Пошук

07.05.2013 11:05  

Май і чэрвень у Каталіцкім Касцёле — гэта месяцы, на якія прыходзіцца пік Першых Камуній. У тым ліку і знешне прыгожае свята патрабуе ўсё ж такі вялікай унутранай падрыхтоўкі як саміх дзяцей, так і іх бацькоў.

Пра асаблівасці дзіцячага ўспрымання гэтай падзеі і як бацькам дапамагчы дзецям належным чынам падрыхтавацца і перажыць Першую Камунію, чытайце ў інтэрв’ю а. Яцэка Прусака SJ, езуіта, псіхатэрапеўта. Гутарку падтрымлівае Марта Бялецкая-Пікуль, кіраўнік Лабараторыі псіхалогіі развіцця дзяцей пры Інстытуце псіхалогіі Ягелонскага ўніверсітэта (Польшча). Матэрыял паводле www.credo-ua.org.

У інтэрв’ю святар адзначае, што асноўнымі грахамі, у якіх спавядаюцца дзеці, з’яўляюцца іх непаслухмянасць бацькам, бойкі з братамі-сёстрамі і змаганні з аднагодкамі. Дзеці прызнаюць, што забыліся прачытаць «Ойча наш» ці «Вітай, Марыя».

Аднак гэта не азначае, што дзіцяці яшчэ рана спавядацца. Гэта толькі кажа пра тое, што «калі маральнае развіццё з’яўляецца адлюстраваннем пазнавальнага, то дзеці яшчэ не могуць зразумець, што такое грэх, а толькі тое, якія паводзіны добрыя, а якія дрэнныя. Яны ведаюць, што нешта ёсць дрэннае, не разумеючы ў тэалагічным сэнсе, чаму гэта так».

Сп. Марта: дзеці добра разумеюць, што такое несправядлівасць. Таму можна будаваць перакананне, што тыя ці іншыя паводзіны — належныя. Толькі б не ствараць гэтага на пачуцці віны.

А. Яцэк: Так, сэнсам споведзі для дзяцей з’яўляецца тое, каб ім станоўча паказваць добрыя вынікі добрага выбару і павышаць адчувальнасць да дрэнных наступстваў дрэннага выбару, не абуджаючы ў іх пачуццё віны і не палохаючы іх Богам. Нельга пераконваць дзіця ў тым, што яно з’яўляецца грэшнікам. Пры першай споведзі трэба не толькі змяншаць іх страх перад вельмі эмацыйным прызнаннем віны, але і даць ім усведамленне, што Езус іх любіць, і Ён імі задаволены.

Сп. Марта: Калі дарослыя размаўляюць з дзіцём пра запаведзі, то ўвядзенне ў свет маральнасці адбываецца правільна. Горш, калі няма зносінаў. Тады дзіця можа мець непатрэбныя перажыванні. Напрыклад, сын маёй калегі вельмі перажываў, што «чыніць распусту», таму што некалькі разоў спаў у ложку стрыечнага брата. Ён зразумеў запаведзь як мог, а растлумачыць яму не было каму. Калі ў рахунуку сумлення напісана: «Не думаў з жаданнем пра нячыстыя справы? Ці не рабіў чагосьці бессаромнага адзін або з кімсьці?» і інш. — Хто растлумачыць 8-гадоваму дзіцяці, пра што ідзе гаворка?

А. Яцэк: Дзеці інакш ставяцца да сваіх целаў, чым моладзь і дарослыя. Парадаксальна, але на пэўныя рэчы (напрыклад, звязаныя з сексуальнасцю) трэба звярнуць увагу толькі для таго, каб дзіця ведала: яго гэта не датычыць.

Сп. Марта: Псіхалогія здаўна ведае, што абяцанне будучых кар спрыяе большай цікавасці да забароненай рэчы, а вялікая ўзнагарода ў будучыні зусім не ўмацоўвае ў пажаданых паводзінах. Як жа быць з ісцінай пра тое, што Бог за дабро ўзнагароджвае, а за зло карае?

А. Яцэк: Пасля апошняга Сабору гэта ісціна ўжо не з’яўляецца зыходным пунктам на занятках катэхізісу. Цяпер больш увагі звяртаецца на фарміраванне ўдумлівага сумлення, чым на запалохванне Богам. Падкрэсліваецца міласэрнасць. Форма пакутнай малітвы «Шкадую за ўсе мае грахі, праз іх я згубіў неба і заслужыў справядлівае пакаранне — пекла» не выклікае даверу да Бога і не фармуе сумленне дзіцяці. Яна гучыць як прысуд грэшніку, а не як Добрая вестка пра тое, што Бог нас любіць.

Сп. Марта: Думаеце, неабходна адмовіцца ад віны як катэгорыі?

А. Яцэк: Не. Дзеці ведаюць, што такое віна, здольныя яе распазнаць у сабе і дарослых. Гаворка ідзе не пра тое, каб ліквідаваць паняцце віны, але каб прызнанне ўчыненага суправаджалася пачуццём прабачэння. Віна як адчуванне, што з’яўляецца пасля неналежнага ўчынку, — абсалютна правільная рэакцыя. А вось узбуджэнне пачуцця віны, хоць бы нехта чагосьці і не рабіў, — гэта непедагагічна, і да таго ж скажае вобраз Бога і сэнс споведзі.

Сп. Марта: Міжчалавечыя адносіны грунтуюцца на ўзаемнай павазе. Яна ніколі не ўзнікае з дапамогай кар. Калі мы спасылаемся на Бога толькі як на таго, хто карае, то фарміруем знешнюю маральнасць, якая рэгулюецца «працэдурай» споведзі. На жаль, менавіта такім чынам робяць нямала дарослых.

А. Яцэк: Запаведзь «любі бліжняга, як самога сябе» нясе вельмі пазітыўны сэнс: ты павінен сябе паважаць, мы — дарослыя — цябе паважаем, і ты таксама павінен паважаць іншых. Дзіцячы ўзрост — гэта такі этап, калі дзіця павінна ўбачыць сэнс гэтага паслання ў канкрэтыцы. Інакш яно вывучыць правілы паводзін як нешта вонкавае і незразумелае. Потым жа, у перыяд паспявання, лёгка адкінуць ад сябе ўсе такія чужыя правілы.

Сп. Марта: Ці здольныя дзеці выконваць умовы добрай споведзі: шкадаваць за грахі, прымаць рашэнне выправіцца?

А. Яцэк: Калі дзіця кажа мне на споведзі, што дрэнна сябе паводзіла, я за пакуту даю заданне зрабіць нешта добрае для бацькоў або сваякоў, лепш сябе паводзіць або памаліцца за сястру ці брата. Пакута не можа быць спецыяльна канкрэтызавана або занадта складанай, каб дзіця пасля не спавядалася з таго, што не змагло выканаць сказанага святаром.

Споведзь — гэта сакрамэнт прымірэння, а не перакрэслівання.

Сп. Марта: А якая ва ўсім гэтым задача бацькоў?

А. Яцэк: Суправаджаць, дапамагаць. Улаўліваць сігналы, ці споведзь не выклікае ў дзіцяці страху. Трэба задумацца, калі дзіця неспакойна перад споведдзю, не хоча ісці ў храм менавіта тады, калі ёсць споведзь.

З майго вопыту, траўмы ў дзяцей з’яўляюцца ў трох сітуацыях. Па-першае, калі дзеці недастаткова добра падрыхтаваны да споведзі, а маюць пачуццё, што павінны паспавядацца з усяго. Па-другое, калі яны наогул рэагуюць страхам, споведзь для іх — стрэс, а падтрымкі няма ні ад бацькоў, ні ад святара ці катэхета. Па-трэцяе, калі сам спавяднік выклікае стрэс сваімі паводзінамі.

З практычнымі парадамі для бацькоў і дзяцей можна азнаёміцца таксама ў матэрыяле «Першая святая Камунія. Як падрыхтавацца дзецям і бацькам?».

(SZh)

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.