
13 мая Апостальская пэнітэнцыярыя абнародавала дэкрэт, у якім акрэсліла ўмовы атрымання адпустаў вернікамі на працягу Юбілею Святога 2025 года, абвешчанага Папам Францішкам.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у дакуменце згадваюцца месцы, у якіх можна будзе атрымаць адпуст: як у Рыме, які будзе цэнтрам юбілейных падзей, так і ў іншых частках свету, каб ніхто не застаўся пазбаўленым юбілейнай ласкі.
«Усе вернікі, шчыра пакаяўшыся, не маючы прывязанасці да якога-кольвечы граху і кіруючыся духам любові, якія на працягу Святога года ачысцяцца праз сакрамэнт пакаяння і ўмацуюцца святой Камуніяй, а таксама будуць маліцца ў інтэнцыях Папы, са скарбніцы Касцёла змогуць атрымаць поўны адпуст, адпушчэнне і прабачэнне сваіх грахоў, які можна будзе таксама ахвяраваць за душы ў чыстцы», — гаворыцца ў дэкрэце.
Апостальская пэнітэнцыярыя паінфармавала, што зрабіць гэта можна будзе шляхам здзяйснення пілігрымкі, наведвання святых месцаў і выканання ўчынкаў міласэрнасці і пакаяння.
Пілігрымкі
Да мэтаў пілігрымак адносяцца чатыры вялікія папскія базылікі ў Рыме: святога Пятра ў Ватыкане, святога Яна на Латэране, Святой Марыі Вялікай, святога Паўла за Мурамі; базылікі на Святой Зямлі — Гробу Пана ў Ерузалеме, Нараджэння Пана ў Бэтлееме, Звеставання Пана ў Назарэце; а таксама катэдральныя касцёлы і іншыя касцёлы ці святыя месцы, указаныя мясцовымі біскупамі.
Адпуст можна атрымаць, пабожна ўзяўшы ўдзел у святой Імшы ў адным з гэтых месцаў, або ў Ліругіі гадзінаў (Гадзіне чытанняў, Ютрані, Нешпарах), Крыжовым шляху, Ружанцы, Акафісце, пакаянным набажэнстве, якое ўключае індывідуальную споведзь.
Пабожныя наведванні святых месцаў
Іншыя месцы для атрымання адпусту — гэта рымскія базылікі святога Крыжа ў Ерузалеме, святога Лаўрэнція і святога Себасцьяна, санктуарый Боскай любові, касцёл святога Паўла пры Трох фантанах і катакомбы. Асаблівая ўвага звяртаецца на касцёлы Юбілейнага шляху, звязанага з краінамі-членамі Еўрапейскага Саюзу, і з жанчынамі, нябеснымі апякункамі Еўропы і Доктарамі Касцёла.
Тут жа згадваюцца дзве францішканскія базылікі ў Асізі, марыйныя санктуарыі ў Ларэта і Пампеях, санктуарый святога Антонія ў Падуі ў Італіі, а таксама «кожная малая базыліка, катэдральны касцёл, конкатэдральны касцёл, Марыйны санктуарый ці любы іншы значны касцёл, указаны мясцовымі біскупамі».
Падчас наведвання вернікам трэба будзе правесці «належны» час на Эўхарыстычнай адарацыі і медытацыі, завяршаючы яго малітвай «Ойча наш», адной з зацверджаных формаў Сімвала веры і малітоўным заклікам да Найсвяцейшай Панны Марыі.
Тыя, хто па сур’ёзных прычынах не мае магчымасці здзейсніць пілігрымку ці наведаць святое месца, могуць атрымаць адпуст, духоўна яднаючыся з тымі, хто гэта робіць, і прамаўляючы малітву «Ойча наш», Сімвал веры і іншыя малітвы, звязаныя са Святым годам, прыносячы ў ахвяру свае пакуты і жыццёвыя цяжкасці.
Учынкі міласэрнасці і пакаяння
Дэкрэт прадугледжвае магчымасць атрымання адпусту шляхам удзелу ў народных місіях, духоўных практыкаваннях, фармацыйных сустрэчах па вывучэнні дакументаў Другога Ватыканскага Сабору і Катэхізісу. Іншая магчымасць — здзяйсненне ўчынкаў міласэрнасці: наведванне хворых, вязняў, самотных пажылых людзей, людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Яшчэ адна магчымасць — учынкі пакаяння.
Сярод іх згадваецца адкрыццё «пакаяннай каштоўнасці пятніцы», устрыманне, прынамсі на адзін дзень, ад рэальных і віртуальных забаваў, якія прапануюцца СМІ і сацыяльнымі сеткамі, пазбяганне неабдуманых пакупак. Замест гэтага можна зрабіць ахвяраванне на карысць бедных або на рэлігійную ці дабрачынную дзейнасць, асабліва на карысць абароны жыцця на ўсіх яго этапах, прысвяціць час валанцёрскаму служэнню.
Сакрамэнт споведзі
Падкрэсліваецца, што Святы Год — гэта асаблівы час, калі можна спазнаць Божае прабачэнне. У дакуменце ўтрымліваецца заклік аблегчыць магчымасць для споведзі і згадваецца пра шэраг паўнамоцтваў, дадзеных у гэтай сферы біскупам. Святароў заахвочваюць шчодра прысвячаць сябе таму, каб як мага больш вернікаў скарысталася прыладамі збаўлення.
У дакуменце даюцца пэўныя практычныя парады.
Напрыклад, прапануецца змяшчаць у касцёлах расклад гадзін споведзі, правядзенне пакаянных набажэнстваў з магчымасцю прыступіць да сакрамэнту споведзі, заахвочванне спавядаць, скіраванае пажылым святарам, якія не маюць душпастырскіх абавязкаў.