Інтэрнэт вішчыць ад захаплення. У цэнтры ўвагі — выступленне каманды Ганны Седаковай у серыяліці «Хачу да Меладзе» на НТБ. «Супер нумар! Проста клас! — пішуць прыхільнікі ў каментарыях. — Выступілі лепш за ўсіх!» Нумар сапраўды ўражвае: дынаміка, добрыя галасы і прывабная знешнасць удзельнікаў. Але ёсць у гэтым нумары нешта яшчэ. Тое, на што чалавек веруючы абавязкова зверне ўвагу. Прыгледзімся крыху бліжэй.
Нумар пабудаваны на рэлігійных сакрамэнталіях: мелодыка грыгарыянскага спеву, выявы святыняў, свечкі, ружанцы, калараткі, кніга ў скураным пераплёце... Складваецца ўражанне, што ўсё гэта нейкім чынам добра знаёма гледачу. Але адкуль?
Тэлевізійны сюжэт пачынаўся з таго, што трое хлопцаў у каларатках і ў чорным адзенні, падобным да сутан, складваюць разам рукі і Ганна Седакова прамаўляе словы малітвы: «Божанька, дзякуй, што Ты верыш нам і нас вядзеш». Аднак, як бачна па выступленні гэтай чацвёркі, наўрад ці гэта малітва ўспрымалася ўсур’ёз. На шыі ў хлопцаў — вялікі чорны ружанец. Ён дапаўняе вобразы пакорных хлопцаў, вельмі падобных да семінарыстаў ці маладых каталіцкіх святароў.
Хлопцы выходзяць на сцэну, і — глядач захоплены гукамі, падобнымі да грыгарыянскага харалу. На фоне — пазнавальныя абрысы кадзідла.
Хлопцы пачынаюць спяваць, расказваючы шчымлівую гісторыю кахання, дзе «маё сэрца ў бінтах», бо гэта ўсё «праз цябе».
Раптам гукавы рад перарываецца дынамічнай музыкай — змена настрою п’есы. На сцэне з’яўляюцца танцоры, якія незвычайным спосабам пачынаюць скакаць, нібы малпы.
У гэты момант «семінарысты» зрываюць з сябе «сутаны» і «калараткі».
І тут пад музыку грэчаскага Алімпа на сцэне з’яўляецца Ганна Седакова. Апранутая ў чорную сукенку з вялікім дэкальтэ, яна паволі робіць крокі насустрач гледачу. Яе позірк сканцэнтраваны, як на малітве, а ў руках — вялікая кніга ў скураной вокладцы.
Хлопцы пачынаюць адбівацца ад танцораў-«малпаў», бы ад дэманаў, з якімі па сцэнарыю яны змагаюцца.
Седакова вымаўляе некалькі сказаў над разгорнутай скураной кнігай — робіць гэта з тым жа сканцэнтраваным позіркам, паглыбленая ў сябе.
Але разгорнутая кніга палае агнём. Выглядае ўсё вельмі міфічна: нібы спявачка — чараўніца, якая схілілася над кнігай і чытае словы заклінання. Антураж створаны адпаведны: агонь, незвычайная музыка і непрабіўны выраз твару «акцёраў».
Глядач у гэты момант адкрывае ад здзіўлення рот: як эфектна! У падсвядомасці ўзнікаюць нейкія вобразы, якія ён пакуль што не можа яшчэ расшыфраваць і зразумець, — чаму яму так падабаецца на гэта глядзець і чаму так кранае яго гэты спеў і гэты агонь...
І тут апагей: аператар бярэ буйны план — і адзін з хлопцаў дэманстратыўна рве на сваіх грудзях ружанец. Успрымаецца гэта, верагодна, як належнае. Якія эмоцыі, якая душэўная сіла, а колькі драматургіі!
Што да чаго?
Паступова пазл «гледача-чайніка» складваецца і вымалёўваецца больш-менш цэласны сюжэт рэжысёра-пастаноўшчыка. Хлопцы ў каларатках і з ружанцамі на шыі — гэта святары, якія жывуць у цэлібаце. Але яны сумныя і спяваюць з дакорам: «Гэта праз цябе! Гэта праз цябе маё сэрца ў бінтах».
Разгадка простая: іх спеў — адлюстраванне душэўных змаганняў: яны думаюць пра дзяўчыну. Седакова — спакушальніца, праз якую згарае кніга ў скураным пераплёце, якая вельмі падобная да Кнігі кніг. Кніга закрываецца з шумам і ад яе ідзе дым — хлопцы зрываюць «сутаны» і калараткі. Яны больш не хочуць іх насіць, больш не хочуць быць святарамі.
Удалая праца харэографаў, рэжысёра-пастаноўшчыка, касцюмераў, стылістаў, грымёраў і відэаінжынераў — моцны візуальны нумар, які, гуляючы з нашай свядомасцю, замаскіраваў вядомыя нам хрысціянскія сімвалы пад, здавалася б, звычайную папсовую песню.
Хлопцы яшчэ некаторы час, акружыўшы Седакову, надрыўна зацягваюць: «Гэта праз цябе! Гэта праз цябе!» Глядач у напружванні — што ж будзе далей? І тут адзін за адным хлопцы падаюць перад публікай на калені. І схіляюць галаву долу. Музыка змаўкае. Седакова трымае позіркам публіку. Авацыі — публіка хлопае стоячы.
Глядач не разумее, што яго насамрэч ашукалі, як і не ведае, дзе насамрэч адбылася падмена. Разгадку трэба шукаць у сімволіцы. Ружанец, белая каларатка на шыі, кніга ў скураным пераплёце, агонь, выява святыні Нотр-Дам. Гэтыя рэчы валодаюць глыбокім сэнсам і маюць векавую гісторыю. Выкарыстанне іх у шоў надало нумару хіба больш сімвалізму, але не больш.
Сцэнарысты згулялі на падсвядомасці гледачоў. Гульня моцнымі сімваламі і падмена каштоўнасцяў у выніку свой эфект далі — гледачы ў захапленні. Але якім коштам?
Мяне не пакідае адчуванне падману: хоць і было ўсё метафарычна, але духоўна гэта было пустым дзеяннем, якое нібы і прывабліва, але не кранала нічога ў душы.
Каларатку не можа апрануць любы. Гэта частка строю духоўных асобаў — мужчын, якія прысвяцілі сваё жыццё Богу, склаўшы абяцанне чыстасці. Ды і на ружанцы людзі моляцца стагоддзямі.
Я згодны: шоў ёсць шоў — нехта, аднак, забыўся, што ружанец — не цацка.
Ілья Лапато