У суботу 3 жніўня ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі ўдзеліць дыяканскае пасвячэнне кандыдату ў дыяканат і святарства Аляксандру Шыманскаму.
Гэтае пасвячэнне ў ступені дыяканату ў мінскай архікатэдры стане першым за мінулыя чатыры гады.
На партале Catholic.by будзе даступная прамая трансляцыя ўрачыстай святой Імшы з сакрамэнтам пасвячэння.
- Пачатак у 12.00
Аляксандр Шыманскі паходзіць з Мінска, мае 34 гады. У 2013 годзе скончыў гістарычны факультэт БДУ, пэўны час вёў працоўную дзейнасць, служыў у войску.
У 2024 скончыў навучанне ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. 17 чэрвеня ў Люблінскім каталіцкім універсітэце (Польшча) абараніў магістарскую працу па гісторыі Касцёла на тэму жыцця і дзейнасці праваслаўнага біскупа святога Георгія Каніскага. Праходзіў душпастырскую практыку пры архікатэдральнай парафіі ў Мінску.
Пяцідзённыя рэкалекцыі перад пасвячэннем кандыдат правёў у кляштары кармэлітаў босых пры санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Гродзенская дыяцэзія).