Пошук

03.08.2024 20:34   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Мікіта Яфрэмаў / Catholic.by

У суботу 3 жніўня ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі ўдзяліў сакрамэнт пасвячэння ў ступені дыяканату Аляксандру Шыманскаму, магістру тэалогіі, выпускніку Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Гэтае дыяканскае пасвячэнне ў мінскай архікатэдры стала першым за мінулыя чатыры гады. Ва ўрачыстай святой Імшы з сакрамэнтам пасвячэння ўзялі ўдзел паўтара дзясяткі святароў, сярод якіх быў сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Мінску ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока, семінарысты на чале з рэктарам Міждыяцэзіяльнай семінарыі ў Гродне ксяндзом канонікам Віталем Вайцяхоўскім, кансэкраваныя асобы і вернікі, у тым ліку родныя кандыдата.

Вітаючы ўсіх сабраных у мінскай архікатэдры ў гэты «знамянальны, гістарычны дзень» для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскуп Касбуцкі выказаў падзяку Богу за кандыдата да пасвячэння і заахвоціў прысутных падтрымаць яго сваімі малітвамі.

«Няхай кожны з нас у душы і ў сэрцы папросіць добрага і міласэрнага Бога, каб ён не проста сёння зрабіў яго дыяканам, сваім слугою, але каб сапраўды прытуліў да свайго Найсвяцейшага Сэрца і вёў праз усё жыццё», — сказаў іерарх, дадаўшы, што цэлебруе Імшу за Аляксандра, «каб ён быў добрым слугою Пана, добрым дыяканам, добрым святаром, а калі будзе воля Божая, можа, і добрым біскупам, а можа, і добрым Папам».

Пасля таго, як было прачытана Евангелле, ксёндз Дзмітрый Пухальскі, канцлер Мінска-Магілёўскай мітрапалітальнай курыі і пробашч архікатэдральнай парафіі, дзе апошнім часам праходзіў душпастырскую практыку Аляксандр Шыманскі, звярнуўся да біскупа з просьбаю аб удзяленні яму сакрамэнту пасвячэння ў ступені дыяканату, засведчыўшы, што кандыдат сапраўды годны яго прыняць.

У прамоўленай гаміліі біскуп Касабуцкі перадусім адзначыў, што пасвячэнне — гэта вялікая радасць для мясцовага Касцёла, пасля чаго прапанаваў паразважаць над значэннем дыяканскага служэння.

Іерарх заўважыў, што яно грунтуецца на пакліканні, якое, паводле святога Яна Паўла ІІ, з’яўляецца «дарам і таямніцай»: «Бог выбірае чалавека і дае яму гэты дар».

Грунтуючыся на сваім уласным пастырскім досведзе, біскуп зазначыў, што людзі могуць па-рознаму адносіцца да веры: некаторыя кажуць, што «вераць у душы», але не прымаюць супольнасці Касцёла, іншых жа, наадварот, могуць цікавіць толькі прыгожыя абрады, іх знешняя форма, а адносіны да духоўнасці ў іх вельмі павярхоўныя.

«Аляксандр, ты можаш сустрэцца з рознымі рэчамі, але няхай нішто і ніколі цябе не збянтэжыць <…>. Прапаведуй Хрыста, якога ты прыняў», — заклікаў кандыдата іерарх. Ён таксама выказаў падзяку духоўнай семінарыі ў Гродне ў асобе прысутных па пасвячэнні рэктара, духоўнага айца і эканома гэтай касцёльнай навучальнай установы за падрыхтоўку кандыдата да дыяканату і святарства.

Біскуп заахвоціў Аляксандра развіваць атрыманы дар, «дэпазіт веры». «Тады сапраўды ты зможаш быць ужо цяпер як дыякан дапамогай біскупу, прэзбітэрам у служэнні слова, у служэнні алтара і любові, стаўшы слугою ўсіх», — падкрэсліў іерарх, нагадаўшы будучаму дыякану пра функцыі, якія накладае на яго гэтае служэнне, а таксама пра неабходнасць няспынна ўдасканальвацца ў любові і праяўляць добразычлівасць да кожнага чалавека.

«Ты можаш прывесці да Бога вельмі шмат людзей», — сцвердзіў біскуп Касабуцкі, адзначыўшы, што Бог шчодра адарыў Аляксандра ўсім неабходным для гэтага.

«Нічога не бойся: Бог заўсёды з табой. <…> Ахвотна будзь слугою Хрыста і тых людзей, якіх сустрэнеш. У любові і з радасцю служы Пану, служы людзям», — падбадзёрыў іерарх Аляксандра Шыманскага перад тым, як удзяліць яму дыяканскае пасвячэнне.

Гэтаму папярэднічаў дыялог біскупа з кандыдатам, у якім апошні, адказваючы на пытанні іерарха, выказаў свой намер адданага служэння Богу ў Ягоным Касцёле, а таксама, уклаўшы свае рукі ў рукі біскупа, паабяцаў пашану і паслухмянасць свайму ардынарыю. Каб Бог дапамог будучаму дыякану выканаць абяцанае, прысутныя ў касцёле маліліся Літанію да ўсіх святых, падчас якой кандыдат ляжаў крыжам перад алтаром.

Нарэшце, біскуп у цішыні ўсклаў рукі на галаву Аляксандра і прачытаў малітву пасвячэння, пасля чаго новапасвячаны дыякан упершыню апрануў уласцівае свайму сану літургічнае адзенне: стулу праз левае плячо і далматыку. Апранацца яму дапамагаў ягоны пробашч ксёндз Алег Шпець, хрыстусовец. Дапаўненнем абраду стала сімвалічнае ўручэнне дыякану Аляксандру кнігі Евангелля, якое ён пакліканы абвяшчаць. Пасля гэтага дыякан заняў належнае яму месца пры алтары і пачаў выконваць сваё служэнне з прыгатавання дароў хлеба і віна для здзяйсненння Эўхарыстыі.

Напрыканцы святой Імшы ксёндз Дзмітрый Пухальскі прачытаў дакумент на лацінскай мове, якім пацвярджаецца ўдзяленне сакрамэнту пасвячэння ў ступені дыяканату, і біскуп Юрый Касабуцкі ўручыў яго новапасвячанаму.

Пасля гэтага дыякан Аляксандр звярнуўся да прысутных, выказаўшы падзяку Богу і бацькам за дары жыцця, веры і паклікання, а таксама біскупу за ўдзеленае пасвячэнне, кіраўніцтву семінарыі за курс фармацыі і святарам, якія яго падтрымлівалі на гэтым шляху. Ён таксама папрасіў усіх прысутных маліцца за яго, каб Бог суправаджаў яго ў распачатым служэнні.

Аляксандр Шыманскі паходзіць з Мінска, мае 34 гады. У 2013 годзе скончыў гістарычны факультэт БДУ, пэўны час вёў працоўную дзейнасць, служыў у войску.

У 2024 скончыў навучанне ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. 17 чэрвеня ў Люблінскім каталіцкім універсітэце (Польшча) абараніў магістарскую працу па гісторыі Касцёла на тэму жыцця і дзейнасці праваслаўнага біскупа святога Георгія Каніскага. Праходзіў душпастырскую практыку пры архікатэдральнай парафіі ў Мінску.

Пяцідзённыя рэкалекцыі перад пасвячэннем кандыдат правёў у кляштары кармэлітаў босых пры санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Гродзенская дыяцэзія).

Абноўлена 04.08.2024 21:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа