Дарагія падарожнікі і тыя, хто збіраецца ў адпачынак,
наведваючы з душпастырскай паслугай парафію за парафіяй, я міжволі станаўлюся сведкам перамен, якія адбываюцца з навакольнай прыродай.
Змяняецца пара года, а з ёй праца і заняткі, якія выконвае чалавек.
Сузіраць і аналізаваць
Знаходзячыся ў дарозе, я сузіраю прыгажосць нашай краіны. Пагоркі і палі, лясы і азёры, вёскі і гарады... «Мой родны кут, як ты мне мілы». Бог стварыў гэты прыгожы свет і даў чалавеку, каб ён яго ўдасканальваў і бярог.
Чалавек. Размаўляю з механізатарам, які працуе на полі і спыніўся адпачыць ля дарогі. Пачуў столькі горычы і незадавальнення — здзіўляюся, але разумею, чаму сённяшняя скібка хлеба бывае такой горкай.
Еду далей і спыняюся ля возера. Дзе, як не тут, у зацішку каля вады, можна адпачыць і сабрацца з думкамі. Рыбакі. Цянёк. Прыслухаўся і зразумеў: тут — тое самае...
Размаўлялі яны пра непаслухмяных дзяцей, пра моладзь, якая сёння «не такая». Пытаю, ці клюе? У адказ — незадавальненне. А ўчора клявала? «Даўно ўжо няма сэнсу тут сядзець», — адказваюць.
Разумею, што мае суразмоўцы частыя госці на гэтым месцы. А значыць, дзеці іх мала бачаць, ды й жонкам, атрымліваецца, падтрымкі ніякай.
Прыпавесць
У шпітальным пакоі знаходзіліся два цяжкахворыя мужчыны. Абодва трапілі туды пасля аўтамабільных аварый. Адзін з іх ляжаў ля вакна, а другі — каля сцяны.
Не будучы ў стане ўстаць з ложка, апошні прасіў суседа распавесці, што адбываецца за вакном. Той распавядаў пра ўсё, што бачыў. Пра маладых мам, якія гулялі ў парку са сваімі дзецьмі, а дзеці кармілі з рук вавёрку. Пра вайсковы парад, тэхніку і салдат, якія зладжана маршыравалі ў такт.
Кожны дзень — новыя карцінкі і новы аповед... Дні міналі вельмі хутка, а дзякуючы такім расказам здароўе паляпшалася. Неўзабаве чалавека, які ляжаў ля вакна, выпісалі.
Мужчына, які застаўся, папрасіў перанесці яго на ложак, які вызваліўся, каб самому сузіраць далячынь. Ён зірнуў у вакно і аслупянеў. Адразу за шыбай яго зрок упёрся ў высокі мур, з-за якога амаль нічога не было відаць. Усё, што ён мог бачыць, быў самотны крыж касцёльнай вежы дзесьці ўдалечыні...
Пане Езу, учыні, каб свет, які я назіраю праз маё вакно, быў пазначаны Тваёю любоўю, якую Ты пакінуў дзеля мяне на дрэве Крыжа.
Дай сілы і мужнасці крочыць за Табой да перамогі над цяжкасцямі штодзённага жыцця. Дазволь мне, Пане, быць адлюстраваннем Божага свету для тых, хто назірае за мной праз сваё вакно — быць гожым Божым святлом.