Пошук

12.03.2013 17:40  

Кім з’яўляецца Папа?

Папа з’яўляецца главою Рыма-каталіцкага Касцёла і ўсходніх Каталіцкіх Касцёлаў. Годнасць Папы з’яўляецца пажыццёвай, аднак ёсць магчымасць дабравольна ад яе адрачыся, як гэта было ў выпадку з Бэнэдыктам XVI, які 28 лютага гэтага года адмовіўся ад Пасады св. Пятра. Пасля смерці або адмаўлення Папы склікаецца канклаў — сход кардыналаў святога Рымскага Касцёла для абрання новага Папы.

Слова «Папа» азначае Біскуп Рыма, які з’яўляецца найвышэйшым кіраўніком Каталіцкага Касцёла. Кожны абраны Папа як біскуп з’яўляецца наступнікам святога Пятра. Яму падпарадкоўваецца духавенства ўсяго каталіцкага свету. Папа з’яўляецца пасланнікам самога Бога і валодае найвышэйшай уладай ва ўсім Касцёле. Яна носіць назву прымату — першынства ва ўсім. Валоданне Папам гэтай уладай асноўваецца на біблійных падставах.


Біблійныя падставы ўлады Біскупа Рыма

Біскупы Рыма абаперлі сваё першынство на апостальскай пераемнасці. Яны сцвярджаюць, што першым Біскупам Рыма быў апостал Пётр, які павінен быў памерці як мучанік. Пётр быў вучнем Езуса, ад якога атрымаў асаблівую ўладу. Гэтай дактрыне асабліва супрацівіліся патрыярхі і біскупы грэчаскія, якія прымалі толькі ганаровае першынства Біскупа Рыма. Спрэчка пра першынства Біскупаў Рыма прывяла ў 1054 годзе да падзелу хрысціянства на каталіцызм і праваслаўе.

Як біблійныя доказы асаблівай пазіцыі Біскупа Рыма каталіцкія тэолагі прыводзяць наступныя тэксты:

Евангелле паводле Мацвея (Мц 16, 18–19)

Я кажу табе, што ты — Пётр скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. Я дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе».

Евангелле паводле Лукі (Лк 22, 31–32)

Сымоне, Сымоне, вось сатана дамагаўся прасеяць вас, як пшаніцу, але Я папрасіў за цябе, каб не знікла твая вера. І ты, калі вернешся, умацуй братоў сваіх».

Евангелле паводле Яна (Ян 21, 15–17)

Калі ж яны паснедалі, Езус сказаў Сымону Пятру: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны?» Той адказаў Яму: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі ягнят Маіх». Зноў сказаў яму другі раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Ён адказаў: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус сказаў яму: «Пасі авечак Маіх». І сказаў яму трэці раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў яго: «Ці любіш ты Мяне?», і сказаў: «Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус сказаў яму: «Пасі авечак Маіх».


Улада Папы

Наступнік святога Пятра павінен умела кіраваць Касцёлам, каб ён штораз больш яднаўся ў праўдзе і любові. Клапоцячыся пра ўвесь Касцёл, Біскуп Рыма мае заданне дапамагаць усім, хто належыць да народу Божага ў крочанні да вечнага збаўлення. Праз сваю паслугу Папа дапамагае захоўваць праўду Божую ад скажэння.

У Каталіцкім Касцёле ўлада Папы мае выключны характар. Словамі канстытуцыі «Pastor aeternus» 1870 года яе можна акрэсліць наступным чынам: «найвышэйшая і поўная ўлада юрысдыкцыі над паўсюдным Касцёлам аднолькава як у справах веры і маральнасці, так і ў справах дысцыпліны і кіравання», а таксама ўлада «праўдзіва біскупская, звычайная і непасрэдная над кожным без выключэння Касцёлам і над кожным без выключэння святаром і вернікам, незалежна ад якой-небудзь чалавечай улады» (Кан. 218, № 1–2). Навучанне Папы з’яўляецца беспамылковым толькі ў сферы веры і маральнасці. Сваю ўладу Папа здзяйсняе праз пасрэдніцтва Рымскай Курыі, якая мае права на вырашэнне асабліва складаных спраў.

Прывілеем Папы з’яўляецца скліканне Паўсюднага Сабору. Гэта сход усіх біскупаў, які ўзначальвае Папа і які зацвярджае рашэнні Паўсюднага Сабору.

Біскупы ў еднасці з Папам утвараюць Настаўніцкі Інстытут Касцёла, мэта якога заключаецца ў бездакорным пераказванні Евангелля і захаванні без скажэння даручанай Касцёлу веры.

Папу служыць таксама найвышэйшая судовая ўлада. Яна разглядае спрэчкі, якія датычаць сапраўднасці сужэнства, манаскіх абяцанняў ці права на навучанне каталіцкай тэалогіі ў школах.


Тытулы Папы

Сярод афіцыйных тытулаў Папы ўжываюцца: Біскуп Рыма, Намеснік Езуса Хрыста, Наступнік Князя Апосталаў, Найвышэйшы Першасвятар Сусветнага Касцёла, Патрыярх Захаду, Прымас Італіі, Арцыбіскуп Мітрапаліт Рымскай правінцыі, Манарх Дзяржавы Горада Ватыкана, Слуга слугаў Божых.

Вышэйадзначаныя тытулы адлюстроўваюць у пэўнай ступені неаднароднасць значэння і сфераў дзейнасці Папы. У некаторых папскіх дакументах выступаюць усе ўзгаданыя тытулы. Звычайна, аднак, пад подпісам Папы знаходзіцца тытул, які ўжываецца да адпаведнага зместу дакумента. Так, калі дакумент датычыць толькі тэрыторыі Ватыкана, то Папа падпісваецца як Манарх Дзяржавы Горада Ватыкана. Калі ж змест дакумента датычыць справы веры і маральнасці, Папа падпісваецца як Намеснік Езуса Хрыста.


Сімвалы папскай улады

  • Пастарал — папскі посах, сімвал Наступніка святога Пятра, які чувае над аўчарняй.
  • Піуска — маленькая круглая шапачка белага колеру, якую Папа накладае на сярэдзіну галавы.
  • Палій з’яўляецца сімвалам папскай апостальскай улады, які надзяваюць на арнат падчас цэлебрацыі літургіі. Палій уяўляе сабою стужку з беленай воўны ягнятаў, благаслаўлёных Папам у дзень святой Агнешкі, які звычайна прыпадае на 21 студзеня.
  • Папа мае таксама персцень Рыбака. На ім прадстаўлены святы Пётр, які закідвае сеці, а вакол гэтай выявы выгравіравана імя Папы. Папа атрымлівае персцень Рыбака ад дэкана Калегіі кардыналаў падчас урачыстай святой Імшы, якою распачынаецца Пантыфікат. Пасля пацвярджэння смерці кіруючага Папы або яго адмаўлення ад пасады ў прысутнасці трох іншых кардыналаў папскі кардынал камерленга ламае персцень. Гэта знак таго, што дадзены Пантыфікат дасягнуў канца.
  • Папа адзіны, хто па-за літургіяй носіць белую сутану, белы пас з вышытым гербам.

Апрацаваў на аснове інтэрнэт-старонак кс. Юрый Марціновіч

(VGr)

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця