Кожны дзень хрысціянін робіць знак крыжа, але часта ён нават і не задумваецца над тым, для чаго ён гэта робіць і што ўвогуле гэта значыць. Мы так прызвычаіліся да гэтага знака, што ён неяк стаўся для нас простай звычкай. У святыні мы таксама бачым крыж. Шмат хто з нас мае крыж у сваім пакоі, і амаль кожны носіць на шыі крыжык альбо медалік.
Але хто з нас, калі бачыць крыж і ўкрыжаванага Езуса на ім, усведамляе, што кожны цвік, кожная рана на целе Хрыста — гэта вынік менавіта нашых правінаў? Хто задумваецца над тым, што гэтымі цвікамі не проста забойцы прыбівалі Езуса да крыжа дзве тысячы гадоў таму, але і мы сёння прыбіваем Яго сваім занядбаннем, сваімі грахамі і абыякавасцю? Хто, робячы знак крыжа, гатовы і шчыра абяцае Божаму Сыну раздзяліць з Ім той боль, які сціскае Яго сэрца?
Не з нянавісці, не з жадання адпомсціць кожнаму, хто Яго абразіў, але ад бязмернай любові да свайго брата, чалавека, Ён глядзіць на нас з крыжа позіркам, поўным супакою й дабрыні. Гэтую Любоў мы ўкрыжоўваем штодзённа, але яна, як лепшы сябар, усё роўна заўжды побач і ні на хвіліну не пакідае кожнага з нас, і нават не чакае, што нехта папросіць прабачэння за свае правіны, бо так моцна жадае нам сапраўднага шчасця.
Некаторыя здзівяцца: «Я гляджу на крыж, бачу фігуру Езуса, але якое дачыненне я маю да Яго?» Некаторыя ўвогуле скажуць: «Я не адчуваю Яго прысутнасці ў маім жыцці. Як Ён можа мяне любіць, калі Яго нават проста няма побач? Няўжо гэта любоў?»
Сапраўды не адчуваеш, што Ён побач, што прысутны ў тваім жыцці? А ты ўважліва паглядзі, прыслухайся да Яго голасу, працягні руку на Яго прывітанне.
А ці ведаеш ты, што калі ясна свеціць сонейка, — гэта Ён табе ўсміхаецца. Узглянь на незлічонае мноства ззяючых зорак, якія, здаецца, не змяшчаюцца на небе — такое бязмернае Яго шчасце, калі ты адчуваеш сябе шчаслівым. Паглядзі на вясёлку — гэта радасць, якой Ён жадае з табой падзяліцца. Звярні ўвагу на шчыры позірк дзіцяці — з такой шчырасцю Ён жадае падарыць твайму сэрцу спакой. Успомні свайго сябра, яго мілыя вочы, дотык яго далоні да тваёй — гэта Бог трымае цябе за руку, менавіта так, як лепшы сябар, Ён хоча крочыць з табой праз усё жыццё. Ты не хочаш заўважаць Яго, а Ён так цябе чакае! І гэта толькі некалькі прыкладаў таго, як моцна Ён цябе любіць. Няма словаў, якімі можна было б апісаць гэтую любоў. І гэта добра. Бо не была б яна такой вялікай і бязмежнай, калі б можна было выказаць яе словамі, нават самымі гучнымі і прыгожымі. Трэба быць толькі ўважлівым, адкрыць сваё сэрца і прыняць тое, што табе дарыць Бог.
Крыж, на якім была ўкрыжавана Любоў... Калі б мы толькі маглі ўявіць сабе гэтую таямніцу, то адчувалі б сябе нявартымі нават паглядзець на яго. Гэтая Любоў мацнейшая за смерць, за пыху, за нянавісць, за крыўды, за злосць і зайздрасць. Яна мацнейшая за ўсё на свеце. Нягледзячы на тое, што ўкрыжавана, яна здольная дакрануцца да кожнага сэрца. Безумоўна, трэба мець адвагу, каб адказаць на такую бязмерную Любоў. Не бойцеся, будзьце мужнымі, бо яна вартая ўсяго жыцця. Гэта Любоў — бясцэнны дар. Гэта адзінае, што мы можам падараваць, а яно ўсё роўна застанецца з намі. Любіць — гэта бачыць цуд, нябачны для іншых.
Ці задумваемся мы, што, калі абражаем чалавека, мы абражаем Езуса? Калі мы крыўдзім свайго брата, то крыўдзім Езуса. Калі хтосьці з-за нас плача, то з вачэй Езуса таксама выступаюць слёзы. Калі мы выказваем сваю абыякавасць да цяжкасцяў сябра і адмаўляем яму ў дапамозе — мы праходзім, не заўважаючы Хрыста, якому мы патрэбны і які так нас чакае.
Усе гэтыя ўчынкі яшчэ мацней прыбіваюць Хрыста да крыжа, робяць Яго раны больш глыбокімі і балючымі. Яны напаўняюць смуткам Яго сэрца, укрыжоўваюць тую Любоў, якая плыве з яго.
Але ж кожны з нас можа гэта змяніць. Вы запытаецеся: як? Многія скажуць, што няздольныя нічога зрабіць. Мы нават не ўяўляем сабе, якія дробязі ў нашых вачах і вачах іншых людзей маюць вялікі сэнс для Бога. Нават твая шчырая ўсмешка можа падараваць іншым радасць. Твой позірк, поўны дабрыні, які так патрэбны таму, хто побач, можа сказаць больш, чым мноства словаў.
Не маеш багацця і ўлады, не ведаеш, як дапамагчы таму, каму неабходна твая дапамога? Але ты можаш проста быць побач і трымаць яго за руку.
Нездарма кажуць, што людзі — гэта анёлы з адным крылом, таму лятаць яны могуць, толькі абняўшы адзін аднаго.
Калі робіш што-небудзь, то рабі з адчуваннем таго, што ад выніку тваіх дзеянняў залежыць не толькі тваё жыццё, але і жыццё іншых. Кажаш, што не маеш здольнасцяў?
А ты проста паглядзі на іх з іншага боку. Калі танчыш, то танчы так, быццам ніхто, акрамя Бога, цябе не бачыць — і падорыш Яму найлепшы танец, які Ён бачыў.
Калі спяваеш, то спявай так, быццам ніхто, акрамя Пана, цябе не чуе — і гэта песня будзе самай салодкай, якая дакраналася Яго сэрца.
Калі «малюеш» жыццё, то малюй фарбамі, як малое дзіця, з зацікаўленасцю і стараннасцю — і атрымаецца самы прыгожы ў свеце малюнак.
Калі дапамагаеш іншаму, то рабі гэта з такім жаданнем і хуткасцю, быццам ты прымаеш удзел у спаборніцтвах і ведаеш, што, калі прыбяжыш першым, атрымаеш галоўную ўзнагароду.
Калі вельмі шмат хочаш сказаць Богу, а не ведаеш, як, падары Яму цішыню, якую маеш у душы, і адчуеш, што гэта была самая лепшая размова ў тваім жыцці.
Паглядзі на Святы Крыж... Адкажы сёння сабе на пытанне: ці хочаш быць злачынцам, які прыбівае на гэтае Святое Дрэва бязвінную Любоў, альбо разяваю, што стаіць побач і глядзіць на тое, як гэта робяць іншыя? Ці гэта годная падзяка за жыццё, якое табе падаравала Любоў?
Паглядзі на гэты Крыж шчырымі вачыма з адкрытым сэрцам. Ён — самы вялікі скарб твайго жыцця, які нават не трэба шукаць, трэба проста з падзякай прыняць яго.
Алеся Палеская
Ave Maria №3 (180) 2010