце пакаяння хрысціянін атрымлівае радасную навіну аб прабачэнні і ўваскрасае да новага жыцця.

«Не магу зразумець, — кажа адзін урач, — чаму некаторыя лічаць споведзь чымсьці непрыемным і цяжкім; я знаходжу ў ёй вялікую радасць паяднання».

Споведзь не прыніжае годнасці чалавека, наадварот, яна ўздымае чалавека да высокай годнасці Божага Дзіцяці. Святы апостал Пётр тройчы выракся Хрыста, але асмеліўся прызнацца ў гэтым і з жалем у сэрцы, са слязьмі на вачах прасіў яму прабачыць. І мы ведаем, да якой годнасці ўзняў яго Хрыстус. Інакш учыніў Юда, таму і скончыў сваё жыццё трагічна.

Грахі чалавека могуць быць вельмі цяжкімі. Паскаль выказаў калісьці прыгожую думку: «Чалавеча, калі б ты пазнаў напоўніцу прыкрасць сваіх грахоў, тваё сэрца разарвалася б ад болю».

Аднак Хрыстус у споведзі звяртаецца да кожнага: «Сыне, адпускаюцца твае грахі» (Mк 2, 5); «I Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы» (Ян 8, 11); «Калі б нават грахі твае былі чырвонымі, як пурпур, стануць белымі, як снег» (пар. Іс 1, 18).

Сакрамэнт пакаяння — гэта ўчынак дабрыні і міласэрнасці Божай у адносінах да марнатраўнага сына, які звяртаецца па дапамогу да Бога. Ён дае чалавеку супакой і ўнутраную раўнавагу, задаволенасць і адчуванне сэнсу жыцця.

 

Ён прыносіць радасць ад сустрэчы з Богам, ад аднаўлення прыязнасці, ад паяднання з Касцёлам і людзьмі. Яго плён — атрыманне або памнажэнне Божай ласкі, аднаўленне цнотаў і дароў Святога Духа, чысціня сумлення, вызваленне ад вечнага пакарання, вяртанне страчаных заслугаў за добрыя ўчынкі, перамога над сваімі заганамі і слабасцямі.

Aналізуючы такі значны добры ўплыў сакрамэнту пакаяння і паяднання, мы не павінны ніколі адчуваць паралізуючага страху, які не даў бы падысці да канфесіянала. Часта мы баімся пайсці да ўрача або рашыцца на аперацыю, але робім гэта для таго, каб вярнуць сабе здароўе, а часам і выратаваць ад смяротнай небяспекі жыццё. Ідучы да споведзі, мы клапоцімся пра жыццё вечнае.

Таму мы павінны часта прыступаць да сакрамэнту пакаяння і паяднання. Давайце не будзем абмяжоўвацца толькі выкананнем абавязковага мінімуму, г. зн. спавядацца адзін раз у год у велікодны перыяд; давайце карыстацца ласкаю гэтага сакрамэнту і ў час святаў Божага Нараджэння, Божага Цела, Усіх Святых, у час посту або парафіяльных місій, з нагоды дня нараджэння і імянінаў, угодкаў шлюбу і наогул заўсёды, калі здарыцца ўчыніць цяжкі грэх, каб заўжды заставацца ў Божай ласцы.

Тыя вернікі, якія штодня прымаюць святую Камунію, могуць практыкаваць штомесячную споведзь, дзеці і моладзь — споведзь у першую пятніцу. Святы Айцец Ян Павел II спавядаўся кожны тыдзень. Часта, кожныя два тыдні, спавядаюцца біскупы, святары, сёстры законныя і семінарысты.

Езус чакае ўсіх і запрашае: «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас» (Mц 11, 28). Не будзем жа адкладваць гэтай сустрэчы на пазнейшы час, бо можам не паспець. Адчынім шырока нашае сэрца перад Панам, які, магчыма, ужо доўга чакае нас. «Змілуйся нада мною, Божа, у вялікай міласці Тваёй і ў паўнаце міласэрнасці Тваёй знішчы беззаконні мае» (Пс 51 (50), 3).

Кс. Aндрэй Шчупал CSsR
Пераклад з польскай мовы Жанны Некрашэвіч-Кароткай
Ave Maria №3 (155) 2008


Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.