Пошук

09.08.2024 13:58   Фота: кс. Павел Эйсмант / Catholic.by

8 жніўня, калі ў Касцёле адзначаецца ўспамін святога Дамініка, у парафіі Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка ў Ракаве (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Валожынскі дэканат) адзначылі адпустовую ўрачыстасць.

З гэтай нагоды цэлебрацыю святой Імшы ў ракаўскім парафіяльным касцёле ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх перадусім падкрэсліў, што напрыканцы ХІІ і на пачатку ХІІІ стагоддзя, калі распаўсюджваліся розныя небяспечныя рэлігійныя вучэнні, Бог паклікаў святога Дамініка, каб ім супрацьстаяць і абвяшчаць нязменную праўду Божага слова.

Іерарх нагадаў, што ў той час стала папулярным вучэнне катараў.

«Калі хрысціянства вучыць, што Бог стварыў свет добрым, то катары навучаюць аб двух раўназначных прынцыпах стварэння свету: добрым і злым, прычым матэрыальны свет разглядаецца як зло.

Дамінік разумеў небяспеку такога вучэння і звярнуў увагу на неабходнасць рэлігійнай адукацыі. Абнаўленне Касцёла прадугледжвае вяртанне да вытокаў — гэта азначае да Божага слова. Таму неабходна вывучаць Святое Пісанне з мэтай фармаваць нашае жыццё, бо Евангелле — гэта кніга жыцця», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ён заўважыў, што ў наш час маральнага рэлятывізму і вялікай колькасці супярэчлівых ідэй людзі сумняюцца ў існаванні праўды.

«Праз вывучнне Евангелля і настаўніцтва Касцёла мы даведваемся, як хлусня шкодзіць нам і як праўда робіць нас свабоднымі ад граху, які з’яўляецца першапрычынай усялякага зла», — дадаў іерарх, зазначыўшы, што ў сваім служэнні святы Дамінік не абмяжоўваўся толькі абвяшчэннем Божага слова.

«Ён разумеў, што патрэбны яшчэ і добры прыклад. Такая практыка прынесла багаты плён. Узор жыцця святога Дамініка дапамог многім людзям ісці шляхам дасканаласці і моцна паўплываў на грамадства», — сцвердзіў арцыпастыр, нагадаўшы, што ордэн дамініканаў узнік у перыяд вялікага крызісу ў Касцёле.

Паводле арцыбіскупа Кандрусевіча, геній святога Дамініка заключаўся ў тым, што ён заснаваў ордэн, які меў адвагу выйсці з-за зачыненых дзвярэй кляштара на вуліцы, каб ратаваць людзей ад трагедыі дуалістычнай рэлігіі катараў, якая асуджала свет як зло.

«Сучасны свет перажывае глыбокі крызіс рэлігійнага жыцця і духоўнасці. Гэта відаць у сучаснай культуры, што пацвердзіла цырымонія адкрыцця Алімпійскіх гульняў у Парыжы, падчас якой артысты глуміліся з хрысціянскай веры.

Гэта знак краху нашай цывілізацыі і хрысціянскай культуры. Калі чалавек траціць адносіны з Богам, то скатваецца ў бездань», — падкрэсліў іерарх, дадаўшы, што крызіс рэлігійнага жыцця патрабуе пошуку шляху пераадолення прорвы паміж верай і штодзённым жыццём.

На заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заахвоціў вернікаў, каб па прыкладу святога Дамініка глядзелі на свет праз прызму Евангелля, успрымалі яго паводле духоўнай шкалы каштоўнасцяў і такім чынам ішлі «да радасці вечнага шчасця ў небе, дзе прабывае наш нябесны апякун святы Дамінік».

 

Абноўлена 09.08.2024 14:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.