Пошук

14.08.2023 07:27   Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

У суботу 12 жніўня ў парафіі Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка ў Ракаве (Мінска-Магілёўская архідяцэзія, Валожынскі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар святога Дамініка — упершыню без шматгадовага ракаўскага пробашча ксяндза каноніка Дзмітрыя Барылы, які раптоўна адышоў у вечнасць 28 лютага на 49-м годзе жыцця і 24-м годзе святарскага служэння.

Па запрашэнні новага душпастыра парафіі ксяндза Дзмітрыя Чупрына ўзначаліў урачыстасць арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які і раней быў частым госцем у гэтай супольнасці пад Мінскам.

Вернікі розных пакаленняў з радасцю віталі арцыпастыра ў сваёй святыні, дзе заслужаны іерарх узначаліў цэлебрацыю адпустовай святой Імшы.

Разам з ім Эўхарыстыю канцэлебравалі святары з Валожынскага дэканату і з іншых мясцін.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што заснаваны святым Дамнікам Ордэн прапаведнікаў, або дамініканаў, з’яўляецца адной з найбольш вядомых і распаўсюджаных манаскіх супольнасцяў у свеце. Між тым, усё пачыналася вельмі сціпла: святы Дамінік, які жыў на мяжы ХІІ і XIII стагоддзяў, напачатку проста стаў вандроўным прапаведнікам дзеля навяртання альбігойцаў — паслядоўнікаў распаўсюджанага ў той час у Францыі ерэтычнага вучэння, якое не прызнавала боства Хрыста, Яго ўваскрасення, Касцёла і сакрамэнтаў.

«Бог у адпаведны час выбірае адпаведных людзей і ставіць іх у адпаведным месцы. Такім чалавекам быў святы Дамінік, які па Божаму Провіду стаў вандроўным прапаведнікам з мэтай навяртання альбігойцаў», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

«Дамінік добра разумеў, што перамога над ерассю магчыма толькі праз абвяшчэнне Божай праўды, — заўважыў іерарх, — таму слова Vertias, або „Праўда“ стала дэвізам Ордэна дамініканаў, духоўнасць якіх укаранёная ў ружанцовай малітве. Марыя дала Дамініку Ружанец як зброю супраць ерасі. І сапраўды, праз Ружанец Яна дажджом Божай ласкі згасіла полымя ерасі і прывяла шматлікіх людзей да сапраўднай веры», — падкрэсліў арцыбіскуп.

Ён дадаў, што гэта не страціла атуальнасці і ў наш час, калі Божая праўда ўсяляк скажаецца і фальсіфікуецца. «Чалавек сам усталёўвае маральныя нормы з мэтай задаволіць свае часовыя пажаданні, і такім чынам разбураецца духоўны падмурак грамадства», — з горыччу канстатаваў іерарх, заахвоціўшы вернікаў не паддавацца уплыву гэтай згубнай тэндэнцыі.

«Езус называе сваіх вучняў „соллю зямлі і святлом свету“. Такою соллю і святлом быў святы Дамінік. Сёння мы павінны імі быць. Сучасны свет, як паветра, патрабуе солі евангельскай праўды, каб захаваць яго ад маральнага псавання. Патрабуе ён і евангельскага святла, каб вывесці людзей з грахоўнай цемры. Святы Дамінік сваім прыкладам паказвае, што для плённасці апостальскай дзейнасці патрэбныя праўда, добрая тэалагічная і біблійная падрыхтоўка для абвяшчэння Божага слова, а таксама ружанцовая пабожнасць», — сцвердзіў арцыпастыр.

Гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў малітоўным заклікам: «Святы Дамініку, заахвоць нас да гарачай ружанцавай малітвы, адважнага жыцця праўдай веры і глыбокай любові да Езуса Хрыста, каб Ён узбагачаў Касцёл духоўнымі і свецкімі прапаведнікамі вечна жывога і дзейснага Божага слова, якое можа змяніць нас і свет».

Пасля Імшы адбылася Эўхарыстычная працэсія вакол касцёла.

Абноўлена 14.08.2023 07:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.