Пошук

01.08.2024 13:33   Тэкст: а. Раман Шульц ОР / Фота: Валянціна Аўсяннікава, Таццяна Дуенкава / Catholic.by

З 25 па 28 ліпеня ў парафіі святога Казіміра і святой Ядзвігі ў Магілёве, дзе нясуць служэнне айцы дамінікане, ужо ў чацвёрты раз праходзіў майстар-клас па іканапісу.

На папярэдніх майстэрнях удзельнікі стваралі абразы Маці Божай, Абранніцы Духа Святога, святой каралевы Ядзвігі і святога Дамініка. Сёлета ім было прапанавана ўласнаручна напісаць ікону святога Францішка Асізскага.

Як адзначаюць арганізатары, натоўпу ахвотных не было, бо іканапіс — гэта даволі эксклюзіўная справа. Не ўсе валодаюць дастатковымі мастацкімі здольнасцямі і маюць магчымасць прысвяціць тры дні інтэнсіўнай духоўнай і мастацкай працы, якая патрабуе цярплівасці і вялікіх намаганняў. Больш за тое, матэрыялы выкарыстоўваюцца прафесійныя: дошкі і фарбы з натуральных кампанентаў, якія каштуюць нятанна.

Сёлета, як і ў мінулыя гады, майстар-клас праводзіла вопытная прафесійная мастачка Валянціна Аўсяннікава. Пад яе кіраўніцтвам за напісанне абраза ўзяліся шэсць чалавек, у тым ліку двое 10-гадовых удзельнікаў.

Падчас працы майстэрні адбывалася штодзённая Эўхарыстыя са словам пра святога Францішка і паўгадзінная адарацыя. Пра пражыванне і харчаванне ўдзельнікаў з іншых мясцін паклапаціліся вернікі магілёўскай парафіі, якія таксама наведвалі святліцу святой Ядвігі, дзе працавалі «іканапісцы».

Усе яны ўдзячныя Богу і арганізатарам за гэты творчы час, бо кожная створаная ўласнымі рукамі ікона — асаблівая і непаўторная.

Між тым, арганізатары плануюць праводзіць у Магілёве майстар-клас па іканапісе таксама ў наступным годзе, хоць яшчэ не вызначыліся з тым, які абраз прапануюць стварыць будучым удзельнікам.

Абноўлена 01.08.2024 13:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.