Пошук

24.10.2018 16:28   Тэкст і фота: Юлія Шэдзько / ave-maria.by

«Тут жыццё набывае асаблівую інтэнсіўнасць і сканцэнтраванасць, нібыта адпадае скурка ад апельсіна, і па душы, як па пальцах, цячэ духмяны сок...».

Так пра пілігрымку ў Сант’яга-дэ-Кампастэла ў цыкле падарожных нататак з Іспаніі піша Юлія Шэдзько, супрацоўніца часопіса Ave Maria.

На сайце часопіса можна сачыць за відэапраектам «#НуМыПайшлі», які Юлія рыхтуе разам з сябрам Змітром, музыкам з Санкт-Пецярбурга, сваім спадарожнікам на шляху святога Якуба.

***

Сем гадоў таму, упершыню прайшоўшы свой невялікі кавалачак іспанскага Шляху святога Якуба (прыблізна 170 км з 800), я, здаецца, назаўжды «захварэла» гэтымі мясцінамі, і таму так радасна было вяртацца туды пасля такога вялікага перапынку.

Шлях святога Якуба, або, як часцей яго называюць, Каміно (па-іспанску Camino de Santiago) — гэта іншая прастора, непаўторная мазаіка ландшафтаў, гарадоў і вёсак, дарог і бездарожжаў, людзей, падзеяў, гісторыі і мясцовых легендаў, дзе любыя дробязі набываюць неацэннае значэнне, а Божыя знакі чытаюцца так яўна, што ігнараваць іх проста немагчыма.

Тут жыццё набывае асаблівую інтэнсіўнасць і сканцэнтраванасць, нібыта адпадае скурка ад апельсіна, і па душы, як па пальцах, цячэ духмяны сок.

Я ўсур’ёз бы задумалася над тым, каб выпраўляць у Каміно людзей, якія пакутуюць, скажам, ад клінічнай дэпрэсіі, гульнявой або інтэрнэт-залежнасці, бо сама дарога там адначасова напойвае яркасцю, амаль датыкальнасцю жыцця, і неверагодным спакоем, размеранасцю і рытмам.

Genius loci, дух месца — гэта адназначна пра Каміно.

Амаль ва ўсіх вялікіх еўрапейскіх гарадах па дарозе час ад часу сустрэнеш знаёмую жоўтую стрэлку, якая паказвае накірунак да Сант’яга: Рым, Парыж, Страсбург, Лондан, нават паўночны Осла.

Ёсць людзі, якія і цяпер, як і сотні гадоў таму, выпраўляюцца ў Каміно ад парога ўласнага дома, і завяршаюць шлях там жа, на сваім парозе. Мы сустракалі пілігрымаў, якія правялі ў дарозе некалькі месяцаў і нават гадоў, прайшлі тысячы кіламетраў пехатою.

Яшчэ Каміно можна пераадолець на роварах або нават на конях — і такое зусім не рэдкасць. У адрозненне ад прывычных нам людных і шумных пілігрымак, Каміно дэ Сант’яга — гэта ціхая дарога.

Навокал тут пануе цішыня: амаль няма машынаў і чалавечага жытла паблізу, калі не лічыць малых вёсачак, жыхары якіх з самага ранку ідуць на працу ў палі і вінаграднікі.

Толькі шумяць дрэвы і травы, і чуваць пералівы званочкаў з далёкага пагорка, дзе пасвяцца каровы і авечкі. І малітва тут ціхая: гучных песень не заспяваеш, трэба берагчы дыханне і сілы, затое так добра ідзецца ў рытме Ружанца або Езусавай малітвы, і самі сабою пад перастук дарожных кійкоў узнікаюць у галаве радкі псальму…

Тут вучышся нікуды не спяшацца, уважліва прыслухоўвацца, вывучаць сябе, бачыць навакольнае, дапамагаць іншым і прымаць дапамогу, давяраць Богу і ў штодзённых рашэннях слухаць Ягоны голас, у тым ліку і праз людзей, якіх Ён ставіць на тваім шляху.

Навошта вывучаць сябе? А ці мы сапраўды сябе ведаем? Пад маскаю таго, кім мы нібыта з’яўляемся — прафесійна, сацыяльна, інтэлектуальна і г.д., — ці можам мы насамрэч убачыць сябе саміх, непаўторных Божых стварэнняў? Да чаго мы імкнемся, у чым нашае пакліканне, які наш шлях да святасці?

Многія ідуць на Каміно менавіта за гэтым, нават не з'яўляючыся хрысціянамі. Яны так і гавораць: «Я іду, каб знайсці адказы на свае пытанні». І сапраўды знаходзяць.

Тут вучышся лёгка аддаваць і з удзячнасцю і разважлівасцю браць. Кожны, хто хоць раз хадзіў у далёкія вандроўкі, ведае: кожныя 100 грамаў за плячыма ператвараюцца ў кілаграм. Лішні груз трэба скінуць, з ім далёка не пройдзеш.

