Пошук

15.10.2024 12:57   Паводле: Catholicby.pl / Catholic.by

У суботу 12 кастрычніка беларусы-католікі Уроцлава (Польшча) ўзялі ўдзел ў 45-й пешай пілігрымцы да месца пахавання святой Ядзвігі Сілезскай у Трэбніцы.

Як паведамляецца на сайце Душпастырства беларусаў у Польшчы Сatholicby.pl, дэвізам паломніцтва, да якога далучыліся нашы суайчыннікі, сталі словы «Мы — Касцёл».

На заканчэнне пілігрымкі адбылася ўрачыстая святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Гданьскі Тадэвуш Войда SAC, Старшыня Канферэнцыі Епіскапату Польшчы. Эўхарыстыю канцэлебравалі біскупы Уроцлаўскай архідыяцэзіі і вялікая колькасць святароў.

Агульная колькасць пілігрымаў, якія ў гэты дзень прыбылі да рэліквій святой Ядзвігі з розных куткоў Ніжняй Сілезіі, склала каля 9 тыс. чалавек.

Пілігрымы з Уроцлава пешкі пераадолелі шлях амаль у 30 кіламетраў, несучы свае інтэнцыі да святой Ядзвігі. Санктуарый святой Ядзвігі Сілезскай у Трэбніцы, дзе спачываюць яе рэліквіі, — гэта асаблівае месца культу апякункі Уроцлаўскай архідыяцэзіі і ўсёй Сілезіі.

Ядзвіга нарадзілася каля 1174 года ў Баварыі (Германія), выхоўвалася ў кляштары бэнэдыктынак і ва ўзросце 12-і гадоў выйшла замуж за Генрыха І, караля Сілезіі.

Разам з мужам яна пашырала хрысціянства на іх землях, фундавала шпіталі і кляштары.

Яна мужна перанесла смерць сваіх семярых дзяцей, а пасля смерці мужа апошнія гады свайго жыцця правяла ў кляштары цыстэрцыянак, які сама заснавала.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа