Пошук

26.04.2024 13:30   Паводле: КАІ / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: Anna Wiśnicka / Niedziela.pl

Чатыры біскупы Пастаяннай рады Канферэнцыі Біскупаў Германіі вырашылі не ўдзельнічаць у галасаванні па заснаванні Сінадальнага камітэта, што, у сваю чаргу, прывядзе да стварэння сінадальнай рады — пастаяннага органа біскупаў і свецкіх, які будзе кіраваць Касцёлам у Германіі.

Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, перад стварэннем сінадальнай рады Святы Пасад выразна папярэджваў, што яна не адпавядае сакрамэнтальнай інстытуцыі Касцёла.

Чатыры іерархі, біскуп Грэгар Марыя Ханкэ OSB з Айхштэта, Стэфан Остэр SDB з Пасау, кардынал Райнэр Марыя Вёлькі з Кёльна і Рудольф Вадэрхольцэр з Рэгенсбурга паведамілі ў супольнай заяве, зробленай 24 красавіка, што жадаюць працягваць шлях да больш сінадальнага Касцёла ў гармоніі з паўсюдным Касцёлам.

Згаданыя іерархі хочуць дачакацца заканчэння Пленарнай асамблеі Сіноду Біскупаў, другая сесія якой пройдзе ў кастрычніку ў Рыме. У папярэджаннях Ватыкана супраць «сінадальнага шляху» ў Германіі неаднаразова адзначалася, што «сінадальная рада», прадугледжаная і акрэсленая ў пастанове нямецкага «сінадальнага шляху», не адпавядае сакрамэнтальнай інстытуцыі Касцёла.

Чатыры біскупы заявілі, што не жадаюць удзельнічаць у Сінадальным камітэце, мэтай якога з’яўляецца стварэнне сінадальнай рады.

Яны таксама не падзяляюць юрыдычнага меркавання адносна таго, што Канферэнцыя Біскупаў Германіі (DBK) з’яўляецца органам, адказным за Сінадальны камітэт, хоць чацвёра яго членаў не падтрымліваюць яго стварэнне.

На пасяджэнні на пачатку гэтага тыдня Пастаянная рада Канферэнцыі Біскупаў Германіі прыняла статут Сінадальнага камітэта — за выключэннем біскупаў Айхштэта, Кёльна, Пасау і Рэгенсбурга, якія не прымалі ўдзелу ў галасаванні. Сінадальны камітэт павінен падрыхтаваць стварэнне «сінадальнай рады», забароненай Святым Пасадам, якую будуць сумесна фінансаваць 23 нямецкія дыяцэзіі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця