У нашых парафіях пасля святаў Божага Нараджэння існуе звычай, які называецца Калядой, а інакш — душпастырскім візітам святара. Цяжка адказаць на пытанне, калі ў касцёле з’явіўся звычай наведвання святарамі вернікаў сваёй парафіі. Існуе многа розных тэорый. Так, напрыклад, польскі паэт і празаік эпохі рэнесансу Мікалай Рэй, які жыў у XVI ст., ужо ў сваіх творах успамінае пра святароў, якія хадзілі па калядзе. З іншага боку, як падае традыцыя старажытнага Рыма, людзі адведвалі адзін аднаго падчас студзенскіх календаў (callandae), якімі разпачыналі новы год. Але ёсць таксама і версія, што звычай гэты звязаны з благаслаўленнем дамоў ва Урачыстасць Аб’яўлення Пана (Трох Каралей). За адзін дзень немагчыма было благаславіць усе дамы, таму гэтыя адведзіны расцягваліся на некаторы час.
На дадзены момант, галоўнай мэтай душпастырскага візіту не з’яўляецца толькі благаслаўленне дому, але таксама магчымасць душпастыра сустрэцца са сваімі парафіянамі, паразмаўляць, пазнаць іх жыццёвую сітуацыю, можа дапамагчы сваёй парадай і заахвоціць да нейкіх змен у асабістым рэлігійным жыцці. Увогуле гэты час дапамагае святару рэалізаваць сваё заданне пастыра, які клапоціцца пра сваіх авечак і дапамагае ім. Часам бываюць таксама розныя выпадковыя сітуацыі, калі святар спаткае дзе-небудзь на вуліцы або ў пад’ездзе чалавека, які, можа, далёкі ад Бога, веры і Касцёла, але такая сустрэча можа стацца карыснай і дапамагчы зноў прыйсці да Бога.
Сустрэча з вернікамі дапамагае душпастыру яшчэ больш зразумець і пазнаць жыццёвыя праблемы католікаў розных пакаленняў: старэйшых людзей, многія з якіх яшчэ памятаюць часы, калі нельга было сведчыць аб сваёй веры, але таксама маладога пакалення, сучаснай моладзі, якая вельмі часта перажывае духоўныя крызісы, якая задае сабе пытанні такога кшталту: ці ўсё гэта патрэбна ў жыцці, а можа хопіць таго, што я веру ў душы? Трэба сказаць, што душпастырскі візіт, у большасці сітуацый праходзіць у атмасферы радасці, калі, збіраючыся, уся сям’я яднаецца ў малітве. Вернікі рыхтуюць свае дамы, кватэры да душпастырскага візіту. Адразу бачна, ці сям’я практыкуючая, ці наведвае касцёл.
Бываюць таксама і сітуацыі, што гэты візіт святара для некаторых з’яўляецца быццам мукай. Бывае, што з людзьмі цяжка навязаць дыялог, нешта спытаць. Здараецца, што можна пачуць таксама і здзіўленне: «Oй! А мы не ведалі, што вы прыйдзеце», або часам: «Ну заходзьце, калі прыйшлі». У такой сітуацыі адразу бачна, што маеш сустрэчу з людзьмі, якія занядбоўваюць святы. Большасць непадрыхтаваных сем'яў, неглядзячы на гэта, усё ж запрашаюць увайсці. Аднак даволі часта людзі не хочуць бачыць святара ў сваім памяшканні. Вядома, што гэта асабістае права кожнага чалавека, прыняць або не прыняць прапаведніка Добрай Весткі аб Хрысце. Аднойчы Папа Францішак, звяртаючыся да святароў, сказаў: «Сёння святар павіннен быць не толькі пастырам, але таксама і рыбаком», які ходзіць і шукае людзей. І трэба сказаць, што, можа, гэта не заўсёды лёгка, але ўсё ж такі гэта адно з найважнейшых заданняў святара.
Каляда з’яўляецца адной з магчымасцяў, каб рэалізаваць святару сваё пакліканне. Для верніка гэта магчымасць атрымаць Божае благаслаўленне, задаць пытанні, папрасіць парады, бліжэй пазнаёміцца са святаром, а таксама ў чарговы раз ўсвядоміць праўду аб тым, што з'яўляешся часцінкай Паўсюднага Касцёла і Божым дзіцём.
А на завяршэнне адна вясёлая, жыццёвая гісторыя, якая здарылася падчас Каляды. Адзін святар, замучаны пасля цэлага дня калядавання, урэшце ўвайшоў у апошні дом, дзе жыла добра знаёмая сям’я, і пачаў малітву такімі словамі: «Памолімся словамі, якімі Пан Езус звяртаўся да свайго Айца Нябеснага: Вітай, Марыя, поўная ласкі»…
Кс.Ян Раманоўскі, grodnensis.by