9 мая, ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, Папа Францішак узначаліў цырымонію, падчас якой была зачытана і ўручана Божаму народу була аб абвяшчэнні Юбілею Святога 2025 года.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, цырымонія прайшла ў атрыюме базылікі святога Пятра, перад закрытымі Святымі дзвярыма. Яна папярэднічала малітве Нешпараў, цэлебрацыю якой потым узначаліў Папа.
Дакумент носіць назву Spes non confundit — «Надзея не расчаруе». Ён мае 25 раздзелаў і ўтрымлівае просьбы, прапановы і заклікі Папы Францішка адносна святкавання Святога года, які будзе праходзіць у Каталіцкім Касцёле з 24 снежня 2024 года да 6 студзеня 2026 года пад дэвізам «Пілігрымы надзеі».
Пантыфік пажадаў, каб менавіта надзея стала дарам Юбілея для чалавецтва.
Адкрыццё Святых дзвярэй
Папа Францішак абвясціў, што ўрачыстае адкрыццё Святых дзвярэй у базыліцы святога Пятра адбудзецца 24 снежня 2024 года. 29 снежня ён адчыніць Святыя дзверы базылікі святога Яна на Латэране; 1 студзеня, ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі, — базылікі Святой Марыі Вялікай, а 5 студзеня — базылікі святога Паўла за Мурамі. Юбілей завершыцца закрыццём Святых дзвярэй ватыканскай базілікі 6 студзеня 2026 года, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана. У трох іншых папскіх базыліках Рыма яны будуць закрытыя да 28 снежня 2025 года.
Супольная дата Пасхі
У буле Папа згадаў пра 1700-годдзе Нікейскага Сабору, адным з пытаннем якога быў метад вызначэння даты святкавання Пасхі. Пантыфік заўважыў, што на гэты конт да сённяшняга дня існуюць розныя погляды, якія перашкаджаюць хрысціянам святкаваць гэтую «асноватворную падзею веры» у той самы дзень, але, па «правідэнцыяльным супадзенні», яны будуць рабіць гэта менавіта ў 2025 годзе.
«Няхай гэта стане заклікам да ўсіх хрысціянаў Усходу і Захаду здзейсніць вырашальны крок да адзінства вакол супольнай даты Пасхі», — напісаў Святы Айцец.
Надзея для ўсіх
Папа Францішак пажадаў, каб Святы Юбілей усяліў надзею ва ўсіх. «Для ўсіх, асабліва для найбольш расчараваных, хто глядзіць у будучыню са скептыцызмам і песімізмам, няхай Святы год стане магчымасцю адрадзіць надзею, а таксама цноту цярплівасці, якая сёння, здаецца, выцясняецца спешкай», — адзначыў ён, заклікаўшы бачыць надзею ў знаках часу і не паддавацца спакусе думаць, што нас перамагае зло і насілле: дабро ёсць у свеце, і яго вельмі шмат.
Убачыць людзей, якія патрабуюць дапамогі
Па словах Папы, Святы год заклікае нас убачыць людзей, якія патрабуюць дапамогі ў нашым свеце, зноў «занураным у трагедыю вайны». «Не зважаючы на драмы мінулага, чалавецтва перажывае новае і цяжкае выпрабаванне, падчас якога многія народы апынуліся пад цяжарам жорсткага насілля. Якія яшчэ пакуты павінны спазнаць гэтыя народы? Як можна, што іх адчайны крык аб дапамозе не падштурхоўвае лідараў дзяржаў пакласці канец занадта вялікай колькасці рэгіянальных канфліктаў пры ўведамленні наступстваў, якія могуць узнікнуць ва ўсім свеце?
Ці гэта зашмат: марыць аб тым, каб зброя змоўкла і перастала прыносіць разбурэнні і смерць?» — задаў рытарычнае пытанне Пантыфік.
Падтрымліваць нараджальнасць
Святы Айцец заклікаў пераадолець «зніжэнне нараджальнасці» ў многіх краінах, на якое ўплываюць «шалёны рытм жыцця», «страх перад будучыняй», «адсутнасць гарантый занятасці і сацыяльнай абароны», «сацыяльныя мадэлі», у якіх пераважае імкненне да прыбытку, а не да адносін. Паводле Папы, існуе «тэрміновая неабходнасць» у «рашучай падтрымцы» з боку вернікаў і грамадзянскай супольнасці жадання маладых людзей ствараць сям’ю, каб будучыня была «пазначана ўсмешкамі шматлікіх хлопчыкаў і дзяўчынак, якія прыйдуць заняць пустыя калыскі».
