У дзень успаміну святога Альфонса Марыі Лігуоры, які адзначаецца ў Касцёле 1 жніўня, айцец Раман Шульц ОР, дамініканін з Магілёва, рэкамендуе кнігі, якія дапамогуць вернікам паглыбіць духоўнае жыццё.
Перадусім святар нагадвае, што 2024 год быў абвешчаны Папам Францішкам Годам малітвы дзеля падрыхтоўкі да Юбілею Святога 2025 года.
«Напэўна, мы памятаем заклік Папы паглыбіць нашую малітву, і гэтае запрашэнне не засталося без увагі.
Хачу звярнуць увагу на тое, што падчас Ружанцовых кангрэсаў, якія праходзяць у кастрычніку ў Магілёве, дзякуючы руплівасці каталіцкага выдавецтва «Pro Christo» былі перакладзены і выдадзены кнігі, якія ўзбагацяць нашу малітву.
Па-першае, кніга святога Альфонса Марыі Лігуоры „Наведванне Найсвяцейшага Сакрамэнту“, якая дапамагае адкрыць велізарную любоў, якую Бог скіроўвае да чалавека, і якая таксама вучыць нас, як адказваць на гэтую любоў.
Другая кніга, якая складаецца з дзвюх частак, — гэта твор айца Яцка Варанецкага OP, выдатнага знаўцы святога Тамаша Аквінскага пад назвай „Паўната малітвы“. Паколькі 8 жніўня мы ў Касцёле ўспамінаем заснавальніка дамініканаў, святога Дамініка, хачу звярнуць увагу на тое, што ў другой частцы кнігі ёсць раздзел пад назваю „Малітва святых на прыкладзе малітвы святога Дамініка“, а на апошняй старонцы ілюструюцца дзевяць спосабаў яго малітвы.
У нашай парафіі ў Магілёве ў межах катэхезы для дарослых мы чыталі гэтую кнігу і абмяркоўвалі яе змест, дарэчы, з вялікай карысцю для асабістай малітвы.
Заахвочваю вас прачытаць яе ў гэты Год малітвы», — раіць айцец Раман Шульц ОР.