1 жніўня Дыкастэрыя па евангелізацыі абнародавала спецыяльную ноту адносна Святых дзвярэй у 2025 Юбілейны год.
Як адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, дакумент пастанаўляе, што Святыя дзверы будуць адчынены толькі ў Рыме. Ласку адпусту, аднак, можна будзе атрымаць у месцах, вызначаных Апостальскай пэнітэнцыярыяй.
У дакуменце адзначаецца, што ў сувязі з набліжэннем пачатку Юбілею 2025 года «нядаўна было ўзнята пытанне аб тым, ці можна прадугледзець вызначэнне і адкрыццё Святых дзвярэй у катэдральных касцёлах, міжнародных і нацыянальных санктуарыях, а таксама ў іншых асабліва значных месцах культу».
«У сувязі з гэтым, з павагай ставячыся да пастырскіх і пабожных матываў, якія маглі заахвоціць да такога пахвальнага імкнення, мы, тым не менш, лічым неабходным нагадаць аб дакладных указаннях, дадзеных Святым Айцом у буле Spes non confundit аб устанаўленні Юбілею 2025 года», — гаворыцца ў тэксце.
Падкрэсліваецца, што папскім дакументам адкрыццё Святых дзвярэй прадугледжана ў базыліцы святога Пятра і трох іншых папскіх базіліках у Рыме, а менавіта святога Яна на Латэране, святой Марыі Вялікай і святога Паўла за мурамі. У якасці выключэння Папа выказаў жаданне асабіста адчыніць Святыя дзверы ў вязніцы, «каб даць зняволеным канкрэтны знак блізкасці».
«Таксама добра вядома, што асаблівым і вызначальным знакам Юбілейнага года, які перадаецца з першага Юбілею 1300 года, з’яўляецца адпуст, які „пакліканы выказаць паўнату Божага прабачэння, якое не ведае межаў“, праз сакрамэнт пакаяння і знакі міласэрнасці і надзеі. Таму, каб пражыць гэты момант ласкі ў поўнай меры, настойліва рэкамендуецца звярнуцца да канкрэтных месцаў і розных спосабаў, указаных у дэкрэце Апостальскай пэнітэнцыярыі ад 13 мая 2024 года», — гаворыцца ў ноце Дыкастэрыі па евангелізацыі.