Амністыя, годныя ўмовы жыцця вязняў і адмена смяротнага пакарання
Папа Францішак заклікаў да «адчувальных знакаў надзеі» для зняволеных. Ён прапанаваў урадам прыняць «формы амністыі і змякчэння пакарання», а таксама «шляхі рэінтэграцыі ў грамадства».
Пантыфік заахвоціў да стварэння «годных умоваў жыцця для зняволеных, павагі правоў чалавека» і «адмены смяротнага пакарання».
Каб выразіць сваю блізкасць да вязняў, ён адчыніць Святыя дзверы ў адной з турмаў.
Клопат пра хворых і моладзь
Папа адзначыў, што знакі надзеі неабходна даваць хворым, клопат пра якіх — гэта «гімн чалавечай годнасці». Надзея патрэбна і маладым людзям, якія бачаць як рушацца іх мары. «Ілюзіі наркотыкаў, рызыка парушэння закону і пагоня за эфемерным, прыводзяць іх да разгубленасці больш, чым іншых, і хаваюць ад іх прыгажосць і сэнс жыцця, прымушаючы занурацца ў цёмныя бездані і штурхаючы да аўтадэструкцыйных учынкаў».
Дапамога мігрантам
Папа Францішак пажадаў, каб спадзяванням мігрантаў «не перашкаджалі забабоны і закрытасць». «Многім выгнаннікам, бежанцам і перамешчаным асобам, якіх супярэчлівыя міжнародныя падзеі прымушаюць уцякаць, каб пазбегнуць вайны, насілля і дыскрымінацыі, павінны быць гарантаваныя бяспека і доступ да працы і адукацыі — неабходныя інструменты для іх інтэграцыі ў новы сацыяльны кантэкст».
Салідарнасць з пажылымі і беднымі
Папа згадаў пра шматлікіх пажылых людзей, якія жывуць у самотнасці і пакінутасці. Ён нагадаў таксама пра «мільярды» бедных, якія «не маюць самага неабходнага для жыцця» і «пакутуюць ад адчужэння і абыякавасці многіх».
«Абуральна», па словах Папы Францішка, што бедныя складаюць большасць насельніцтва свету, «надзеленага вялізарнымі рэсурсамі, прызначанымі пераважна для ўзбраенняў».
Пантыфік заклікаў багатых да шчодрасці і паўтарыў сваю прапанову стварыць Сусветны фонд для канчатковага вырашэння праблемы голаду, у аснову якога могуць легчы сродкі, што прызначаліся на ваенныя мэты.
Прабачыць даўгі бедных краін
Папа Францішак звярнуўся да багатых краін, прапануючы ім згадзіцца прабачыць даўгі краін, якія ніколі не змогуць іх вярнуць. «Гэта пытанне справядлівасці», абцяжаранае сёння «новай формай няроўнасці», асабліва «экалагічным доўгам» паміж Поўначчу і Поўднем, лічыць Пантыфік.
Сведчанне мучанікаў
Святы Айцец заклікаў скіраваць позірк на сведчанне мучанікаў, якія належаць да розных хрысціянскіх традыцый, а таксама выказаў пажаданне, каб на працягу Святога года «не было недахопу ў экуменічных цэлебрацыях».
Споведзь і міласэрнасць
Пантыфік адзначыў важнасць сакрамэнту споведзі і абвясціў аб працягу служэння Місіянераў міласэрнасці, устаноўленага падчас Надзвычайнага Юбілею. Ён папрасіў біскупаў скіраваць іх туды, дзе «надзея зносіць выпрабаванне» і дзе «абражаецца годнасць чалавека».
Усходнія Касцёлы і Праваслаўныя Цэрквы
Папа Францішак звярнуўся з асаблівым заклікам да вернікаў Усходніх Касцёлаў, якія «шмат пакутавалі, часта да самай смерці, за сваю вернасць Хрысту і Касцёлу».
Гэтыя браты «павінны адчуваць сябе асабліва жаданымі гасцямі ў Рыме, які з’яўляецца Маці і для іх».
Ён згадаў таксама пра праваслаўных братоў і сясцёр, якія перажываюць «Крыжовы шлях», будучы вымушанымі пакінуць свае родныя землі з прычыны насілля і нестабільнасці.
Марыйныя санктуарыі
Папа заахвоціў пілігрымаў, якія прыбываюць у Вечны горад, памаліцца ў Марыйных санктуарыях, каб прасіць аб абароне Марыі і адчуць блізкасць самай пяшчотнай з маці, якая ніколі не пакідае сваіх дзяцей.