«Я памятаю, як падчас вучобы ў семінарыі 5 снежня ўвечары ўсе семінарысты начышчалі свой абутак і неслі яго пад дзверы пакояў выкладчыкам, а з самага ранку беглі за тым абуткам, ужо напоўненым цукеркамі».
Пра што кажуць легенды?
Пра жыццё св. Мікалая мы ведаем няшмат. Ён жыў на пачатку IV стагоддзя і быў біскупам занядбанай дыяцэзіі ў мясцовасці Міра ў Малой Азіі, сёння гэта тэрыторыя Турцыі.
Трэба, аднак, прызнаць, што святы Мікалай з’яўляецца найпулярнейшым святым як у Каталіцкім Касцёле, так і ў Праваслаўнай Царкве, дзе яго называюць святым цудатворцам.
Сёння не захавалася ніякіх канкрэтных фактаў з жыцця святога Мікалая, аднак існуюць прыгожыя легенды, якія расказваюць пра яго постаць. З легенд вынікае, што святы Мікалай быў поўны міласэрнасці, а таксама ўзорам дабрыні і клопату пра бліжніх. Можна смела сказаць, што постаць святога цудатворцы была б вельмі патрэбнай у наш час.
У сучасным свеце столькі нянавісці, зайздрасці, гневу і крывадушніцтва. У шэрагу выпадкаў дабрыню захіліла бязлітаснае зло. Вельмі шмат людзей ужо даўно забылася, што гэта значыць — быць добрым у стаўленні да іншага.
Святы брат Альберт Хмялоўскі, які жыў у XIX стагоддзі, любіў паўтараць, што «варта быць добрым, як хлеб. Трэба быць, як хлеб, які ляжыць на стале для ўсіх і з якога кожны можа адшчыпнуць крышынку і насыціцца, калі галодны».
Дзяліцца дабрынёй
З жыцця св. Мікалая і яго місіі мы павінны вучыцца быць добрымі, як хлеб, з якога кожны можа адшчыпнуць кавалак. Гэты наш апякун, як абвяшчае адна з легенд, пайшоў слядамі Езуса, калі Ён вандраваў па Палестыне.
Святы Мікалай не зачыняўся ў кляштарных мурах, не хаваўся ад людзей, а вандраваў па зямлі, даючы сведчанне дабра. Падчас аднаго са сваіх падарожжаў ён суцішыў марскую хвалю, таму лічыцца заступнікам маракоў і падарожных.
Сярод шматлікіх святых і благаслаўлёных менавіта святы Мікалай найбольш любімы дзецьмі. Нездарма на абразах гэты святы прадстаўлены як біскуп, які ўдзяляе дзецям дары.
Для адных дзяцей святы Мікалай можа асацыявацца з падарункамі пад ёлкай, а для іншых, можа, нават і з папругай, з якой прыходзяць да непаслухмяных дзяцей.
З XII стагоддзя да нас дайшоў звычай ва ўспамін св. Мікалая дарыць падарункі. Я памятаю, як падчас вучобы ў семінарыі 5 снежня ўвечары ўсе семінарысты начышчалі свой абутак і неслі яго пад дзверы пакояў выкладчыкам, а з самага ранку беглі за тым абуткам, ужо напоўненым цукеркамі.
«Дарогу святому Мікалаю!»
Я не кажу, каб дзеці ўжо сёння паставілі абутак у доме сваіх бацькоў, аднак мы павінны браць прыклад са святога Мікалая і дзяліцца гэтым дабром з іншымі. Асабліва сёння, калі так шмат людзей крыўдзяць адзін аднаго.
Успамін св. Мікалая заахвочвае нас да таго, каб дабром перамагаць зло. Гэта азначае ніколі не адказваць злом на зло.
Прыклад веры
Жыццё святога Мікалая заахвочвае нас быць удзячнымі. Умець дзякаваць Богу, а не толькі наракаць, што жыццё цяжкае і ў ім крызіс. Жыццё складанае, але трэба ўмець дзякаваць Пану нават і за гэтыя цяжкасці — наш крыж, які з’яўляецца цяжарам штодзённых абавязкаў і спраў.
Некаторыя гісторыкі сцвярджаюць, што святы Мікалай на некаторы час быў арыштаваны і знаходзіўся ў вязніцы, калі ўладарыў імператар Дыяклеціян, і ў час зняволення не адрокся ад сваёй веры і застаўся верным Хрысту.
Прыклад святога вучыць нас быць адважнымі хрысціянамі, абаронцамі веры. Шмат легенд сведчыць, што, будучы маладым, святы Мікалай вырашыў ахвяраваць свае грошы на дабрачынную дзейнасць і раздаў іх убогім.
Кожны з нас пасля хросту быў адмыты ад першароднага граху, атрымаў ад Бога чыстую душу. Аднак пасля грэх аддаліў чалавека ад Бога. Рыхтуючыся да святаў Божага Нараджэння, мы павінны таксама памятаць пра тое, што ўсе мы пакліканы да святасці і чысціні душаў.
Чалавек, які згубіў ключы ад дома, усё ж вяртаецца да тых самых дзвярэй, якія зачыняў ключамі апошні раз. Мы ў сваю чаргу, прыходзячы да канфесіянала, робім крок да міласэрнасці Божай. Бо кожная споведзь набліжае нас да Пана Бога. Памятайма пра гэта ў асаблівы адвэнтавы час.
Кс. Юрый Марціновіч
Таксама па тэме: