Пра значэнне сям’і і яе святасць, а таксама праблемы Касцёл таксама не спыняецца паўтараць на працягу ўсёй сваёй гісторыі. У «Кампендыі сацыяльнага вучэння Касцёла» сям’і «як жыццёва важнай ячэйцы грамадства» прысвечаны цэлы раздзел, у першых падраздзелах якога якраз такі і разглядаецца пытанне важнасці сям’і як для асобы, так і для грамадства ў цэлым.
Прапаную чытацкай увазе размовы на вельмі важную тэму сям’і, але ў крыху незвычайнай форме.
Для гэтага спатрэбіцца адно намаганне з боку чытача — трэба прымяніць сваё ўяўленне.
На месцы таго, хто звяртаецца, уявіце саміх сябе, можа, у дзяцінстве, у юнацтве, сталасці, а на месцы таго, хто адказвае, уявіце мудрага Дарадцы, які добра ведае сэрца Касцёла і які кажа і дзейнічае, абавязкова праводзячы вас праз сэрца Касцёла:
А вось і размова:
— Слухай, а навошта сям’я? —запытаўся я.
—«Нядобра, каб чалавек быў адзін» (Быц 2, 18), так кажа Біблія. — адказаў Дарадца.
— А што такое сям’я? — мне хацелася пачуць, што скажа менавіта Дарадца.
— Ну, ведаеш, калі найбольш проста, то сям’я — гэта “калыска жыцця і любові”. Ты ж уяўляеш калыску?
— О, так, уяўляю, — я падумаў і прыгадаў вось што: калыску, якая была падвешана ў музеі. У той калысцы калыхалі малога, а ў будучым вядомага і малым, і старым Канстанціна Міцкевіча. Менавіта гэта было маё ўяўленне, якое першае ўсплыло на слова «калыска».
Потым я ўявіў, што ж увасабляе жыццё і любоў.
На “жыццё” я ўзгадаў момант, калі прачнуўся вясновым ранкам, бо за вакном пачуў такія моцныя працоўныя адгалоскі ластавак, якія ўжо з усіх сілаў стараліся адбудаваць за зіму разбуранае варварамі-вераб’ямі жытло, каб не спазніцца выседзець сваіх жоўтаротых дзяцей. Іхняе завіханне — гімн жыццю.
А на “любоў” я прыгадаў свайго пяцігадовага брата, які прынёс дадому некалькі кветак і замёр перад вазаю, робячы, як аказалася напрыканцы, прыгожую канструкцыю усяго з некалькіх кветак: позніх жоўтага і двух карычневых бархатцаў, ды некалькіх травінак у дадатак. Тады я яго запытаўся: «ты навошта?» А ён, нават не думаючы, у працэсе працы адказаў: «Каб ты палюбаваўся!»
Вось, сабраў тры вобразы ў адно і ўсміхнуўся Дарадцу.
— А навошта сям’я? — зноў зусім па-дзіцячы я спытаў у яго.
— Усё проста “у сям’і чалавек вучыцца пазнаваць любоў і вернасць Пана і ўсведамляе, што на іх трэба адказваць”.
— На любоў і вернасць трэба адказваць… — паўтарыў я, заплюшчыў вочы і ўзгадаў, як учора некалькі разоў мне тэлефанаваў сябра, а я вырашыў, што знайду на яго час потым, а так і не знайшоў, толькі падумаў, што потым паспею. І забыўся.
— А якую сям’ю ты прывядзеш у прыклад?
— А кожную сям’ю, якая «нараджаецца з глыбокай супольнасці жыцця і сужэнскай любові, заснаванай на сужэнскім саюзе паміж мужчынам і жанчынай...” і ўяўляе “Божую ўстанову... Сям’я — гэта санктуарый жыцця”.
— Санктуарый? У гэты момант я ўявіў, як вобраз далікатнай калыскі, у якой люлялі аднаго з маіх улюбёных паэтаў, ператвараецца ў велічную святыню. Не, я не ўяўляў велічныя санктуарыі Заходняй Еўропы, якія захаваліся ў памяці пасля падарожжаў і вандровак. Не, без сумневу, я ўявіў санктуарый, які з’яўляецца калыскай беларусаў-католікаў – Будслаў. І пастараўся супаставіць… Але тут не трэба было шмат намаганняў.
Я прыгадаў, як кожнае лета шматлікія сем’і прыязджаюць туды, каб памаліцца, каб усёй сям’ёй прайсціся на каленях па цэнтры святыні да цудоўнага абраза, а потым застыць ў таямніцы начной святой Імшы, калі пад адкрытым небам моляцца ўсе, хто стварае сваімі сем’ямі адну вялікую сям’ю Касцёла.
Гэтыя хвіліны для мяне ніколі не стануць звычайнымі, яны заўсёды мелі і будуць мець сакральны сэнс, і сваю велічную «калакагатасць» — спалучэння нечага вельмі добрага з велічна прыгожым…
Сям’я — адначасова і калыска, і велічны санктуарый. — сказаў я, з удзячнасцю гледзячы на Дарадцу.
(Тэкст курсівам – вытрымкі з «Кампендыя сацыяльнага вучэння Касцёла», фотаздымкі дзяцей — Алэна Лебуаля)
Аксана Ючкавіч