Адно з першых правілаў Каміно: нічога лішняга. Усё, што спатрэбіцца на дарозе, ты атрымаеш. Гэта патрабуе даверу, сапраўднага дзіцячага даверу да Бога, асабліва ад нас, людзей, якія прывыклі разлічваць толькі на сябе і ад усяго перастрахоўвацца. Пры кляштарах і заездах — альберге — пілігрымы пакідаюць тое, што іх абцяжарвае: запасное адзенне, абутак, капелюшы, ежу, гігіенічныя сродкі.

Альберге знутры

Калі боль у нагах або мазалі не даюць ісці далей, з табою тут жа падзеляцца лекамі, гаючаю маззю, бінтамі. Ты лёгка аддаеш тое, што не патрэбна табе, але цяпер неабходна бліжняму. Мы ўсе — пілігрымы, мы ўсе на адным шляху і нясем цяжар адно аднаго, мы ўсе адначасова даем і атрымліваем.

Тут гавораць: Каміно раўняе каралёў і цесляроў. Па адным шляху ідуць побач дырэктар банка, афіцыянтка, прафесар, студэнт. Дарога змывае з цябе ўсё, і ты застаешся сам-насам з сабою, як ёсць.

Шчыра кажучы, не заўсёды гэта прыемна — адкрыць пра сябе праўду, убачыць: вось, я такі, і вось гэтае, хібнае, за што сорамна, што хочацца схаваць і нікому ніколі не паказваць, ува мне, на жаль, ёсць.

Але грэх, духоўную хваробу, трэба лячыць, а не хаваць, і адкрыць і прызнаць у сабе яго прысутнасць — першы крок да выздараўлення. На Каміно слабасці выяўляюцца і выпрабоўваюцца, і ўрок паўтараецца столькі разоў, колькі гэта патрэбна. Але і тое добрае, што ёсць у табе і ў іншых людзях, пачынае ззяць ярчэй, з’яўляюцца новыя сілы, абуджаюцца новыя здольнасці.

Мы ж — не толькі духоўныя, але і цялесныя істоты, а таму шлях вучыць слухаць сябе і ў гэтым таксама. Тут няма куды спяшацца, мэта не толькі ў тым, каб дайсці, але каб прайсці шлях, адчуць яго ўсімі клеткамі цела, усімі куткамі душы, пражыць, прапусціць яго праз сябе.

Сёння не паслухаеш сябе, паспадзяешся на свае сілы і «гераічнасць», пройдзеш адразу 50 кіламетраў — заўтра не ўстанеш на ногі. Крыжы і помнікі на шляху — не рэдкасць, на жаль; жыццёвыя сілы тут — гэта рэсурс, які трэба траціць з розумам і з душою.

Жанчына, якую мы сустрэлі ў адным з альберге амаль на самым пачатку ўласнага Каміно, кіламетраў за 200 да Сант’яга, скрушылася і абуралася, што праз 100 кіламетраў пачнецца масавы турызм і камерцыя: вельмі шмат людзей ідуць за сертыфікатам пілігрыма, кампастэлай, апошнюю сотню (гэта мінімум для таго, каб яе атрымаць), тут нашмат лягчэйшыя дарогі, праз кожныя некалькі кіламетраў бары і кавярні, шумна і тлумна, ездзяць туды-сюды таксоўкі, перавозячы заплечнікі і валізы, і «таксігрымаў», якія пераязджаюць з прыпынку да прыпынку, толькі ставячы штампы ў пілігрымскія пашпарты і фатаграфуючыся па дарозе на фоне горных краявідаў і старажытных капліцаў.

Я ў нечым яе разумею: былі і крамы, і таксоўкі, якія курсіравалі паміж альберге, і шумныя «экскурсанты», і акцыі «тры магніты з ракавінкай — сімвалам Каміно — па кошце двух».

Спачатку гэта сапраўды крыху раздражняе. Але сярод гэтага тлуму пачынаеш заўважаць сапраўднае, ужо прызвычаіўшыся прыглядацца да таго, што адбываецца на Каміно.

...Вось неймаверна прыгожая бабуля за семдзесят крочыць улегцы, з адным кійком, і мружыцца ад шчасця; вось дзяўчына з абматанаю эластычным бінтам нагою голасна радуецца, што змагла адправіць заплечнік наперад і ўсё ж дайсці на сваіх нагах да Сант’яга; вось сямігадовы хлопчык з шырока расплюшчанымі вачыма ад значнасці таго, што яму давялося перажыць за гэтыя сто кіламетраў; вось ідзе пажылая пара, трымаючыся за рукі, як у мядовы месяц.

Усё гэта сапраўднае. Невядома, па якіх шляхах Бог прыходзіць да чалавека, дзе сустракае яго. Тое, што пачалося як турыстычная вандроўка, можа завяршыцца як сапраўдная пілігрымка.

Друкуецца ў скарачэнні. Тэкст цалкам чытайце ТУТ>>

Абноўлена 24.10.2018 16:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця