Пошук

01.10.2024 10:26   Тэкст і фота: удзельнікі пілігрымкі / Catholic.by

З 18 па 25 верасня адбылася аўтобусная пілігрымка Мінск–Рым, падчас якой Вечны горад наведалі пілігрымы з розных куткоў Беларусі пад кіраўніцтвам ксяндза каноніка Юрыя Санько, пробашча сталічнай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы.

У пілігрымцы таксама бралі ўдзел ксёндз Павел Федаровіч МІС і сястра Ліля Казіміровіч OP.

Па дарозе ў Рым удзельнікі пілігрымкі наведалі галоўны Марыйны санктуарый Польшчы ў Чэнстахове, пашпацыравалі па Вене, дзе калісьці вучыўся святы Станіслаў Костка, і памаліліся ў катэдры Санта-Марыя-дэль-Ф’ёрэ ў Фларэнцыі.

У Рыме беларускія пілігрымы ўзялі ўдзел у святой Імшы ў капліцы Маці Божай Чэнстахоўскай у гротах ватыканскай базылікі святога Пятра, дзе маліліся разам з маладымі біскупамі з Беларусі Уладзімірам Гуляем і Андрэем Зноскам, якія ў гэты час акурат бралі ўдзел ў фармацыйным курсе для новапасвячаных іерархаў. У цэлебрацыі Эўхарыстыі ўзяў удзел таксама Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Дзякуючы Божаму Провіду беларускія пілігрымы ва ўспамін святога Мацвея, апостала і евангеліста, маглі маліцца ў Рыме разам з сучаснымі наступнікамі апосталаў, біскупамі Уладзімірам і Андрэем.

Пасля Імшы для ўдзельнікаў пілігрымкі была арганізавана экскурсія па базыліцы святога Пятра, а потым яны мелі магчымасць пешшу прайсціся па вуліцах Рыма ад плошча святога Пятра да Калізея — месца мучаніцкай смерці многіх першых хрысціянаў.

Вяртаючыся з Вечнага горада, беларускія пілігрымы наведалі базыліку святога Антонія ў Падуі і базыліку святога Стэфана Венгерскага ў Будапешце.

З Божай дапамогай усе ўдзельнікі пілігрымкі бяспечна вярнуліся на Радзіму і паехалі ў свае родныя мясціны, каб падзяліцца ўражаннямі ад духоўна насычанай вандроўкі з роднымі і блізкімі.

Абноўлена 01.10.2024 11:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця