Пошук

02.08.2024 11:11   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Людміла Віхаценка / Grodnensis.by

31 ліпеня і 1 жніўня ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) адбываліся ўрачыстасці ў 81-ю гадавіну мучаніцкай смерці адзінаццаці законніц з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.

У ноч з 31 ліпеня на 1 жніўня 1943 года, падчас Другой сусветнай вайны, у Батароўскім лесе каля Навагрудка адзінаццаць назарэтанак з мясцовага кляштара былі расстраляныя гітлераўцамі, аддаўшы сваё жыццё за 120 чалавек, арыштаваных і асуджаных на смерць, у ліку якіх быў таксама святар.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у сёлетніх урачыстасцях, каб ушанаваць памяць гэтых сведкаў Хрыста, якія прынеслі сябе ў ахвяру за бліжніх, і вучыцца ў іх адважна ісці праз жыццё, прыбыло шмат людзей.

Прысутнічала каталіцкае духавенства і Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Па традыцыі прыйшла пешая пілігрымка з Новай Мышы (Пінская дыяцэзія).

Упершыню прыйшла пешая пілігрымка з Ліды, у якой удзельнічалі пераважна вернікі з парафіі святога Юзафа, рамесніка, і благаслаўлёных назарэтанак-мучаніц на чале з пробашчам ксяндзом Віталіем Сідоркам. Аднак у пілігрымцы бралі ўдзел вернікі не толькі гэтай парафіі, але і іншых парафій Ліды, а таксама з Гродна, Радуні і Шчучына.

Пілігрымка пачалася 30 ліпеня святой Імшой, якую цэлебраваў каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй. Іерарх заахвоціў вернікаў да малітоўнага пілігрымавання і ўдзяліў ім благаслаўленне. Пэўны час біскуп сам прайшоў у пілігрымцы. Разам з ім пілігрымы пераадолелі апошнюю частку шляху, набліжаючыся да месца мучаніцкай смерці назарэтанак, каб дзякаваць Богу за дар іх ахвяры.

Адметнай падзеяй у пілігрымцы былі духоўныя канферэнцыі, якія прамаўляў біскуп намінат Андрэй Зноска, прызначаны нядаўна дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі.

Святар распавёў пілігрымам, што Навагрудак і благаслаўлёныя назарэтанкі вельмі блізкія яму, паколькі з самага дзяцінства ён наведваў навагрудскую Фару і разам з бацькамі маліўся на месцы пахавання мучаніц. Таксама біскуп намінат адзначыў, што святасць патрабуе вялікіх намаганняў.

Асноўнай тэмай гэтых «рэкалекцый у дарозе» былі навагрудскія назарэтанкі і іх ахвяра дзеля жыцця іншых.

На месцы мучаніцкай смерці сясцёр удзельнікі ўрачыстасцяў маліліся аб тым, каб яны самі, іх сем’і і супольнасці мелі ласку глыбокай і моцнай веры, адвагі і сапраўднай любові да Бога і бліжніх, маліліся за мір ва ўсім свеце, у кожным доме і сям’і, дзякавалі Пану за дар благаслаўлёных назарэтанак для Касцёла на Гродзеншчыне і ва ўсёй Беларусі.

Першая святая Імша ў межах урачыстасцяў цэлебравалася ў Батароўскім лесе, на месцы мучаніцкай смерці навагрудскіх назарэтанак. Узначаліў цэлебрацыю біскуп Уладзімір Гуляй.

Напачатку іерарх адзначыў, што кожны, хто наведвае гэты лес, які стаў месцам трагічных падзей вайны, вымушаны задумацца над тым, якой вялікай можа быць чалавечая нянавісць і наколькі магутнай з’яўляецца любоў Бога, якая гэтую нянавісць перамагае. Іерарх назваў гэтае месца святым, таму што яно захоўвае памяць пра мучанікаў нашай зямлі і Касцёла на Беларусі.

«У сённяшні неспакойны час мучаніцы з Навагрудка паказваюць усяму свету, што малітва, ахвярнае жыццё і клопат пра іншых кідаюць выклік сіле вайны, зла і нянавісці.

З гэтага месца мучаніцы вучаць кожнага з нас быць моцным чалавекам. Яны зноў і зноў нагадваюць нам, што хрысціяне перамагаюць не сілай, а верай і любоўю», — дадаў біскуп.

Каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі заклікаў удзельнікаў урачыстасцяў дзякаваць благаслаўлёным назарэтанкам за сведчанне любові, прыклад хрысціянскага гераізму і даверу моцы Святога Духа. Мучаніцы загінулі, а жыццё засталося, і гэта азначае, што любоў заўсёды з’яўляецца жыццядайнай, — сказаў іерарх.

На Імшы біскуп маліўся за прысутных і за ўсіх вернікаў Касцёла на Беларусі, каб любоў перамагла ў іх сэрцах, каб яны былі людзьмі, якія будуюць цывілізацыю жыцця, і баранілі жыццё ад зачацця да натуральнай смерці; маліўся за ўсе сем’і нашай краіны, каб яны былі моцныя Богам і станавіліся ўсё больш падобнымі да Святой Сям’і з Назарэта.

Акрамя таго, іерарх заахвоціў да асаблівай малітвы аб новых і святых пакліканнях да святарства і манаскага служэння, асабліва ў супольнасці назарэтанак, «каб праз служэнне, веру і жыццё святароў і законных сясцёр аднавілася аблічча беларускай зямлі»

Важным момантам літургіі была малітва за ўсе краіны, дзе адбываюцца канфлікты i войны, каб насілле і нянавісць саступілі месца паяднанню і прабачэнню, а праціўнікі знайшлі ў сабе мудрасць і адвагу для мірнага вырашэння ўсялякіх спрэчак.

Потым у навагрудскім дыяцэзіяльным санктуарыі, дзе знаходзяцца рэліквіі благаслаўлёнай сястры Марыі Стэлы і дзесяці яе паплечніц, мучаніц, пачалося начное малітоўнае чуванне. У яго праграме былі канферэнцыя, Вяночак да благаслаўлёных сясцёр-мучаніц у інтэнцыі сем’яў, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, Крыжовы шлях.

У 4.30, прыблізны час расстрэлу сясцёр, адбылася святая Імша, якая завяршыла ўрачыстасці.

 

Абноўлена 02.08.2024 11:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.