Пошук

03.11.2012 10:33  

У разважаннях пра ролю бацькі ў сям’і нельга абысці чацвёртую Божую запаведзь. Шануй бацьку і маці… Бог даў нам праз Майсея 10 запаведзяў. Першыя тры з іх датычаць адносінаў з самім Створцам, а другая частка пачынаецца з адносінаў у сям’і.

Часта мы абмяжоўваемся тым, што прымаем гэтыя словы літаральна. Любім сваіх бацькоў, паважаем, молімся за іх і гэтаму вучыць нашых дзяцей. Часта так бывае, што мы прад’яўляем прэтэнзіі да сваіх бацькоў: ты мне ў дзяцінстве не даў…, не так адносіўся, чаго умешваешся ў маё жыццё, мне ўжо 20, 30, 50… Так, бацькі не павінны ўмешвацца ў дарослае жыццё дзяцей. Мудрыя бацькі дазваляюць дзіцяці пасталець і стаць самастойнымі. Замест прэтэнзій да сваіх бацькоў варта падумаць, за што мы павінны ім быць удзячнымі (а гэта наш хрысціянскі доўг!).

У мінулай частцы мы з вамі разважалі пра тое, што кажа Біблія аб ролі бацькі ў сям’і. Цяпер паглядзім, што кажа навучанне Касцёла. Так, напрыклад, у апостальскім звароце папы Яна Паўла ІІ «Familiaris consortio» (пра задачы хрысціянскай сям’і) вылучаюцца наступныя функцыі бацькі:

  • адказнасць за жыццё зачатага дзіцяці;
  • клапатлівае выкананне разам з жонкаю абавязкаў па выхаванні патомства;
  • праца для забеспячэння дабрабыту (пры ўмове, што гэтая праца дапамагае будаваць узаемаадносіны ў сям’і, служыць сям’і, а не разбурае яе);
  • мужчына-бацька павінен даваць сведчанне сталага хрысціянскага жыцця.

Мы бачым, што бацькоўства страціла свой сэнс і значэнне ў сучасным свеце. Што можна зрабіць сёння, каб вярнуць усё на свае месцы? Усё, напэўна, не атрымаецца, але хоць штосьці паспрабаваць можна.

  • Размаўляйце са сваімі дзецьмі. Не проста пра школу, вучобу, працу. Больш пра тое, што падабаецца вашаму дзіцяці, што яно адчувае, пра што марыць і г.д.
  • Падтрымлівайце дзяцей. Навучыце дзяцей любіць сваё цела. Кажыце ім, што яны падабаюцца вам такімі, якімі яны ёсць. Асабліва дзяўчынкам. Часта дзеці пасля трох гадоў самі задаюць пытанні на гэтую тэму: а я прыгожы? я хутка бегаю? глядзі, як я магу!.. Хваліце дзяцей у гэтыя моманты.
  • Прымайце ўдзел у іх асабістым жыцці. Вы павінны ведаць, хто такая Марына з паралельнага класа і чаму ваша дачка адмаўляецца сябраваць з Максімам з суседняга пад’езда. Што датычыць выхавання дзяўчынак, то было б цудоўна, каб за парадай яна прыйшла менавіта да бацькі. А каб гэта сталася, знайдзіце час, калі ў маленькага дзіцяці захварэе мядзведзік, забінтаваць яму галаву і зрабіць укол. Паверце, дзіця навучыцца вам давяраць і прыйдзе да вас за парадай і ў дарослым жыцці.
  • Знайдзіце агульнае хобі.
  • Вучыцеся ў іншых бацькоў.
  • Інтэнсіўна праводзьце час з дзіцём. Не проста будзьце побач, а займайцеся ім. Гуляйце, хадзіце ў паходы, абдымайце, малышоў бярыце на рукі. Калі вашаму дзіцяці ад 3 да 7 гадоў, то вы яго яшчэ абдымеце, пацалуеце, а воць у падлеткавым узросце ён ужо засаромеецца. Тады дастаткова пахлопаць па плячу. Вазьміце сабе за звычку благаслаўляць сваіх дзяцей. Увечары, перад сном паглядзіце дзіцяці ў вочы з любоўю, зрабіць на лобіку знак крыжа і пацалуйце. Гэта той мінімум, які яму неабходны.

У наш час мы забылі, што значыць быць мужчынам і жанчынай. Мужчына павінен быць апорай для жонкі і дзяцей. Павінен забяспечваць пачуццё бяспекі і матэрыяльнага дабрабыту. Менавіта бацька павінен вучыць дзяцей разумець свет, цаніць і шанаваць іх маці. Жанчына — гэта маці, яна надзелена такімі якасцямі, як пяшчота, назіральнасць у адносінах да дробязяў, яна любіць самую розную працу (гатуе, прыбірае, глядзіць за дзецьмі).

Мужчына і жанчына па-рознаму памятаюць адны і тыя ж падзеі. У мужчыны ёсць логіка, таму ён добра ўсё плануе. Жанчына, дзякуючы інтуіцыі, добра ўсё прадчувае. Таму, калі плача немаўля, яна ведае, што яму трэба, а мужчыну трэба растлумачыць.

Адрозненні паміж мужчынам і жанчынай мы заўважаем з ранняга ўзросту. Напрыклад, хлопчык і дзяўчынка прыйшлі са школы. На пытанне, як прайшоў дзень, мы пачуем розныя адказы. Хлопчык скажа: нармальна. Дзяўчынка раскажа ўсё, што бачыла па дарозе ў школу, хто ў што быў апрануты і г.д. Мужчына хоча быць кімсьці, а жанчына — кімсьці для кагосьці. Розніца паміж мужчынам і жонкаю — асобная тэма, і яе можна крыху для сябе прасвятліць, прачытаўшы кнігу Джона Грэя «Мужчыны з Марса, жанчыны з Венеры».

Кажучы пра мужчынскую логіку, варта адзначыць, што мужчына павінен правільна расставіць для сябе жыццёвыя прыярытэты і каштоўнасці:

  1. Хрыстус
  2. жонка
  3. дзеці
  4. праца
  5. іншае…

 

Біблія кажа, што ў мужа главою павінен быць Хрыстус; муж — глава жонкі; муж павінен любіць жонку, як Хрыстус Касцёл; дзеці павінны быць паслухмянымі бацькам; бацькі не павінны раздражняць дзяцей (пар. 1Кар 11, 3; Эф 5, 25; Эф 5, 28; Клс 3, 20; Эф 6, 4; Клс 3, 21).

Падрыхтаваў Аляксандр Ніканчук

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця